ІЗУМРУ́Д, смарагд,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr​3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РЫЦЫН Фёдар Васілевіч, рускі паліт. і грамадскі дзеяч, дыпламат канца 15 ст. Думны пасольскі дзяк. Удзельнічаў у фарміраванні знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы пры вял. кн. Іване III. У 1485 стварыў у Маскве гурток прыхільнікаў «Жыдоўствуючых» ерасі. Выступаў за скасаванне манастыроў і манаства, свабоду волі чалавека тлумачыў шырэй, чым артадаксальнае багаслоўе. Весткі пра К. губляюцца пасля 1500. Яго паслядоўнікі асуджаны на царк. саборы 1504.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭБУР ((Ledebour) Карл Фрыдрых) (8.7.1785, г. Штральзунд, Германія — 4.7.1851),

нямецкі батанік. Скончыў Грайфсвальдскі ун-т (1805). З 1805 дырэктар Бат. сада і праф. ун-та (1811—36) у г. Дэрпт (цяпер г. Тарту, Эстонія). Сабраў і апісаў каля 400 відаў раслін Алтая, склаў зводку больш чым па 6,5 тыс. відаў сасудзістых раслін Расіі Аўтар працы «Флора Расіі» (т. 1—4, 1842—53).

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТА́ТАР (ад лац. rotare вярцець, круціць),

малафарматны апарат трафарэтнага друку для аператыўнага размнажэння дакументаў малымі і сярэднімі тыражамі. Друкарскую форму рыхтуюць на спец. васковай паперы ці фотаплёнцы машынапісным, фотамех., фотаэл., гальванічным спосабамі або ад рукі (спец. пяром). Форму нацягваюць на цыліндр з фарбавальным апаратам унутры. Пры рабоце Р. фарба праходзіць праз прабітыя абрысы літар і адбіваецца на прыціснутай паперы. Менш прадукцыйны, чым ратапрынт.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУСЁЎ (Андрэй Фёдаравіч) (5.10.1908, в. Высокае Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.5.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, мінамётчык. Вызначыўся ў кастр. 1943 у баях на тэр. Лоеўскага р-на, дзе першы з роты фарсіраваў Дняпро, у баі за плацдарм удзельнічаў у адбіцці контратак праціўніка, чым забяспечыў пераправу інш. падраздзяленняў. Пасля вайны старшыня калгаса.

А.Ф.Самусёў.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

адносная адзінка вымярэння бляску нябеснага свяціла (зоркі, планеты, Сонца ці інш.); мера асветленасці, створанай нябесным свяцілам на мяжы атмасферы Зямлі ў плоскасці, перпендыкулярнай да падаючага праменя. У залежнасці ад метаду назірання адрозніваюць З.в. баламетрычную (па поўнай энергіі, выпрамененай свяцілам), фатаграфічную, фотаэл., візуальную і інш.

Зоркі 1-й З.в. (абазначаюцца 1​m) ствараюць у 2,512 разоў большую асветленасць E, чым зоркі 2-й З.в., якія ў сваю чаргу ствараюць светлавыя патокі ў 2,512 разоў большыя, чым зоркі 3-й і г.д. Матэматычна гэта запісваецца lg(E1/E2)=0,4(m2-m1), дзе ўлічана, што lg2,512=0,4. Нуль-пункт шкалы З.в. ўмоўна выбраны па групе зорак у наваколлі Палярнай зоркі (Паўночны Палярны Рад), напр., Вега мае З.в. 0​m,14. Калі свяціла стварае асветленасць, большую за 0​m, яго З.в. лічыцца адмоўнай, напр., Марс (у процістаянні) мае З.в. -1​m,9, Сонца -26​m,8 З.в. залежыць ад адлегласці паміж назіральнікам і свяцілам, таму ўводзяць абс. З.в., пад якой разумеюць З.в. свяціла на стандартнай адлегласці 10 пс.

А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),

1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.

У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).

2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.​Мальпігі і А.​Валіснеры, швейцарскія Ш.​Банэ і А.​Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),

у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.​Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАСТЭРО́Н,

мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)