рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 годнац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПА (Brassica гара),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. 5 падвідаў. На Пд Еўропы і ў Зах. Азіі як пустазелле пашырана Р. дзікая. У Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы як агароднінная культура вырошчваецца Р. еўрапейская, або культурная, вядомая народам стараж. Шумера, Вавілона і Асірыі. На Беларусі — з 11 ст.; да паяўлення бульбы была адной з асн.харч. культур. Культывуюцца сталовыя (Майская белая, Міланская, Пятроўская 1 і інш.) і кармавыя (турнэпс) сарты.
Двухгадовая травяністая расліна з белым, жаўтаватым ці фіялетавым караняплодам. У год пасеву развівае разетку буйнога лірападобна рассечанага лісця і караняплод, на другі — кветаносныя парасткі. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Караняплоды маюць цукар (3,8—6,4%), аскарбінавую к-ту (21—35%), вітаміны групы B, калій. Іх спажываюць свежымі, варанымі, смажанымі. Бацвінне ідзе на корм жывёле Харч., лек., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЭРЭ́Й (Apium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).
Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКІ [Smoleński; псеўданім Грабенскі (Grabieński) Уладзіслаў; 6.4.1851, в. Грабяніцы-Малыя Мазавецкага ваяв., Польшча — 7.5.1926],
польскі гісторык; прадстаўнік варшаўскай школы гістарыяграфіі ліберальна-патрыят. кірунку. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Варшаўскі ун-т (1874), у 1919—26 праф. у ім. Даследаваў праблемы цывілізацыйных змен у 18 ст., паліт. ролю варшаўскага мяшчанства, праблемы ідэалогіі, маралі і звычаяў розных сац. пластоў. У кн. «Гісторыя польскага народа» (т. 1—2, 1897—98) выступаў супраць кансерватызму і ўплыву рэлігіі, найперш каталіцызму. У працы «Гістарычныя школы ў Польшчы» (1886) акрэсліў гал. кірункі развіцця тагачаснай польскай гістарыяграфіі, крытыкаваў погляды кракаўскай школы на гісторыю Польшчы. У працах «Апошні год Вялікага сейма» (1896) і «Таргавіцкая канфедэрацыя» (1903) прааналізаваў грамадскія настроі ў Рэчы Паспалітай у 1791—93. Інш. працы: «Калантаеўская кузня» (1885), «Разумовы пераварот у Польшчы XVIII ст.» (1891), «Гістарычныя пісьмы» (т. 1—3, 1901).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СОВЕ́ТСКИЕ АРХИ́ВЫ»,
навуковы часопіс, орган Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМСССР. Выдаваўся ў 1966—91 у Маскве пры ўдзеле Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦККПСС і Ін-та гісторыі АНСССР. Выходзіў 6 разоў на год. Яго папярэднікамі былі час. «Архивное дело» (1923—41), «Информационный бюллетень Главного архивного управления при СМСССР» (1956—58), навукова-інфармацыйны бюлетэнь «Вопросы архивоведения» (1959—65). Друкаваў архіўныя дакументы, уводзіў у навук. ўжытак новыя крыніцы шляхам публікацыі аглядаў архіўных комплексаў (фондаў, вопісаў, дакументаў), знаёміў з гіст. даследаваннямі, заснаванымі на архіўных дакументах, зборнікамі дакументаў, навуч. дапаможнікамі па архіва-, дакумента-, крыніцазнаўстве і інш. У часопісе змяшчаліся артыкулы і паведамленні бел. гісторыкаў і архівістаў па актуальных праблемах археаграфіі. З 1992 выдаецца пад назвай «Отечественные архивы».
Літ.:
Библиографический указатель материалов, опубликованных в журнале «Советские архивы» (1966—1986 гг.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
сістэма горных хрыбтоў ва Усх. Сібіры і на Д. Усходзе Расіі, пераважна ў Якуціі (Саха) і Амурскай вобл.; водападзел паміж басейнамі рэк Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Працягваецца ад сярэдняга цячэння р. Алёкма да вытокаў р. Учур (бас.р. Алдан). Даўж. каля 700 км, шыр. 100—180 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. 2412 м. 2 паралельныя хрыбты падзелены падоўжнымі далінамі. Складзены з дакембрыйскіх і ніжнепалеазойскіх адкладаў, у шматлікіх мясцінах перарваных інтрузіямі гранітаў. Шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, рэдкіх металаў, кам. і бурага вугалю, жал. руды, слюды. Клімат суровы, кантынентальны. Зіма халодная і працяглая, маразы да -30, -40 °C. Ападкаў каля 500 мм за год (да 80% выпадае летам). Рэкі бас. Лены і Амура. Схілы да 1300 м укрыты лістоўнічнымі і яловымі лясамі, вышэй зараснікі кедравага сланіку і горная тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЭ́Г (грэч. stratēgos ад stratos войска + agō вяду),
у старажытнагрэчаскіх полісах 6—1 ст. да н.э. военачальнік, надзелены шырокімі ваен. і паліт. паўнамоцтвамі. У Афінах існавала калегія з 10 С.: адзін — для камандавання гаплітамі (цяжкаўзброенай пяхотай), адзін — для падрыхтоўкі флоту, адзін — для аховы краіны, два — для аховы Пірэя, астатнія камандавалі войскамі ў паходах паводле строга вызначанай чаргі. Выбіраліся С. нар. сходам па аднаму ад кожнай філы (родаплемянное аб’яднанне) тэрмінам на 1 год (дазвалялася неаднаразовае выбранне — напр., Перыкл на працягу 15 гадоў). Пасада была безаплатнай. С. ўзначальвалі ваен.-паліт. саюзы (Фесалійскі, Эпірскі, Ахейскі і інш.). У Паўн. Прычарнамор’і калегіі С. вядомы ў Ольвіі і Херсанесе. Знешнім знакам адрознення С. былі асобая хламіда і вянок. Паводле некат. звестак, С. называліся военачальнікі таксама ў Егіпце і шэрагу краін М. Азіі. У сучасным значэнні С. — палкаводзец, кіраўнік буйных ваен. аперацый.