СТРО́ГАНАЎСКАЯ ШКО́ЛА,

стылістычны кірунак у рус. іканапісе канца 16 — пач. 17 ст. Назва ад прозвішча купцоў Строганавых, для якіх былі напісаны шматлікія абразы. Абразы С.ш. вылучаюцца невял. памерамі, мініяцюрнасцю, філіграннасцю пісьма, складанасцю кампазіцыі, фантастычнасцю пейзажных фонаў, грацыёзнай вытанчанасцю поз і жэстаў, сакавітай, шчыльнай колеравай гамай, узмоцненай актыўным выкарыстаннем золата і серабра. Большасць іх стваралася маскоўскімі царскімі іканапісцамі. Сярод майстроў П.​Чырын, Е.​Масквіцін, Істома, Назарый і Нікіфар Савіны.

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЭ́ЛІЯ (Phacelia),

род кветкавых раслін сям. вадаліснікавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі як пустазелле ў пасевах і на сенажацях трапляецца Ф. піжмалістая (Ph. tanacetifolia).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—70(80) см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, густаапушаныя белаватымі валаскамі. Лісце на кароткіх чаранках, перыстарассечанае або непарнаперыстае. Сіне-фіялетавыя шматлікія кветкі сабраны ў густыя коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ-ДЖАЗ (англ. free-jazz вольны джаз),

адзін са стыляў сучаснага джаза. Узнік у канцы 1950-х г. Назва паходзіць ад аднайм. грампласцінкі О.​Коўлмена — аднаго з заснавальнікаў стылю. Ф.-дж. ўласцівы імправізацыя, гульня тэмбрамі, полірытмія, адыход ад традыц. прынцыпаў джазавага формаўтварэння, выкарыстанне мадальнасці і алеаторыкі. У 1970-я г. паўплываў на амер. папулярную музыку. У наш час тэрмін ахоплівае шматлікія стылявыя кірункі, якія наз. новы джаз.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НА-ІНДЫГІ́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), Расія. Цягнецца на 600 км уздоўж узбярэжжа мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага (ад дэльты р. Яна на З да дэльты р. Індыгірка на У). Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў і выкапнёвага лёду. Шматлікія тэрмакарставыя азёры і балоты. Асобныя астанцавыя сопкі і грады выш. да 300 м. На Пн арктычная мохава-лішайнікавая і хмызняковая тундра, на Пд — лістоўнічныя рэдкалессі.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ КОМИССИОНЕ́Р»,

штотыднёвая прыватная газета даведачна-інфарм. характару. Выдавалася з 1(13).5.1899 да 28.10(10.11). 1900 у Мсціславе на рус. мове баронам П. фон Пільхаў. Друкавала шматлікія аб’явы аб пошуках працы, продажы земляробчых прылад, насеннага матэрыялу, паведамляла пра рыначныя цэны і інш. Узнімала эканам. пытанні, праблемы класавай няроўнасці, прыводзіла асобныя факты барацьбы сялян за зямлю, асвятляла культ. жыццё Мсціслава. Выйшла 78 нумароў. Спыніла выданне з-за матэрыяльных цяжкасцяў.

Г.​Ф.​Юрчанка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́МНА, Ямуна,

рака ў Індыі, правы, самы доўгі прыток р. Ганг. Даўж. 1384 км, пл. бас. 351 тыс. км². Пачынаецца ў ледавіках хр. Заскар у Гімалаях, у вярхоўі цячэ па вузкай глыбокай цясніне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — на Інда-Гангскай раўніне. Буйны прыток Чамбал. Сярэдні расход вады каля 2,5 тыс. м³/с. Летнія паводкі ад мусонных дажджоў. Ад Дж. адыходзяць шматлікія арашальныя каналы. На Дж. — гарады Дэлі (пачатак суднаходства), Агра, Алахабад.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,

скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн. м³/с да 5,4 млн. м³/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)