МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ЕЎРО́ПЫ, Міжнародная асацыяцыя па сучаснай гісторыі Еўропы,
міжнароднае аб’яднанне гісторыкаў, створанае для развіцця выкладання і даследаванняў у галіне сучаснай гісторыі Еўропы (пасля 1789) і супрацоўніцтва з гэтай мэтай з нац. і міжнар.навук. арг-цыямі. Засн. 30.11.1968 у г. Страсбур (Францыя) як Еўрап. асацыяцыя па сучаснай гісторыі (сучасная назва з 1980). Аб’ядноўвае (1999) вучоных больш як 30 краін. Членства ў Асацыяцыі індывід. і калектыўнае. Асн. форма дзейнасці — правядзенне канферэнцый (адбываюцца кожныя 2 гады), калёквіумаў і круглых сталоў. Штаб-кватэра асацыяцыі ў г. Жэнева (Швейцарыя). Друкаваныя органы — час. «Bulletin de liaison et d’information» («Бюлетэнь сувязі і інфармацыі») і «Guide de la recherche en histoire contemporaine» («Гід у вывучэнні сучаснай гісторыі»).
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1983). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1951), з 1980 выкладае ў ім. Працаваў з А.А.Алавым: «Трывожная маладосць» (1955, паводле рамана «Старая крэпасць» У.Бяляева), «Павел Карчагін» (1957, паводле рамана «Як гартавалася сталь» М.Астроўскага), «Бег» (1971, паводле М.Булгакава), «Легенда пра Тыля» (1977, паводле рамана «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. Дэ Кастэра), «Тэгеран-43» (1981, СССР—Швейцарыя—Францыя, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве), «Бераг» (1984, паводле Ю.Бондарава) і інш. Самастойна паставіў фільмы: «Выбар» (1988), «Закон» (1990), «Дзесяць гадоў без права перапіскі» (1991), «Белае свята» (1994). Творчасці Н. ўласцівы эмацыянальнасць, драматызм канфлікту, майстэрства выкарыстання сродкаў кінематаграфічнай выразнасці. Піша сцэнарыі. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПЕДАГО́ГІКА,
плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,
асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш.дзярж. органамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр.Цішкевіч Міхайла),
бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.
яўрэйскі журналіст і пісьменнік, заснавальнік паліт. кірунку ў сіянізме. Д-рюрыд.н. (1884). Скончыў Венскі ун-т. Пісаў на ням. мове. У 1891—96 парыжскі карэспандэнт венскай газ. «Neue Freie Presse» («Новая свабодная прэса»). З 1897 выдавец і рэдактар венскай газ. «Die Welt» («Сусвет»). Асн. працу «Яўрэйская Дзяржава» (1896) Герцль прысвяціў неабходнасці стварэння ўласнай дзяржавы яўрэяў на іх гіст. радзіме ў Палесціне. Ініцыятар склікання 1-га Сіянісцкага кангрэса ў г. Базель (Швейцарыя, 1897), першы прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. З мэтай практ. рэалізацыі намераў па стварэнні яўр. дзяржавы спрабаваў заручыцца падтрымкай тур. султана Абдул-Хаміда II, рым. папы і герм. імператара Вільгельма II. Аўтар рамана «Старая новая зямля» (1902), кнігі фельетонаў (т. 1—2, 1904) і інш. У Ізраілі ўшаноўваецца як прадвеснік яўр. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕР ((Keller) Готфрыд) (19.7.1819, г. Цюрых, Швейцарыя — 15.7.1890),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1840—42), у Гайдэльбергскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1846 як паэт (зб. «Вершы»). Вядомасць прынёс раман «выхавання» «Зялёны Генрых» (1855, 2-я рэд. 1879—80), напоўнены філас. роздумам пра лёс чалавека ў грамадстве, прызначэнне мастацтва. Аўтар рамана «Марцін Заландэр» (1886), зб-каў навел «Людзі з Зельдвілы» (т. 1—2, 1856—74), «Сем легенд» (1872), «Цюрыхскія навелы» (1878), «Выслоўе» (1881), літ.-крытычных эсэ, публіцыст. твораў. Маст. манеры К. ўласцівы мяккі гумар і сатыра, пластычнасць і яркасць вобразаў, павучальнасць і філасафічнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Новеллы. Л., 1970;
Зеленый Генрих. М., 1972;
Избранное. Л., 1988.
Літ.:
Павлова Н.С., Седельник В.Д. Швейцарские варианты: Лит. портреты. М., 1990;
міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў сацыяліст. аб’яднання, створанага на Цымервальдскай канферэнцыі 1915. Адбывалася 24—30.4.1916 у 1-ю сусв. вайну ў Швейцарыі ў г. Берн (першае пасяджэнне) і ў пас. Кінталь (адсюль назва). Прысутнічалі 43 дэлегаты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі і Швейцарыі.
Парадак дня: барацьба за заканчэнне вайны, стаўленне пралетарыяту да пытанняў міру, агітацыя і прапаганда, адносіны да склікання Міжнар.сацыяліст. бюро. Асн. спрэчкі вяліся паміж Цымервальдскай левай (12 чал., у т. л.рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным) і правацэнтрысцкім крылом канферэнцыі [Р.Грым (Швейцарыя), А.Гофман (Германія) і інш.] па пытаннях аб адносінах пралетарыяту да міру і вайны і скліканні Міжнар.сацыяліст. бюро. Канферэнцыя прыняла антываен. маніфест і інш. дакументы, якія ўключалі заклік да ўсеаг. інтэрнац. барацьбы супраць вайны і за сацыялізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.