АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),

1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.

2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГМА (ад грэч. dogma меркаванне, рашэнне, вучэнне),

палажэнне, якое прымаецца на веру як бясспрэчная ісціна. Характэрная рыса Д. — сляпая вера ў аўтарытэты, абарона застарэлых, памылковых або недаказаных палажэнняў. У ант. л-ры тэрмін «Д.» абазначаў агульнавядомае палажэнне, якое з’яўлялася бясспрэчнай ісцінай; такую ж назву мелі некат. дзярж. ўказы і пастановы. У стараж.-грэч. філасофіі дагматыкамі называлі філосафаў, якія ў процілегласць скептыкам сцвярджалі што-небудзь станоўчае. Аснову любых рэлігій складаюць догматы рэлігійныя, што прымаюцца на веру і абавязковыя для ўсіх. У галіне навукі Д. набываюць нязменныя формы, застарэлыя палажэнні, якія прымаюцца без уліку гіст. умоў, абараняюцца кансерватыўна мыслячымі вучонымі. Дагматычнае мысленне перашкаджае развіццю навукі, скоўвае творчасць.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ПУСКІ,

рознасць (дапушчальныя адхіленні) паміж найбольшымі і найменшымі гранічнымі значэннямі (памерамі) якога-небудзь параметра (геам., мех., фізіка-хім. і інш.).

У машынабудаванні прыпята сістэма Д. і пасадак, якая забяспечвае ўзаемазамяняльнасць дэталей і вузлоў, дазваляе ажыццяўляць злучэнні з рухомымі. нерухомымі і пераходнымі пасадкамі. Д. ўстанаўліваюцца на намінальныя памеры вала і адтуліны, а таксама дэталей іншых формаў (напр., абмежаваных 2 паралельнымі плоскасцямі). У сістэме адтуліны ніжняе гранічнае адхіленне памеру адтуліны роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. вала; у сістэме вала верхняе гранічнае адхіленне памеру вала роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. адтуліны. Д. рэгламентуюцца класамі дакладнасці. У будаўніцтве сістэма Д. вызначаецца будаўнічымі нормамі і правіламі.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮ́ЗІІ (ад лац. illusio падман, памылковы погляд),

скажонае ўспрыманне рэчаіснасці, падман успрымання. 1) І. ўспрымання абумоўлены псіхал. фактарамі, оптыкай вока, дзеяннем асаблівых умоў назірання і інш.; уласцівыя ўсім людзям. Найб. шматлікія зрокавыя І. (падманы зроку), якія ўзнікаюць пры адлюстраванні некат. прасторавых уласцівасцей прадметаў (даўжыні адрэзкаў, велічыні прадметаў і вуглоў, адлегласцей паміж прадметамі, формы) і руху. Зрокавыя І. шырока выкарыстоўваюцца ў жывапісе і архітэктуры.

2) І., абумоўленыя асаблівым станам псіхікі (напр., страхам, стомленасцю, трывожна-прыгнечаным настроем); часцей сустракаюцца ў людзей з вострымі і хранічнымі псіхічнымі расстройствамі; наяўнасць аб’екта, які ўспрымаецца памылкова, адрознівае І. ад галюцынацый.

3) Надзеі на што-небудзь, пазбаўленыя рэальных падстаў; мары.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.​Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:

Лілею
     млявы
          плёс
              люляе,
З-пад злежалых
              аблок
                   здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
                  матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы, 
           абмялелы 
                       плёс.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,

схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,

у беларусаў і інш. слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв. ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМАГА́ННЕ ў крымінальным праве,

наўмыснае злачынства, якое заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на яе ці выкананне якіх-небудзь дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай насілля над пацярпелым ці яго блізкімі, распаўсюджвання паклёпніцкіх або абвяшчэння пра яго ці яго блізкіх інш. звестак, якія гэтыя асобы жадаюць захаваць у тайне, або пашкоджання ці знішчэння іх асабістай маёмасці або чужой маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні ці пад аховай. У Рэспубліцы Беларусь за вымаганне прадугледжана крымін. адказнасць. Яна значна ўзмацняецца за паўторнае вымаганне, за ўчыненне вымагання групай, рэцыдывістам, з выкарыстаннем небяспечнага для жыцця і здароўя насілля або насілля, якое прывяло да буйных страт ці інш. цяжкіх вынікаў. Гл. таксама Рэкет.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),

1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:

Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету —
Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.​Панчанка. «Зялёнае гняздо»)

Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.

2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)