ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),

гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр. перыяд. сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.

Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (C=C) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі C—X (X — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́СКІ САЮЗ, Першы афінскі марскі саюз,

аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў узбярэжжа і а-воў Эгейскага м. Створаны каля 478 да н.э. пад гегемоніяй Афін. Узнік у перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. для барацьбы супраць перс. Ахеменідаў дзяржавы. Сходы саюза праходзілі на в-ве Дэлас (адсюль назва) у свяцілішчы Апалона, дзе да 454 да н.э. захоўвалася саюзная казна. Фармальна гэта быў саюз незалежных і раўнапраўных полісаў, але яго справы фактычна вялі афіняне. Паступова Д.с. ператварыўся ў Афінскую марскую дзяржаву. У эпоху росквіту ў яго ўваходзіла да 200 гарадоў. Спробы саюзнікаў выйсці з-пад афінскай апекі жорстка караліся. У Пелапанескую вайну 431—404 да н.э. пачаўся распад Д.с., у 404 пасля паражэння ў вайне па патрабаванні спартанцаў і іх саюзнікаў саюз распушчаны. Адноўлены ў 378—377 да н.э. як Другі афінскі марскі саюз.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.​Папроцкі (да 1788) і К.​Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.​Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.​Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.​Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,

інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ САВЕ́ЦКАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ 1919,

першая Канстытуцыя БССР. Прынята 3.2.1919 на I Усебел. з’ездзе Саветаў. Створана на ўзор Канстытуцыі РСФСР 1918. Складалася з Дэкларацыі правоў прац. і эксплуатуемага народа і 3 раздзелаў. Замацавала афіц. назву дзяржавы — Сацыяліст. Сав. Рэспубліка Беларусі (ССРБ), абвясціла яе рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Вызначыла асн. задачы дзяржавы — устанаўленне дыктатуры пралетарыяту, падаўленне супраціўлення звергнутых класаў, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, пабудова сацыялізму. Адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і інш. сродкі вытв-сці, якія абвяшчаліся нац. здабыткам. Замацоўвала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвяшчала дэмакр. свабоды — сумлення, выказвання поглядаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў, саюзаў. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян. Уводзіўся ўсеагульны воінскі абавязак. Вышэйшым органам дзярж. улады абвяшчаўся з’езд Саветаў Беларусі, у перыяд паміж з’ездамі паўната ўлады належала Цэнтр. Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). Трэці раздзел прысвячаўся дзярж. сімвалам рэспублікі.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБЛА́НКСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

нарада прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля і вышэйшых ваен. кіраўнікоў абедзвюх краін па распрацоўцы сумеснай палітыкі і стратэгіі ў ходзе 2-й сусв. вайны. Адбылася 14—24.1.1943 у г. Касабланка (Марока). Абмеркаваны перспектывы ваен. аперацый саюзнікаў на 1943, дасягнута дамоўленасць пра высадку саюзных войск у Сіцыліі з наступным развіццём баявых дзеянняў супраць фаш. Італіі (пасля завяршэння кампаніі ў Паўн. Афрыцы), прыняты план сумесных ваен. аперацый у Паўн. Бірме (прадугледжваў выгнанне яп. войск з Рангуна), разгледжаны пытанні аб франц. калан. адміністрацыі ў Паўн. Афрыцы (абмяркоўваліся пры ўдзеле запрошаных франц. генералаў Ш. дэ Голя і А.​Жыро), аб пазіцыі Турцыі ў вайне, аб лёсе калоній у пасляваен. перыяд і інш. На выніковай прэс-канферэнцыі 24.1.1943 Рузвельт падкрэсліў, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі, Італіі і Японіі да іх безагаворачнай капітуляцыі.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКІН (Мікалай Аляксеевіч) (25.12.1859, Масква — 17.12.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1903). Нар. маст. Рэспублікі (1923). Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—83) у В.​Пярова, выкладаў там у 1894—1917. Член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1891), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). У ранні перыяд ствараў познаперасоўніцкія жанравыя карціны («Саперніцы», 1890; «Паклёп», 1893). Адзін з першых звярнуўся да тэмы побыту і працы рус. рабочых: «Шахцёрка», «Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце» (абедзве 1894), «Вуглякопы. Змена» (1895) і інш. Аўтар работ, прысвечаных рэв. 1905—07: «Рабочы-баявік» (1905), «Атака завода работніцамі» (1906). Пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы, імкнуўся да стварэння вобраза сав. чалавека: «За вучобу. Піянерка з кнігамі» (1926), «Селькорка» (1927).

Літ.:

Серова Г.Н. А.​Касаткин. Л., 1970.

М.Касаткін. Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце. 1894.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІ́МАДА ((Quasimodo) Сальваторэ) (20.8.1901, г. Сіракузы, Італія — 14.6.1968),

італьянскі паэт. Вучыўся ў Рымскім політэхн. ін-це. З 1941 праф. Міланскай кансерваторыі імя Дж.​Вердзі. У 1930-я г. далучыўся да герметызму з яго матывамі тугі і адзіноты (зб-кі «Вада і зямля», 1930; «Патанулы габой», 1932; «Эрата і Апаліён», 1936; «Вершы», 1938). У перыяд антыфаш. Супраціўлення звярнуўся да сац. рэчаіснасці (зб-кі «І надышоў вечар», 1942; «Дзень за днём», 1947). У пасляваен. творчасці пераважаюць грамадз. і патрыят. тэмы, вера ў народ (зб-кі «Жыццё не сон», 1949; «Фальшывая і сапраўдная зеляніна», 1954; «Непараўнальная зямля», 1958; «Даваць і мець», 1966). Аўтар зборнікаў публіцыстыкі, эсэ, перакладаў з грэч. мовы Сафокла, Эсхіла, Авідзія. Нобелеўская прэмія 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Моя страна — Италия. М., 1961;

Избр. лирика. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

С.Квазімада.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.

Тв.:

Одиннадцатый класс. М., 1967;

Тревога. Мн., 1984;

Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)