СТЫЛІЗА́ЦЫЯ (франц. stylisation ад style стыль),

у літаратуры — свядомае мэтанакіраванае перайманне, імітацыя характэрных рыс стылю пэўнага пісьменніка або групы пісьменнікаў, літ. школы, плыні, пэўных жанраў фальклору, дыялектаў, гаворак.

Як сродак маст. адлюстравання С. дае магчымасць пісьменніку пераўвасабляцца ў інш. чалавека — выдуманага ім аўтара, пранікаць у чужую свядомасць і выяўляць яе праз асаблівасці маўлення («Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, творы Казьмы Пруткова, быліцы Навума Прыгаворкі ў В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф.​Багушэвіча).

С. адлюстроўвае спецыфіку размоў дзейных асоб як прадстаўнікоў сац. ці этнагр. груп насельніцтва, што актывізуе працэс індывідуалізацыі, тыпізацыі («Тралялёначка» і «Сведка» Багушэвіча, «Несцерка» А.​Вольскага). С. адрозніваецца і ад мех. пераймання вонкавых рыс стылю без ідэйна-маст. патрэб у гэтым, і ад парадзіравання (гл. Пародыя), калі рэзка падкрэсліваюцца рысы прататыпнага стылю, які служыць узорам, сродкам для стылізатара. Знешняе перайманне ўзору, падробка пад нар. мову, капіраванне элементаў паэтыкі розных кірункаў і плыней вядзе да псеўдастылізацыі, дэкаратыўнасці, эпігонства і эклектыкі. С., асабліва фалькл., пашыраецца і актывізуецца ў час стылявых пераходаў ад аднаго маст. метаду да другога, ад старога стылю да новага, у працэсе ўзбагачэння літ. мовы нар. гаворкай (казкі А.​Пушкіна і У.​Даля, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, «Ляўша» М Ляскова, гавэнды і вершы на бел. мове У.​Сыракомлі, «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Казкі жыцця» Я.​Коласа і інш.). Неабходнасць стылявога абнаўлення вымушае актыўна звяртацца да С. і сучасных бел. паэтаў (Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў і інш.). Найб. пашыраная праява С. — сказ, стылявым узорам якога ў л-ры выступае вусна-размоўная, па-мастацку не арганізаваная гутарка. Фалькл. С. арыентуецца на вусна-паэтычную, па-мастацку арганізаваную мову; яе прататып, ці ўзор — пэўны твор фальклору.

У выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, 1) мастацкае абагульненне выяўляемых фігур і прадметаў з дапамогай умоўных прыёмаў, спрашчэння малюнка, формы, колеру, аб’ёму. Пашырана ў розных відах мастацтва для рытмічнай арганізацыі цэласнасці кампазіцыі. Вял. яе роля ў арнаменце, манументальным жывапісе, плакаце, дзе выява ператвараецца ў вобразны сімвал, праз які раскрываецца змест. У станковым мастацтве С. надае рысы дэкаратыўнасці, часта служыць больш глыбокаму выяўленню сутнасці зместу праз памяншэнне дэталізацыі і канцэнтрацыю ўвагі гледача на асн. характэрных рысах аб’екта твора.

2) Імітацыя вобразнай сістэмы і фармальных асаблівасцей гіст. або рэгіянальных стыляў, выкарыстаных у новым маст. кантэксце. С. засвойвае, перапрацоўвае і выяўляе ў новай якасці своеасаблівыя рысы культур пры захаванні іх унутр. сутнасці, сімвалічна намякае на першакрыніцу, чым адрозніваецца ад літаральнага пераносу элементаў гіст. твораў у новы маст. кантэкст у эклектыцы. Элементы С. вядомы з 17—18 ст. (кітайскія матывы ў дэлфцкім фаянсе ў Нідэрландах, у дэкар.-прыкладным мастацтве Францыі). Найб. пашырылася ў эпоху рамантызму (мастацтва «назарэйцаў», прэрафаэлітаў). У Расіі найб. ярка выявілася ў мастацтве пач. 20 ст. (С. мастацтва 17—18 ст. у творчасці мастакоў аб’яднання «Свет мастацтва», С. прымітыву ў жывапісе М.​Ларыёнава і Н.​Ганчаровай). На Беларусі пашырылася з 1980-х г. з ростам цікаўнасці да нац. гісторыі (С. сармацкага партрэта ў творах Г.​Вашчанкі, А.​Марачкіна, У.​Стальмашонка і інш.).

У архітэктуры С. звязана са свабодным разуменнем маст. зместу і стылю, што паслужылі прататыпам (напр., С. стараж.-рус. архітэктуры ў пабудовах А.​Шчусева і У.​Пакроўскага ў 1910-я г.). С. класічнай спадчыны (італьян. Адраджэння, рус. класіцызму) характэрна для пабудоў 1930—50-х г. У архітэктуры Польшчы і Зах. Беларусі вядомы мадэрнісцкія С. ў духу нар. дойлідства (жылыя дамы, гасп. пабудовы).

Літ.:

Троицкий В.Ю. Стилизация // Слово и образ. М., 1964;

Дзюбайла П.К. Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе. Мн., 1973.

І.​С.​Шпакоўскі (літаратура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), С.А.Сергачоў (архітэктура).

т. 15, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт. і інш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРКО́ЎСКІ Андрэй Арсеневіч (4.4.1932, Масква —6.12.1986),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; буйнейшы майстар сусв. кіно. Сын А.А.Таркоўскага. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Дэбютаваў фільмам «Каток і скрынка» (1960). Цэнтр. тэма творчасці Т. — набыццё чалавекам духоўнай цэльнасці праз веру, любоў і пакаянне. Яго фільмам характэрны шырыня і паэтычнасць мыслення, высокая выяўл. культура, спалучэнне рэаліст. дакладнасці з метафарычнай вобразнасцю і ўмоўнасцю. У фільме «Іванава дзяцінства» (1962, прыз «Залаты леў» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; гал. прэміі Міжнар. кінафестываляў у Сан-Францыска і Акапулька) кантрастна спалучаны светлыя ўспаміны пра дзяцінства падлетка і жорсткі свет вайны. Фільм «Андрэй Рублёў» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — гіст. фрэска 15 ст. часоў татара-мангольскага нашэсця на Расію — сцвярджае бессмяротнасць твораў чалавека духу. У фільмах «Салярыс» (1972, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і «Сталкер» (1980, прэміі Міжнар. кінафестываляў у Трыесце і Мадрыдзе) у метафарычным плане разглядаюцца праблемы мэты і сэнсу чалавечага жыцця, пошукаў ісціны. Стужка «Люстра» (1975) — лірыка-біягр. споведзь мастака пра сям’ю, дзяцінства на фоне гіст. падзей, адлюстраванне мінулага ў цяперашнім. З 1982 працаваў за мяжой. У фільме «Настальгія» (1983, Італія, Вял. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) створаны вобраз «чалавека-свечкі», які імкнецца служыць людзям. «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя, Вял. спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — аўтарскае бачанне місіі мастака ў сусвеце: выратаванне чалавецтва ад экалаг., тэхнал. і маральнай катастрофы. Ленінская прэмія 1990. З 1993 на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі прысуджаецца прэмія імя Т.

Літ.:

Зак М.Х. Андрей Тарковский: Творч. портрет. М., 1988;

Михалкович В.И. Андрей Тарковский. М., 1989;

О Тарковском. М., 1989;

Мир и фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Туровская М. 7 ​1/2, или Фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Тарковская М.А. Осколки зеркала. М., 1999;

Болдырев Н. Сталкер, или Труды и дни Андрея Тарковского. Челябинск, 2002.

В.Ф. Нячай.

т. 15, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,

помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел. літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.

Публ.:

Легенда о Тристане и Изольде. М., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

«Аповесць пра Трышчана» (фрагмент). 16 ст.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выдалення снегу з палатна аўтамаб. дарог, чыг. і трамвайных пуцей, аэрадромаў, вуліц, плошчаў і тратуараў. Падзяляюцца на снегаачышчальнікі, снегапагрузчыкі і пуцявыя С.м.

Снегаачышчальнікі дарожныя бываюць мех. (плужныя, плужна-шчотачныя, ротарныя, шнэкаротарныя) і цеплавыя (газаструменныя); на пнеўмаколавым (аўтамабілі, трактары, колавыя цягачы, прычэпы і паўпрычэпы) і гусенічным хаду. Плужныя (адна- і двухадвальныя) выкарыстоўваюць для патрульнай снегаачысткі; плужна-шчотачныя — для поўнага выдалення снегу з пакрыцця ссоўваннем асн. снегавой масы ў бок адвалам і змятання астатняга ўшчыльненага снегу шчоткай; ротарныя — для кідання снегу на 5—20 м (рэжучым дыскам або фрэзай-ротарам) за межы землянога палатна; плужна-ротарныя — для патрульнай ачысткі кідальным ротарам (да 15 м), снег да якога падаецца плугам; шнэкаротарныя — для выдалення значных снегавых мас на 30—35 м; газаструменныя — для ачысткі ад снегу дарог і аэрадромаў пры таўшчыні снегавога покрыва да 0,2 м газаструменным, газаструменна-мех., газаструменна-шчотачным уздзеяннем на снег. Чыгуначныя снегаачышчальнікі бываюць плугавыя, фрэзерныя, ротарныя. Рабочы орган устаноўлены ў пярэдняй частцы (у плугавых з двух тарцоў) вагона, які падштурхваецца лакаматывам. Снегапагрузчыкі прызначаны для пагрузкі снегу з валоў або куч у трансп. сродкі, некаторыя з іх могуць грузіць пясок, хларыды і інш. сыпкія матэрыялы. Зманціраваны на спец. аўтамаб. або трактарныя шасі, рабочы орган мае сілкавальнік лапавага тыпу (ці фрэзерны) і скіпавы коўш або скрабалкавы канвеер (элеватар). Пуцявыя ўборачныя машыны ачышчаюць тэр. чыг. станцый ад снегу і смецця. Рабочы орган іх — ротар з гнуткімі лопасцямі, крылы, ледасколвальнае прыстасаванне, канвееры. Снег загружаецца ў прычапныя паўвагоны, падлогай у якіх служыць пласціністы канвеер. Таўшчыня слоя ачысткі да 0,8 м. Для ачысткі стрэлачных пераводаў, сартавальных горак, тэрыторый станцый выкарыстоўваюць пуцявыя стругі, шматвагонныя (прычапныя да лакаматыва ці самаходныя) снегаўборачныя паязды і інш.

На Беларусі некаторыя разнавіднасці С.м. выпускаюць акц. т-ва «Амкадор» і прадпрыемства «Белдартэхніка».

С.​В.​Багдановіч.

Снегаўборачныя машыны: 1 — шнэка-ротарны снегаачышчальнік ДЭ-226 (акцыянернага таварыства «Амкадор»); 2 — франтальна-бакавы снегаўборачны адвал і раскідвальнік на аўтамабілі МАЗ; 3 — снегапагрузчык саўковага тыпу са скрабалкавым транспарцёрам; 4 — снегаўборачная машына для ачысткі тэрыторый чыгуначных станцый і стрэлачных пераводаў; 5 — чыгуначны ротарны снегаачышчальнік.

т. 15, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,

адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.​Т.​Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн. чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.​С.​Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц. рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.​Ф.​Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.

Літ.:

Иеговизм. Мн., 1981.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)