царкоўна-адм. адзінка каталіцкай царквы ў 18—20 ст. Створана паводле ўказа рас. імператрыцы Кацярыны II у 1773 як Беларуская рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія, біскупства) з цэнтрам у Магілёве, уключала тэрыторыі, далучаныя да Рас. імперыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай; першы епіскап — С.Богуш-Сестранцэвіч. Указам ад 17.1.1782 пераўтворана ў Магілёўскую архіепархію, што пацверджана найвысачэйшай граматай ад 11.11.1783. У канцы 1797 Яе архіепіскап пераехаў у Пецярбург, узначальваў сталічную рымска-каталіцкую духоўную калегію (засн. ў 1801) і з’яўляўся мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Рас. імперыі. У 1883 Магілёўскай архіепархіі падпарадкаваны касцёлы б. Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 1920-я г. ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай сав. улад дзейнасць архіепархіі фактычна спынілася. У 1991 утворана Мінска-Магілёўская архіепархія з кафедрамі ў Мінску і Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫ,
старажытны горад-дзяржава ў 3—2-м тыс. да н.э. на сярэднім Еўфраце (цяпер узгорак Тэль-Харыры, Сірыя). Узнік у пач. 3-га тыс. да н.э. Першапачаткова быў населены хурытамі, пазней семітамі. Буйны цэнтр гандлю (пасрэднік паміж Месапатаміяй і дзяржавамі Міжземнамор’я і М. Азіі) і рамяства (вырабы з бронзы, ткацтва). Да 25 ст. да н.э. ваяваў з шумерскімі гарадамі. У 24—23 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы з цэнтрам у г.Акад, у 22—21 ст. да н.э. — дзяржавы III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. самастойны, у пач. 18 ст. да н.э. пад уладай Асірыі. У 1758 да н.э. зруйнаваны вавілонскім царом Хамурапі. Раскопкамі (вядуцца з 1933) выяўлены палац 18 ст. да н.э., храм багіні Іштар, асобныя гар. кварталы, дзярж. архіў клінапісных дакументаў (больш за 20 тыс. таблічак) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭМА МЕР, дзесятковая сістэма мер,
сукупнасць адзінак фізічных велічынь, у аснову якой пакладзена адзінка даўжыні — метр. Распрацавана ў канцы 18 ст. ў Францыі з мэтай уніфікацыі вымярэнняў і сістэматызацыі адзінак розных фіз. велічынь. Памеры, найменні і вызначэнні адзінак, якія ўваходзілі ў М.с.м., выбраны так, каб яны мелі інтэрнац. характар і маглі быць прыняты ўсімі краінамі.
Першапачаткова ў М.с.м., акрамя метра, уваходзілі адзінкі: плошчы — квадратны метр, аб’ёму — кубічны метр, масы — кілаграм (маса 1 дм вады пры 4 °C), а таксама ўмяшчальнасці — літр, плошчы зямельных дзялянак — ар, масы — тона. Важнай адметнай асаблівасцю М.с.м. з’яўляецца спосаб утварэння дзесятковых кратных адзінак і дольных адзінак. Міжнар. характар М.с.м. пацверджаны Метрычнай канвенцыяй 1875, якую падпісалі 17 дзяржаў (у т. л. Расія); у 1925 М.с.м. прызнана ў СССР, у т. л. ў Беларусі. На аснове М.с.м. распрацавана Міжнародная сістэма адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн.г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.
Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст.н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),
форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх.ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКАЯ ФІНІ́ФЦЬ,
вырабы з металу, дэкарыраваныя эмалямі (фініфцю) і размаляваныя празрыстымі вогнетрывалымі фарбамі; рускі нар.маст. промысел. Існуе з 18 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. Эмаллю запаўняюць дробныя выемкі ці паглыбленні, створаныя тонкімі метал. перагародкамі, або наносяць, як і размалёўку, суцэльным слоем. У 18—19 ст. у тэхніцы Р.ф. выраблялі пераважна абразкі, партрэты і пейзажы. У канцы 19 ст. промысел заняпаў, адроджаны ў 1920-я г. Сучасныя майстры ф-кі «Растоўская фініфць». (В.Салдатава, І.Салдатаў, А.Кокін, В.Горскі, А.Ціхаў, А.Хауноў) вырабляюць пудраніцы, куфэркі, кулоны, завушніцы, брошкі і інш. Акаймаваныя ажурнай філігранню са светлага, цёмнага ці пазалочанага серабра, эмалевыя ўстаўкі аздабляюць акварэльна-празрыстай размалёўкай у выглядзе кветак, пейзажаў, мініяцюрных сюжэтных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г.Полацк. Размяшчалася ў бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб.стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн.Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл.Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.