БЕ́РГМАН (Bergman) Інгмар (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),

шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.​Шэкспіра, Г.​Ібсена, А.​Стрындберга, А.​Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.

Літ.:

Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;

Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.

Л.​А.​Сівалобчык.

І.Бергман.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.

Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​К.​Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.​Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.​Дамбровы і полк Я.​П.​Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.

Літ.:

Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.

Кірхгольмская бітва.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУХІ́ ЗАКО́Н»,

закон аб забароне вытворчасці і продажу спіртных напіткаў. Дзейнічаў у ЗША (1920—33) і ў некаторых інш. дзяржавах. У ЗША, Ісландыі, Фінляндыі і інш. «С.з.» не прывёў да жаданай мэты. У Бельгіі, Францыі, Нарвегіі і інш. у розны час уводзіліся забараняльныя законы на напіткі пэўнага мацунку. У Швецыі з 1865 дзейнічала т.зв. Гатэнбургская сістэма, якая пазней з відазмяненнямі была ўведзена ў інш. скандынаўскіх краінах. Паводле гэтай сістэмы продаж спіртных напіткаў дазваляўся толькі адначасова з гарачай ежай, а рэстаратар атрымліваў даход выключна ад продажу харч. прадуктаў. З 1919 замест Гатэнбургскай была ўведзена картачная сістэма (т.зв. сістэма Брата), якая абмяжоўвала ўжыванне спіртных напіткаў да 4 л у месяц. У 1955—57 сістэма Брата адмерла, а «шведскі дэпартамент цвярозасці» фактычна быў зведзены на становішча статыстычнай установы. У Расіі забарона вытв-сці і продажу спіртных напіткаў была ўведзена ў 1914 і дзейнічала да 1925. Аднак забараняльныя меры прывялі да таго, што ў абход закона замест віна і гарэлкі сталі ўжываць розныя сурагаты, якія аказвалі яшчэ больш шкоднае ўздзеянне на арганізм. Чарговая спроба выкараніць п’янства і алкагалізм у б. СССР была зроблена ў 1980-я г. ў час праўлення М.​С.​Гарбачова. Яна пацягнула паўсюднае знішчэнне элітных вінаграднікаў і ажыятажны попыт на алкагольныя напіткі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1618—48,

першая агульнаеўрапейская вайна паміж краінамі габсбургскага блока (ісп. і аўстр. Габсбургі, падтрыманыя каталіцкімі князямі Германіі, папствам і Рэччу Паспалітай — Каталіцкая ліга) і антыгабсбургскай кааліцыяй (Францыя, Швецыя, Данія, Галандыя, а таксама Расія і ў пэўнай меры Вялікабрытанія, якія абапіраліся на герм. пратэстанцкіх князёў і антыгабсбургскі рух у Чэхіі, Трансільваніі і Італіі — Пратэстанцкая унія). Пачалася з-за рэліг. рознагалоссяў паміж католікамі і пратэстантамі Германіі і паступова перарасла ў паліт. барацьбу дынастыі Габсбургаў за гегемонію «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў Еўропе супраць Францыі і пратэстанцкіх дзяржаў. Т.в. складалася з шэрагу асобных войнаў. Бітвы ішлі на тэр. Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Польшчы і ВКЛ.

У 1617—18 аўстр. Габсбургі пачалі наступленне на прывілеі Чэхіі, якая захоўвала некат. незалежнасць у складзе іх імперыі. Гэта выклікала ў Чэхіі паўстанне 1618—20, якое стала першым чэшскім, або чэшска-пфальцскім перыядам вайны (1618—23). У 1620 войскі Каталіцкай лігі разбілі чэш. армію каля Белай Гары і ўстанавілі ў Чэхіі і Маравіі неабмежаваную ўладу Габсбургаў. У 1625 ваен. дзеянні пачала Данія пры падтрымцы Англіі, Галандыі і Францыі; пачаўся другі, або дацкі перыяд вайны (1625—29). Нягледзячы на шырокі сялянскі рух і дапамогу саюзнікаў, войскі імперскія і Каталіцкай лігі выцеснілі датчан з Паўн. Германіі і Данія, паводле міру ў Любеку 1929, адмаўлялася ад умяшання ў герм. справы. Уступленнем у вайну Швецыі, якой пагражала ўмацаванне Германіі на Балтыйскім м., пачаўся трэці — шведскі, або шведска-рускі перыяд вайны (1630—35). Швед. войскі перамаглі немцаў у баях каля Лейпцыга (1631), Лютцэна (1632) і інш. Адной з прычын перамогі Швецыі была вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, якая адцягнула на сябе ч. сіл Каталіцкай лігі. Аднак, пацярпеўшы паражэнне пад Смаленскам, Расія пайшла на перагаворы з Рэччу Паспалітай, і пасля падпісання Палянаўскага міру 1634 становішча шведскай арміі ўскладнілася. Паражэнне Швецыі ў 1634 каля Нёрдлінгена (Паўд. Германія) падштурхнула да ўступлення ў вайну Францыю. У апошні франка-шведскі перыяд вайны (1635—48) да Францыі і Швецыі далучыліся Галандыя, Мантуя, Савоя і Венецыя. Перамогі каля Брэйтэнфельдэ (1642), Ракруа (1643), Янкава (1645) выявілі істотныя перавагі франка-швед. кааліцыі. Імператар Фердынанд III вымушаны быў згадзіцца на цяжкія для «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ўмовы Вестфальскага міру 1648. У выніку Т.в. Швецыя атрымала шэраг герм. тэрыторый, Францыя — землі ў Эльзасе і пацвярджэнне яе правоў на гарады Мец, Туль і Вердэн. Герм. князі замацавалі фактычную незалежнасць ад імператара; Швейцарскі саюз і Галандыя прызнаны самастойнымі дзяржавамі. Т.в. паклала канец спробам аўстра-ісп. Габсбургаў усталяваць сваю гегемонію на еўрап. кантыненце, на доўгі час замацавала паліт. раздробленасць Германіі, садзейнічала ператварэнню Францыі і Расіі ў найб. моцныя краіны Еўропы.

Літ.:

Поршнев Б.Ф. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. М., 1976;

Яго ж. Франция, английская революция и европейская политика в середине XVII в. М., 1970;

История войн. Ростов н/Д;

М., 1997. Т. 2. С. 16—41.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

Рабаванне германскай вёскі салдатамі ў час Трыццацігадовай вайны. Карціна Б.​Баўшке. 1954.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.

Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.​С.​Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,

вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.​К.​Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.​Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІСЛА́Ў IV Ваза

(9.6.1565, в. Лобзаў каля Кракава, Польшча — 20.5.1648),

кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1632—48], тытулярны цар маскоўскі і ўсяе Русі [1610—34], тытулярны кароль шведскі [1632—48]. Сын караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта III Вазы. У пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 у час распаду Тушынскага лагера і ўцёкаў Ілжэдзмітрыя II баяры і дваране тушынцы 14.2.1610 заключылі з Жыгімонтам III дагавор пра абранне яго сына царом. 2-і падобны дагавор заключыла ў жн. 1610 «сямібаяршчына». Жыгімонт III не адпусціў у Маскву сына, а ў 1612 той бы фармальна дэтранізаваны. У 1617—18 У. IV узначаліў няўдалы паход на Маскву. Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621) і Швецыяй (1626—29). Пасля смерці Жыгімонта III на элекцыйным сойме 8.11.1632 У. IV абраны каралём польскім і вял. князем ВКЛ. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 паводле Палянаўскага міру 1634 У. IV адмовіўся ад тытула цара. У. IV праводзіў талерантную палітыку ў дачыненні да правасл. царквы Рэчы Паспалітай. У 1632 легалізаваў правасл. іерархію на чале з кіеўскім мітрапалітам. Казацкія паўстанні на Украіне жорстка падаўляліся. У. IV, як і бацька, імкнуўся завалодаць шведскім тронам, таму ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з герм. імператарам: Смерць У. IV супала з пачаткам антыфеад. і нац.-вызв. вайны на Украіне.

Літ.:

Czaplińnski W. Władyslaw IV jego czasy. 2 wyd. Warszawa, 1976;

Wisner H. Władyslaw IV Waza. Wroclaw etc., 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Уладзіслаў IV. Гравюра П.​Понціуса з партрэта П.​Рубенса.

т. 16, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРЫХАВЫ́ КОД (ад ням. Strich паласа, рыса + код), міжнародны код тавараў,

код (візуальны сімвал, умоўны відарыс) літарна-лічбавай інфармацыі, выкананы ў выглядзе чаргавання кантрастных штрыхоў і прамежкаў (прагалаў) рознай шырыні. Выкарыстоўваецца для маркіроўкі тавараў, аўтаматызацыі паштовых паслуг (адпраўленняў), уліку дакументаў і наяўных грашовых банкнот у банках, для аўтам. ідэнтыфікацыі розных аб’ектаў, спрацоўвання (уключэння, адключэння, блакіроўкі) замковых прыстасаванняў тэхнал. абсталявання і інш.

Ш.к. (лінейны) распрацаваны ў 1932, выкарыстанне пачалося з пашырэннем выліч. тэхнікі. Прамысл. стандарты штрыхавога кадзіравання прыняты ў 1973 у ЗША і Канадзе (стандарт UPC), у 1976 у Еўропе (стандарт EAN). У краінах Еўропы і Амерыкі з’явіліся нац. асацыяцыі (арганізацыі) кадзіравання тавараў. Найб. пашыраныя стандарты штрыхавой сімволікі: EAN, UPC выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі спажывецкіх тавараў, у рознічным і аптовым гандлі; Code 39, Interleved 2 of 5 — пераважна ў прам-сці; Codabar — у асн. у мед. прам-сці, банках пералівання крыві; ISSN, ISBN — у выдавецка-кнігагандлёвай і бібліятэчнай справе. З уступленнем у Еўрап. асацыяцыю EAN нееўрапейскіх дзяржаў сістэма атрымала міжнар. статус. У ёй 13 лічбаў. першыя 2 ці 3 паказваюць краіну-вытворцу (код Беларусі 481, Расіі 460—469, Польшчы 590, Германіі 400—440, ЗША і Канады 00—09, Турцыі 869, Кітая 690—691), наступныя 5 — прадпрыемствы, наступныя 5 — тавары і апошняя лічба — кантрольная. Карыстанне Ш.к. забяспечваюць прыстасаванні: друкавальнае (прынтэр, наносіць код на этыкеткі), счытвальнае (сканер, счытвае і дэкадзіруе штрых-кодавую інфармацыю), тэрмінальнае (збірае і апрацоўвае інфармацыю). Сусветны лідэр у распрацоўцы і вытв-сці абсталявання для штрыхавога кадзіравання — шведскі канцэрн UBI.

Б.​В.​Корзун.

Штрыхавы код EAN-13 ідэнтыфікацыі тавараў.

т. 17, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)