бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.Асіповіч (1953, 1955), П.Навара (1954, 1957, 1966—70), У.Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.Здановіч (1995—96), В.Еўдакімаў (з 1996), Л.Міхалюк (з 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл.Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІ́ЗМ,
рыса, форма і прынцып арганізацыі грамадскай дзейнасці і грамадскіх адносін; прынцып маралі, які раскрывае адносіны ўзаемадзеяння паміж людзьмі, асобай і калектывам, чалавекам і грамадствам. Мае шэраг гіст. форм. У стараж. грамадстве яго матэр. асновай была абшчынная ўласнасць, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў абшчыны. Ва ўсх.-еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, формай праяўлення К. была сельская абшчына (грамада), якая прадугледжвала роўнасць усіх яе членаў, самакіраванне, вырашэнне грамадскіх спраў на агульным сходзе і інш. Формамі К. былі таксама руская арцель, бел.талака, пазней — брыгадны падрад, калгас і інш. Для К. характэрны сумесная праца, супрацоўніцтва, узаемадапамога і ўзаемападтрымка, усведамленне і выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад інш. людзьмі, грамадствам, свядомае спалучэнне грамадскіх інтарэсаў з асабістымі і інш. Ён прадугледжвае такія адносіны паміж грамадствам і асобай, пры якіх развіццё грамадства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, яе свабоды выбару і свабоды дзеяння. Процілегласць К. — індывідуалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.
Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп.т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп.дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́НТнацыянальны,
вышэйшы заканад. і выканаўчы орган 1-й Франц. рэспублікі ў 1792—95. Скліканы ў Парыжы пасля ліквідацыі манархіі ў выніку нар. паўстання 10.8 1792. Складаўся з 783 дэпутатаў, якія ўтваралі 3 групоўкі: найб. радыкальная (якабінцы) сапернічала з больш памяркоўнымі жырандыстамі (брысоцінцамі); «балота» вагалася і падтрымлівала ў той ці іншы момант мацнейшы бок. У 1792—93 у К. дамінавалі жырандысты, пасля паўстання 31.5—2.6.1793 — якабінцы. Якабінскі К. быў вышэйшым органам якабінскай дыктатуры, у якой гал. ролю адыгрываў К-т грамадскага выратавання (у розны час уваходзілі Ж.Ж.Дантон. Л.А.Сен-Жуст, Ж.Кутон, М.Рабеспёр і інш.), які кіраваў усёй дзярж. і паліт. дзейнасцю ў краіне і якому былі падначалены ўсе органы дзярж. улады, у т. л. ваенныя. Гэты к-т разам з К-там грамадскай бяспекі (праследаваў паліт. апанентаў) складаў рэв. ўрад якабінцаў. Тэрмідарыянскі пераварот (ліп. 1794) паклаў пачатак т.зв. тэрмідарыянскаму К., у выніку дзейнасці якога падрыхтаваны пераход да рэжыму Дырэкторыі. Гл. таксама Французская рэвалюцыя 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),
французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ДЫЗА́ЙН,
галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.
Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпянскай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст.ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН (Герман Аляксандравіч) (25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),
дзеяч рас.рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл.Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт.дзейнасці адышоў.
Літ.:
Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.