БУ́ФЕРНЫЯ РАСТВО́РЫ,

растворы, якія падтрымліваюць пастаяннае значэнне вадароднага паказчыка (pH), акісляльна-аднаўляльнага патэнцыялу ці інш. характарыстык пры змяненні саставу ці канцэнтрацыі. Найб. пашыраны водныя кіслотна-асноўныя буферныя растворы: растворы слабай к-ты ці асновы са сваёй соллю, напр. воцатнай к-ты CH3COOH і яе натрыевай солі CH3COONa. Значэнне pH гэтых раствораў амаль не мяняецца пры змяненні канцэнтрацыі яго кампанентаў або пры дабаўленні невял. колькасці моцнай к-ты ці шчолачы. Выкарыстоўваюцца ў хім. аналізе для правядзення рэакцый пры пэўных значэннях pH. Буферныя растворы адыгрываюць важную ролю ў жывых арганізмах (напр., у крыві пастаянства pH падтрымліваецца буферны раствор з карбанатаў і фасфатаў) і ў захаванні ўрадлівасці глебы (гл. Буфернасць глебы).

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІ ЗАМЯШЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.

З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМЕ́НШЫ АГУ́ЛЬНЫ КРА́ТНЫ двух (ці больш) цэлых лікаў,

найменшы дадатны лік, які дзеліцца на кожны з зададзеных лікаў. Напр., Н.а.к. лікаў 12, 15 і 20 з’яўляецца 60. Н.а.к. двух натуральных лікаў роўны здабытку гэтых лікаў, падзеленаму на іх найбольшы агульны дзельнік.

Выкарыстоўваецца пры складанні (ці адыманні) дробаў найменшым агульным назоўнікам двух (ці больш) дробаў з’яўляецца Н.а.к. іх назоўнікаў. Для знаходжання Н.к.а. зыходныя лікі раскладаюць на простыя множнікі (гл. Раскладанне на множнікі) і перамнажаюць усе простыя множнікі, якія ўваходзяць хаця бы ў адзін лік. Пры гэтым кожны множнік бяруць найб. колькасць разоў, якую ён сустракаецца. Паняцце Н.а.к. дастасавальнае і для мнагаскладаў: Н.а.к. двух ці больш мнагаскладаў ёсць мнагасклад найменшай ступені, які дзеліцца на кожны з зададзеных.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛА (італьян. solo ад лац. solus адзін, адзіны),

1) самастойная партыя аднаго выканаўцы (саліста) або эпізод у оперы, балеце, вак.-сімф., сімф., харавым ці кам.-інстр. творы, разлічаны на выкананне адным спеваком, танцорам ці інструменталістам.

2) Муз. твор ці яго частка, прызначаны для аднаго голасу або інструмента (з акампанементам ці без яго).

3) Tasto solo (T.S.; італьян. адна клавіша), абазначэнне ў генерал-басе, якое ўказвае на неабходнасць выканання партыі баса без акордавых гукаў. У партытуры тэрмін «С.» пазначае момант уступлення саліста, на тытульным лісце твора — яго прызначэнне для аднаго інструмента. Як аднагалосая форма выканання С. ўласціва і нар., у т. л. бел., песеннаму і інстр. муз. мастацтву.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКТ (ад лац. factum зробленае, здзейсненае),

сапраўдная падзея, здарэнне ці з’ява; веды, праўдзівасць якіх даказана. Адрозніваюць Ф. аб’ектыўны і навуковы. Аб’ектыўны Ф. уяўляе сабой пэўную падзею ці з’яву, якія складаюць аб’ект чалавечай дзейнасці ці пазнання. Навуковы Ф. — адлюстраванне аб’ектыўнага Ф. ў чалавечай свядомасці пры дапамозе натуральнай ці штучнай мовы. У логіцы і метадалогіі навукі Ф. разглядаюцца як выказванні, якія фіксуюць эмпірычныя веды і проціпастаўляюцца тэарэт. ведам. У разуменні ролі Ф. ў навуцы склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: фактуалізм (адстойвае аўтаномнасць Ф. адносна тэарэт. ведаў) і тэарэтызм (абгрунтоўвае залежнасць Ф. ад тэорыі). Тэорыя ўтварае канцэптуальную аснову Ф., фарміруе мову, на якой яны апісваюцца. Ф. адыгрываюць незаменную ролю ў працэсе верыфікацыі і фальсіфікацыі тэорый.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАДО́НЫ, фрэоны,

тэхнічная назва насычаных фторзмяшчальных вуглевадародаў (некат. змяшчаюць таксама атамы хлору ці брому), якія выкарыстоўваюцца як холадагенты ў халадзільных агрэгатах і інш.

Газападобныя ці вадкія рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках; некат. ўтвараюць крышталегідраты. Негаручыя, выбуховабяспечныя, хімічна інертныя. Пры ультрафіялетавым апрамяненні ў прысутнасці атамарнага кіслароду разбураюцца з утварэннем радыкалаў, якія дыспрапарцыянуюць да фторкарбанільных злучэнняў, галагенаў і інш.; хлорзмяшчальныя Х. вылучаюць атамарны хлор, які ўзаемадзейнічае з атм. азонам, Атрымліваюць фтарыраваннем хлор- ці бромпарафінаў фторам, фтарыдамі металаў і інш. Выкарыстоўваюць як прапеленты для аэразоляў, пораўтваральнікі ў вытв-сці пенапластаў, інертныя растваральнікі і інш. У сувязі з уплывам на стратасферны азон прамысл. вытв-сць некат. Х. забаронена ці абмежавана. Малатаксічныя. ГДК 1000—3000 мг/м³.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТАКА́ДА (франц. estacade),

наземнае ці надводнае маставое збудаванне для пракладкі чыгунак, аўтадарог, метро, трубаправодаў рознага прызначэння, устаноўкі трансп. механізмаў, пад’ёмных кранаў.

Будуюць Э. на пэўнай вышыні ад паверхні зямлі ці вады, каб пад Э. быў праезд ці праход. Складаецца з пралётных пабудоў бэлечнай, арачнай, рамнай, падкоснай ці інш. канструкцый і апор Існуюць наземныя гар. пазавулічныя чыгункі — метрапалітэны на Э. (напр., у Берліне, Нью-Йорку). Э. пашыраны ў гідратэхніцы пры буд-ве прычалаў, пірсаў, дамбаў, а таксама для падвозу матэрыялаў і канструкцый да будоўлі, у лясной прам-сці. Выкарыстоўваюць для механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ на складах, станцыях, у партах, часам на Э. робяць бункеры і закрытыя галерэі.

Надводная эстакада.

т. 18, кн. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧНІК,

службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.

У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛА́З,

марка кар’ерных аўтамабіляў-самазвалаў, спец. колавых трансп. сродкаў для металургічных прадпрыемстваў і аэрадромных цягачоў, якія выпускаюцца Беларускім аўтамабільным заводам. Самазвалы вырабляюцца з колавай формулай 4×2 (гл. Аўтамабіль) для розных клімат. і дарожных умоў, з гідрамех. ці электрамех. трансмісіямі, з рознымі мадэлямі рухавікоў і каробак перадач.

З 1995 вырабляюцца: кар’ерныя самазвалы БелАЗ-7540 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75405, -75407 грузападымальнасцю 30 т з рухавіком ЯМЗ-240ПМ2 магутнасцю 309 кВт (420 к.с.); БелАЗ-7548 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75485, -75489 (42 т) з рухавіком ЯМЗ-8401.10-02 (405 кВт, ці 550 к.с.); БелАЗ-7549 (80 т) з рухавіком 6ДМ-2ПБ (809 кВт, ці 1100 к.с.); БелАЗ-7512 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75124, -75125, -75128 (120 т) з рухавіком 8ДМ-21АМ (956 кВт, ці 1300 к.с.); БелАЗ-75215 (180 т) з рухавіком 12ЧНІА-26/26 (1691 кВт, ці 2300 к.с.); БелАЗ-7530 (200—220 т) з рухавіком Дэтройт Дызель 16V-149TIB (1641 кВт, ці 2200 к.с.). З рухавіком ЯМЗ-8424.10-01 (312 кВт, ці 425 к.с.) выпускаюцца: аэрадромны цягач БелАЗ-74211 (4 × 4) для буксіроўкі самалёта масай да 210 т; шлакавоз БелАЗ-7920 (6 × 2) грузападымальнасцю 80 т для транспарціроўкі вадкага шлаку ў каўшах на металургічных прадпрыемствах; цяжкавозы БелАЗ-7921, -7924 (14 × 4; 140—150 т) для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў; франтальны пагрузчык БелАЗ-7820 (10 т).

А.​С.​Рукцяшэль.

Да арт. БелАЗ. Шлакавоз БелАЗ-7920.
Да арт. БелАЗ. Кар’ерны самазвал БелАЗ-7549.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФ (франц. griffe 1) штэмпель з узорам подпісу ці якім-н. інш. рукапісным тэкстам.

2) Надпіс на дакуменце ці выданні, які вызначае парадак карыстання ім (напр., грыф «На правах рукапісу»).

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)