КРАНІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...логія),

раздзел анатоміі чалавека і жывёл, які вывучае індывідуальныя і групавыя варыяцыі памераў, формы чэрапа і яго асобных частак. У антрапалагічных даследаваннях матэрыялы К. выкарыстоўваюць пры вывучэнні этапаў фіз. эвалюцыі, шляхоў фарміравання расавых тыпаў чалавека, высвятлення этнагенезу розных плямён і народаў. Краніялагічнымі даследаваннямі займаюцца краніяметрыя (метады вымярэнняў), краніяскапія (апісанне асаблівасцей і дэталей будовы чэрапа), краніяграфія (атрыманне замалёвак формы чэрапа ў розных праекцыях з дапамогай спец. прылад). Антраполагі рэканструююць твар па чэрапе паводле методыкі М.М.Герасімава. Краніялагічнае вывучэнне стараж. ўсх.-слав. насельніцтва пачаў А.П.Багданаў, працягвалі В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, В.П.Аляксееў і інш. У Беларусі калекцыі краніялагічных матэрыялаў са стараж. пахаванняў пачалі стварацца ў 2-й пал. 19 ст. Частка іх захоўваецца ў НДІ і Музеі антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це (160 чарапоў), у Віленскім (67 экз.) і Кракаўскім (81 экз.) ун-тах. Матэрыялы з раскопак А.М.Ляўданскага і І.А.Сербава ў 1920-я г. стварылі першую краніялагічную калекцыю АН БССР (100 экз. знішчана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў пасляваен. гады, у калекцыі больш за 300 экз.). Краніялаг. даследаванні ў сувязі з пытаннямі этнагенезу беларусаў праводзяць супрацоўнікі ІМЭФ Нац. АН Беларусі І.І.Салівон, А.І.Кушнір, І.У.Чаквін.

А.І.Кушнір, І.І.Салівон.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.

А.А.Скарына.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

тэорыя, метады і сродкі вымярэнняў магн. велічынь. Вымяраюцца вектар магнітнай індукцыі, магнітны паток, напружанасць, градыент і інш. параметры магнітнага поля (магнітометрамі) і магн. ўласцівасці (характарыстыкі, параметры) магнітных матэрыялаў (спец. ўстаноўкамі, якія маюць вымяральныя блокі, прыстасаванні для намагнічвання і размагнічвання вырабаў, тэрмакамеры і інш.).

Пры вымярэнні і даследаванні ўласцівасцей магн. матэрыялаў і параметраў магн. поля найб. пашыраны метады: індукцыйны (засн. на вымярэнні эрс, якая ўзбуджаецца ў другаснай — вымяральнай абмотцы ўзору пры прапусканні праз першасную абмотку намагнічвальнага току), магнітастатычны (засн. на вымярэнні сілавога ўздзеяння магн. поля ўзору, што вывучаецца, на магн. стрэлку), каларыметрычны (засн. на вымярэнні цеплавой энергіі, што вылучаецца ўзорам пры яго намагнічванні ў камеры каларыметра), магнітааптычныя (засн на магнітааптычных эфектах — Кера эфекце, Фарадэя эфекце), параметрычныя, або маставыя (засн. на выкарыстанні мастоў пераменнага току, у адно з плячэй якіх уключаюць абмотку, што намагнічвае ўзор), холаўскі (засн. на вымярэнні параметраў магн. поля з дапамогай пераўтваральнікаў Хола). Пры даследаванні гонкай магн. структуры рэчываў выкарыстоўваюць метады ядзернага магнітнага рэзанансу, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ферамагнітнага рэзанансу і інш.

Літ.:

Чечерников В.И. Магнитные измерения. 2 изд. М., 1969;

Антонов В.Г., Петров Л.М., Щелкин А.П. Средства измерений магнитных параметров материалов. Л., 1986.

М.А.Мяльгуй.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.В.Філіпава.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,

выдавецтва Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку. Засн. ў крас. 1951 у Мінску як Дзярж. вучэбна-пед. выд-ва Мін-ва культуры Беларусі. З 1963 сучасная назва. Выпускае падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і дыдактычныя выданні для агульнаадук. школы, навук.-папулярную і даведачную л-ру, вучэбна-метадычныя комплексы. Забяспечвае вучэбнай л-рай спец. агульнаадук. школы для дзяцей з затрымкай фіз. развіцця і інш. недахопамі і парушэннямі (ілюстраваныя каляровыя падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі). Стварае вучэбна-метадычныя комплексы: падручнік — вучэбны дапаможнік — метадычныя ўказанні да іх — дыдактычныя матэрыялы — наглядныя дапаможнікі. «Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў», «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры», «Бібліятэка настаўніка рускай мовы», «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дапамагалі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэт. узроўні. Выдала шмат навук.-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях «Школьнікам аб гісторыі Беларусі», «Народныя пісьменнікі Беларусі», «Наша прырода», «Вучням аб прафесіях», а таксама фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, І.Шамякіна і інш., творы М.Гогаля, М.Горкага, Л.Талстога, працы класікаў пед. навукі. Больш за 10 гадоў выходзіла серыя «Бацькам пра дзяцей», надрукавана шмат выданняў па дашкольным выхаванні. У 1977 «Буквар» для нац. школы А.К.Клышкі атрымаў залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы.

І.М.Лапцёнак.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.Р.Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),

наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.

Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).
Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),

шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.

Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.

На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).

Э.А.Вальчук.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,

адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл. Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл. Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, В, С...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл. Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл. Логіка класаў).

Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст. ісп. філосаф Р.Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш. Рас. вучоны П.С.Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.Расела і А.Н.Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.Лукасевіч, А.Гейцінг, А.М.Калмагораў, В.І.Шастакоў, С.К.Кліні, А.А.Маркаў і інш.).

Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл. Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.

Літ.:

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1975;

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. Л., 1990.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)