КАСЦЮКО́ЎКА,
рабочы пасёлак у Гомельскім р-не. Падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму Савету г. Гомеля. За 12 км ад Гомеля, чыг. станцыя на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 11,1 тыс. ж. (1998).
Вядома з 1873 як ст. Лібава-Роменскай чыгункі. З 1929 пасёлак рабочых Гомельскага шклозавода, з 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў ноч на 18.8.1941 каля К. адбыўся бой паміж батальёнамі Гомельскага нар апалчэння і ням. танкавай часцю. З 18.8.1941 па 26.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Абсталяванне завода і частка рабочых эвакуіраваны ў Башкірыю, заводскія карпусы і пасёлак у час акупацыі зруйнаваны, у 1943—45 адноўлены.
Шклозавод, прадпрыемствы тарфяной (з-д «Імпульс»), швейнай прам-сці. 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Палац культуры шклозавода, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, спарткомплекс, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік работнікам шклозавода.
т. 8, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЖЫ́НСКІ (Сяргей Канстанцінавіч) (13.2.1870, Кіеў — 16.3.1901),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму ў Беларусі. Скончыў Кіеўскае рэальнае вучылішча (1891). З 1891 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Вёў ідэйную барацьбу супраць народнікаў. З 1895 пісар Мінскай кантрольнай палаты, з 1896 у Дзярж. кантролі Лібава-Роменскай чыгункі. Прапагандаваў марксізм сярод рабочых чыг. майстэрняў і ліцейнага з-да ў гуртку, які перадаў яму С.С.Трусевіч. У 1897—98 удзельнічаў у падрыхтоўцы Першага з’езда РСДРП у Мінску. У 1897 пазнаёміўся з укр. паэтэсай П.Украінкай, спрыяў станаўленню яе марксісцкага светапогляду, дапамагаў ёй друкаваць свае творы ў часопісе легальных марксістаў «Жизнь» (у 1900—01). Украінка 4 разы наведвала М. ў Мінску, у апошні прыезд правяла каля паміраючага 2 месяцы і напісала тут паэму «Апантаная». Імем М. названа вуліца ў Мінску.
Літ.:
Басин Я. Зов Прометея: Повесть о Сергее Мержинском. Мн., 1987.
Я.З.Басін.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙРО́БІ (Nairobi),
горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс. м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац. ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пд — нац. парк Найробі.
Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ. ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМ’Е́НТА ((Sarmiento) Дамінга Фаўсціна) (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),
аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.М.Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас. прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.
Тв.:
Рус. пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.
т. 14, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс. чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас. р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял. Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
т. 8, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс. ж. (2000).
У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.
Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (Васіль Усцінавіч) (4.9.1848 — пасля жн. 1907),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ардынарны праф. Мікалаеўскай акадэміі Генштаба (1895). Ген.-лейт. (1897). З дваран Мінскай губ. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1866), Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1875 ?). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. У 1880 і 1882 прымаў удзел у міжнар. камісіі па размеркаванні тэр. Чарнагорыі; вырашэнні грэка-тур. пытання; знаходзіўся пры англ. экспедыцыйным корпусе ў Егіпце, дзе часова кіраваў рас. ген. консульствам. У 1884—90 нач. 2-га аддзялення Гал. штаба, з крас. 1890 прымаў удзел у рабоце камісій па ўзвядзенні абарончых збудаванняў на зах. мяжы Рас. імперыі і ўзбраенні крэпасцей. У ліп. — вер. 1893 камандзір брыгады ў Віленскай ваен. акрузе. З 1896 у Гал. штабе і ў ваен. міністэрстве. Чл. праўлення Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (з 1900 і з 1906). У снеж. 1905—кастр. 1906 — часовы Прыбалтыйскі ген.-губернатар.
А.М.Лукашэвіч.
т. 14, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс. ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс. ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.
т. 4, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́Р (Dakar),
горад, сталіца Сенегала. Знаходзіцца на п-ве Зялёны Мыс — самым зах. пункце Афрыкі. 1490,4 тыс. ж. (1988). Другі па велічыні порт у Зах. Афрыцы, абслугоўвае Сенегал і Маўрытанію. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы прамысл., трансп. і гандл.-фін. цэнтр Зах. Афрыкі. У Д. і яго наваколлі больш за 80% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. 3-ды па вытв-сці алею з арахісу, мылаварныя, мукамольныя, рыбакансервавыя і інш. прадпрыемствы харчасмакавай прам-сці. Тэкст., фармацэўтычныя, гарбарна-абутковыя, аўтазборачныя, цэм., паліграф. прадпрыемствы. Буд-ва невял. суднаў, суднарамонт. Цэнтр турызму і зімовага адпачынку. Ун-т.
Засн. ў 1857 як франц. форт. З 1895 у складзе франц. калоніі Сенегал, у 1895—1960 яе адм. цэнтр. У 1904—59 адм. цэнтр Франц. Зах. Афрыкі. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны англа-амер. войскамі (1942), іх стратэг. база для марскіх аперацый у Атлантычным ак., адзін з апорных пунктаў «Змагарнай Францыі». З 1960 сталіца Рэспублікі Сенегал.
т. 6, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)