МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.​Брытэна, Г.​Петрасі, Л.​Далапікалы, К.​Орфа, І.​Стравінскага, Дз.​Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЭ́Й (Setaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.

Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.

У.​П.​Пярэднеў.

Мяшэй зялёны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫВЕ́Ц, анхуза (Anchusa),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўд. і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. лекавы (A. officinalis), нар. назвы валовы язык, заечая салата, мядоўка. Трапляецца каля дарог, на ўскрайках палёў. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны П. італьянскі (A. italica).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Сцёблы тоўстыя, прамастойныя, галінастыя. Лісце ланцэтнае, сядзячае. Сіне-фіялетавыя кветкі ў густых завітках. Плод — арэшак. Лек., дэкар., меданосныя, фарбавальныя расліны.

Пакрывец лекавы.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЦІ́НІ ((Pertini) Алесандра) (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»), 3 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),

італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.​Раселі і П.​Л.​Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭО́ЦІ ((Andreotti) Джуліо) (н. 14.1.1919, Рым),

італьянскі дзярж., паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст. Доктар права. Уключыўся ў паліт. дзейнасць з 1942. У 1943—44 у антыфаш. апазіцыі. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар цэнтр. органа хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) газ. «Il Popolo» («Народ»). З 1944 чл. Нац. савета ХДП, адзін з яе кіраўнікоў. З 1948 дэпутат парламента, кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДП (1968—72), займаў міністэрскія пасады. У 1972—73, 1976—79, 1989—92 старшыня Савета Міністраў. Абвінавачаны ў карупцыі ў 1993, адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар паліт. памфлетаў, прац па навейшай гісторыі Італіі і інш.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ЛА ДА МЕСІ́НА (Antonello da Messina; каля 1430, г. Месіна, Сіцылія — паміж 14 і 25.2.1479),

італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння. Прадстаўнік Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў пераважна ў Месіне. Запазычыўшы ў нідэрл. мастакоў тэхніку алейнага жывапісу, дасягнуў надзвычайнай глыбіні колеру, выкарыстаў і асвятленне як маст.-выразны сродак. Створаныя ім вобразы адметныя велічным спакоем, класічнай раўнавагай. Значны ўклад яго ў станаўленне рэнесансавага рэаліст. партрэта. Асн. творы: т.зв. аўтапартрэт (каля 1473), «Распяцце» (1477), фрагменты алтара з царквы Сан-Касіяна ў Венецыі (1475 76), «Святы Себасцьян» (1475) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Антанела да Месіна. Святы Себасцьян. 1475.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.​Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Г.​Спанціні і інш.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр. Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.​Перуцы і А. да Сангала Малодшага.

Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).

Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЛЬДЗІ ((Amaldi) Эдаарда) (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.​Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)