НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.

1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл. Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв. гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт. Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт. Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім. прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г. БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр. падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.

Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.

Літ.:

Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;

Многонациональное советское государство. М., 1972;

В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;

Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.

Я.​І.​Бараноўскі.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТАЛІ́ЗМ,

адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст. манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл. Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл. Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыі гасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв. інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.

У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала ​2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.

У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;

Капитализм на исходе столетия. М., 1987;

Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),

кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.​Банар, Б.​Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл. Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).

Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.

Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац. еўрап. маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.​Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.​Касат у ЗША; Л.​Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.

У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.

Складваўся як адзін з кірункаў літ. дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.​Шніцлер, П.​Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.​Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.​Мана, С.​Цвэйга; у творчасці М.​Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.​Фета, у прозе А.​Чэхава, І.​Буніна, у ранняй паэзіі А.​Блока, А.​Белага, М.​Валошына, Б.​Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.​Багдановіча.

У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.​Верлена, С.​Малармэ, П.​Луіса, М.​Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.

Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.​Равель, П.​Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.​Рэспігі, часткова А.​Казела і Дж.​Ф.​Маліп’ера ў Італіі, Ф.​Дыліус і С.​Скот у Вялікабрытаніі, К.​Шыманоўскі ў Польшчы, І.​Стравінскі, М.​Чарапнін у Расіі і інш.).

У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.​Антуана, Г.​Рэжан (Францыя), М.​Райнгарта, О.​Брама (Германія), Э.​Дузе (Італія), У.​Меерхольда, В.​Камісаржэўскай, П.​Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ. М., 1994;

Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;

Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.

А.​В.​Вайцяховіч (мастацтва), Т.​В.​Сініла Г.​В.​Сініла (літаратура).

Да арт. Імпрэсіянізм. К.​Манэ. Скалы в-ва Бель-Іль. 1886.
Да арт. Імпрэсіянізм. К.​Пісаро. Бульвар Манмартр у Парыжы. 1897.
Да арт. Імпрэсіянізм. Э.​Манэ. Алімпія. 1863.
Да арт. Імпрэсіянізм. П.​Банар. Парыж раніцай. 1911.
Да арт. Імпрэсіянізм. А.​Рэнуар. Дзяўчына з веерам. 1881.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,

доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.​Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.​Н.​Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.​Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.​Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 17, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр. б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.

Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.

Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ. «Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач. сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв. «белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.

Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл. Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.

Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.

Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.​І.​Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач. чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.

У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел. нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.

Літ.:

Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;

Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;

Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. М., 1964;

Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

М.​В.​Біч.

Да арт. Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.​Дударэнка. 1978.
Да арт. Паўстанне 1863—64. К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.​Сергіевіч 1959.

т. 12, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41

Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.​М.​Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.​Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.​Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.

17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр. Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».

28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр. СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.

10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр. БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр. БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл. БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.​І.​Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.​Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.

Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.​А.​Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах. сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.​Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.​Канарысам 31.5.1941.

Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.

Літ.:

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;

«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;

СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;

Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;

Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),

абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л. Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр. Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.

Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.​Я.​Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас. дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел. Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.​П.​Аляксюк, Р.​А.​Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.​М.​Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.​Аўсянікам, П.​А.​Крачэўскім, Я.​Ю.​Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм. ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел. нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед. ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел. навук. т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.​І.​Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел. нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.​Ю.​Ластоўскі і міністр замежных спраў А.​І.​Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.​І.​Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.​С.​Абрамчык (з 1943), В.​Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.​Сажыч (з 1982).

Літ.:

Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж. Мн., 1991;

Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;

Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.

А.​М.​Сідарэвіч.

Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.​Бурбіс, Я.​Серада, Я.​Варонка, В.​Захарка; стаяць — А.​Смоліч, П.​Крачэўскі, К.​Езавітаў, А.​Аўсянік, Л.​Заяц. Мінск. 1918.
Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Склалася на землях Зах. Беларусі, што ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышлі пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланіялісцкай палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да бел. этнасу за адносна невялікі гіст. перыяд літаратура Зах. Беларусі развілася ў самадастатковую з’яву нац. культуры, стала арганічнай выразніцай бел. духоўнасці. У ідэйна-праблематычным і эстэт. плане яна складае асобны, самакаштоўны раздзел агульнанац. бел. літаратуры 1-й пал. 20 ст. Літ. працэс у Зах. Беларусі грунтаваўся на бел. ідэі, нац. і сац. самаідэнтыфікацыі народа, яго паліт. разняволення. Заснавальнікамі зах.-бел. літ. традыцыі сталі былыя нашаніўцы А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, носьбіт рас. эстэтычнай і філас. культуры У.​Самойла, прадстаўнікі маладой генерацыі, якія прыйшлі ў літаратуру ў час 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, У.​Жылка, І.​Канчэўскі, М.​Краўцоў, Л.​Родзевіч. У ліку першых паэтычных зборнікаў, выдадзеных у пачатку 1920-х г. у Вільні, былі «Беларусь» Л.​Родзевіча, «Уяўленне» і «На ростанях» У.​Жылкі, прасякнутыя пафасам вызваленчага змагання, ідэяй сац. і нац. свабоды бел. народа. Падзел бел. зямель дэтэрмінаваў у паэзіі драматычны матыў Беларусі, штучна парэзанай дзярж. межамі, адначасова ён даў імпульс нац. самасцвярджэнню. Ідэя нац. самаідэнтыфікацыі набыла асаблівую актуальнасць і філас. скіраванасць у эсэістыцы І.​Канчэўскага («Адвечным шляхам»), філас. публіцыстыцы У.​Самойлы («Гэтым пераможаш!..») і А.​Цвікевіча («Аб аргументах ад розуму і аргументах ад сэрца», «Вялікае спрашчэнне, ці вялікае ўдасканаленне»). Надзённым грамадска-паліт. праблемам жыцця Зах. Беларусі пад польскай адміністрацыяй прысвячалася маст. публіцыстыка М.​Гарэцкага, асабліва ў рэдагаванай ім газ. «Беларускія ведамасці» («Важны фронт», «Беларусы, бярыцеся за грамадскую работу» і інш.). Гіст. тэматыка малой прозы М.​Гарэцкага віленскага перыяду (1920—23) мела зах.-бел. кантэкст, а ў асобных апавяданнях навідавоку зах.бел. рэаліі («Руіны» ў панскай кухні», «Смачны заяц», «Страшная музыкава песня», «Пакінутыя хаты» і інш.). Вопыт 1-й сусв. вайны асэнсаваны Ф.​Умястоўскім у апавяд. «Стася». Да жанру малой прозы ў апавяданнях «Маршлют», «Маскалёвы дзеці» звярнуўся М.​Краўцоў. Поспехі драматургіі Зах. Беларусі ў пач. 1920-х г. засведчаны п’есамі «Досвіткі», «На Каляды», «ПСХ», «Кавалі» Л.​Родзевіча, «Няскончаная драма» Ф.​Аляхновіча, «Жартаўлівы пісарэвіч» М.​Гарэцкага. У драматургічным жанры на матэрыялах 1 -й сусв. вайны, рэвалюцый і грамадз. вайны асэнсоўваліся праблемы пошуку бел. народам уласных шляхоў, лёс інтэлігенцыі на фоне грандыёзных падзей і катаклізмаў.

У літ. працэсе Зах. Беларусі актыўна развіваліся крытыка і літ.-знаўства — І.​Дварчанін, У.​Жылка, Р.​Зямкевіч, В.​Ластоўскі, А.​Навіна (Луцкевіч), Я.​Светазар (М.​Краўцоў), А.​Станкевіч, Суліма (У.​Самойла); у гэты час М.​Гарэцкі апрацоўваў першую канцэптуальную гісторыю бел. літаратуры, змясціў у перыёдыцы шэраг літ. партрэтаў. У сувязі з ростам вызваленчага руху ў яго легальных формах перыяду Беларускай сялянска-работніцкай грамады на старонках перыядычнага друку з’явілася масавая паэзія. З ёю прыйшла новая кагорта пісьменнікаў — М.​Васілёк, Х.​Ільяшэвіч, М.​Машара, А.​Салагуб і інш. Для прадстаўнікоў гэтай маладой генерацыі было характэрна ранняе грамадз. ўзмужанне, непрыняцце пануючага рэжыму. Усе яны (акрамя М.​Машары) — удзельнікі камуністычнага падполля і зведалі, у т. л. М.​Машара, турэмнае зняволенне ў Лукішскай турме. Маст. вобраз пераканаўчага змаганца-палітвязня ўпершыню на зах.-бел. грунце створаны ў сярэдзіне 1920-х г. А.​Салагубам у цыкле лукішскіх вершаў. Пазней гэты паэтычны вобраз атрымаў ідэйна-эстэт. завяршэнне ў паэзіі М.​Танка і В.​Таўлая. Лірычны герой А.​Салагуба горды ўсведамленнем, што ўдзельнічае ў камуністычным руху, спадзяецца на планетарна вызваленчыя здзяйсненні. Не пазбаўлены ідэйна-эстэт. пошукавых амбіцый і імкнення ствараць «новы Апокрыф», Х.​Ільяшэвіч наследаваў ідэю змагання працоўных, асвойваў тэму працы, распрацоўваў гарадскія матывы (зб. «Веснапесні»). М.​Машара ў лірычным зб. «Малюнкі» (1928) сцвярджаў абуджэнне зах.-бел. вёскі да свядомага жыцця. Ф.​Грышкевіч пры маст. увасабленні бел. ідэі дзеля пашырэння яе ў масавай свядомасці звяртаўся да творчага пераасэнсавання ў паэзіі вобразаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта і інш. гіст. постацей (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). М.​Васілёк у зб. «Шум баравы» (1929) адлюстраваў уласцівую для ўсёй бел. літаратуры 1920-х г. ідэю нац. адраджэння, а таксама непрыняцця пануючага ў Зах. Беларусі польскага аўтарытарнага рэжыму. Вобразы сейбіта і барацьбіта-адраджэнца ў яго паэзіі семантычна тоесныя. Асобныя матывы ў паэзіі М.​Васілька праменілі аптымізмам, верай у справу нар. вызвалення і адраджэння. Мяккі, лірычны, рамант. пафас у яго паэзіі суседнічаў з матывамі гумару, паказваў зах.-бел. рэчаіснасць у гумарыстычных вобразах і калізіях.

Паэтычны зб. «Світанне» П.​Сакола (1929) арганічна спалучаў у сваім змесце сац. і нац. ідэі і матывы. У няскончанай яго паэме «Латгалія» ўдала адлюстраваны некат. сац. рэаліі з жыцця бел. этнасу на яго балта-слав. узмежжы. У 1927 зах.-бел. літаратары зрабілі спробу стварыць на ўзор літаб’яднанняў, што былі ў Сав. Беларусі, прафесійнае пісьменніцкае згуртаванне «Веснаход». Але ў гэты час распачаўся шырокі наступ польскай адміністрацыі на бел. арганізацыі, і аб’яднанне не было зацверджана. У выдадзеным згуртаваннем зб. «Рунь «Веснаходу» акрамя твораў М.​Васілька, Х.​Ільяшэвіча, якія ўжо грунтоўна заявілі пра сябе ў друку, змешчаны вершы і маладзейшых: Г.​Вялецкага, Звестуна (П.​Пестрак), Ю.​Сергіевіча, В.​Шкодзіча і інш.

Гісторыя духоўнага і культ. жыцця Зах. Беларусі ў 1930-я г. мела спецыфіку, абумоўленую найперш грамадска-паліт. ўмовамі, што склаліся ў Беларусі па абодва бакі польска-сав. мяжы. Хоць грамадскае жыццё і літ. працэс у Зах. Беларусі ў 1930-я г. не зведалі такіх радыкальных перамен, як у СССР, аднак яны трапілі пад паліт. ўціск з боку польскай дзяржавы. З пач. 1930-х г. у Польшчы ўзмацніўся аўтарытарны рэжым, што разам з эканам. крызісам ускладняла і культурніцкую сферу жыцця. З разгромам уладамі паліт. арганізацыі «Змаганне» і арыштам дэпутатаў сейма легальныя формы бел. вызваленчага руху ў Польшчы былі ліквідаваны. У 1930 і 1933 былі арыштаваны галоўная ўправа Таварыства бел. школы (ТБШ) на чале з С.​Паўловічам, Ф.​Стацкевічам, Р.​Шырмам, паступова закрываліся павятовыя і нізавыя яго структуры, а ў 1936 дзейнасць ТБІП і Бел. ін-та гаспадаркі і культуры зусім забаронены; закрываліся бел. школы, апошнія бел. гімназіі, а Віленская гімназія пераўтворана ў філіял польскай. Пачалася канфіскацыя перыядычных выданняў, кніг паэзіі М.​Васілька, М.​Танка і М.​Машары, нават бел. буквара С.​Паўловіча. Нягледзячы на такія акалічнасці, зах.-бел. інтэлігенцыя праяўляла рэальныя доказы грамадз. жыццяздольнасці. У 1932 выйшла 5 нумароў час. «Нёман», прысвечанага літаратуры, навуцы і мастацтву. У 1935 заснаваны літаратурна-навук. і грамадскі час. «Калоссе». Дзеячы асветы выдавалі час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і «Самапомач». Ідэю нац. вызвалення адстойвала газета «Беларускі фронт». Замест заняпалага кааперацыйнага кніжнага Бел. выдавецкага таварыства, прадуктыўнага ў 1920-я г., практыкаваліся прыватныя выданні Р.​Шырмы, С.​Глякоўскага і Найдзюка, а ў 1937 заснавана выдавецтва «Белпрэс». Існавала Бел. каталіцкае выдавецтва і друкарня імя Ф.​Скарыны. У 1-й пал. 1930-х г. лідэрам зах.-бел. паэтаў стаў М.​Машара. Выйшлі зб-кі яго лірыкі «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935); крыху раней напісаная ў Лукішскай турме паэма-сімфонія «Валачобнае» — гімн разбуджанаму нар. духу, натхнёны парывам да свабоды ў час грамадаўскага ўздыму. Місію паэта і сваё асабістае крэда М.​Машара бачыў у грамадз. служэнні народу на шляху да яго вызвалення. Мажор яго лірыкі, зрэдку асмучаны нар. нядоляй, гучаў зараджальна, нёс веру ў годную будучыню. Нягледзячы на грамадскія і інш. катаклізмы, яго паэзія і ў 1930-я г. не страціла духу грамадзянскасці, хоць і не мела ранейшага наступальнага тону. У паэтычных рэфлексіях Х.​Ільяшэвіча 2-я пал. 1930-х г. прадстае як стратны ў лёсе Беларусі час.

У 1930-я г. ў паэзію Зах. Беларусі прыйшлі А.​Бярозка, А.​Дубровіч, А.​Іверс, С.​Крывец, М.​Танк, Н.​Тарас, С.​Хмара. Медытацыі А.​Бярозкі пра лёс народа і бацькаўшчыны, надрукаваныя ў час. «Шлях моладзі» і «Калоссе», мелі філас. напаўненне і адметную метафарычнасць. Ракурс бачання зах.-бел. рэчаіснасці ў С.​Крыўца сацыяльна завостраны, угрунтаваны на жыццёвым вопыце паэта-рабочага (вершы «Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Яго паэтычны сінтаксіс вызначаўся сцісласцю фразы, афарыстычнасцю маст. абагульнення думкі. С.​Хмара прыйшоў у літаратуру праз грамадаўскі вызваленчы парыў, праз польскія астрогі (зб. «Жураўліным шляхам», 1939). Тэматычна актуальная, яго паэзія вылучалася дынамізмам рытму, моцнай энергетыкай радка. З глыбінь вызваленчага змагання прыйшоў у літаратуру В.​Таўлай, актыўны ўдзельнік рэв. падполля. Няшмат яго вершаў (пад псеўданімам П.​Сірата) пабачылі свет у зах.-бел. друку ў Вільні. Творы, надрукаваныя ў час. «Калоссе» і «Шлях моладзі», выяўлялі ў паэта эпічны пачатак, прамоўніцкую інтанацыю, спалучаныя з пранікнёнай лірычнасцю. На агульнаеўрап. ўзровень узняў паэзію Зах. Беларусі М.​Танк. У грамадз. лірыцы, мадэрністычнай паводле вобразнай фактуры і рэв. паводле ідэйнай накіраванасці (паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет»), паэт глыбока па-мастацку узнавіў рэв. сучаснасць і гіст. мінулае Беларусі, стварыў сац. партрэт эпохі. М.​Танку ўдалося арганічна паяднаць у бел. маст. слове сінкрэтычнае фалькл. і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне.

Літ.-маст. развіццё ў Зах. Беларусі 1930-х г. мела і сваю жанравую спецыфіку. Калі ў 1920-я г. паспяхова развіваліся драматургія, лірыка, малая проза, літ.-філас. эсэістыка, то 1930-я г. характарызуюцца акрэсленым дамінаваннем паэзіі і сціплым набыткам прозы (апавяданні Х.​Ільяшэвіча пад псеўданімам Дальны). Другое месца пасля паэзіі належала маст. публіцыстыцы (А.​Бужанскі, С.​Грынкевіч, У.​Самойла). Актуальным творам на свой час была аповесць «Царква. Поста. Вязьніца» С.​Грынкевіча. У 1930-я г. ён актыўна працаваў у жанры асветна-навук. публіцыстыкі. У артыкулах «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Культура і загады нацыянальнае працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Аб тэатры» і інш. ён уздымаў надзённыя і фундаментальныя праблемы літаратуры, культуры, экзістэнцыі грамадства. Крытык і публіцыст А.​Бужанскі аналізаваў генезіс рэпрэсій, што абрынуліся ў 1930-я г. на бел. рух, бел. інтэлігенцыю. У.​Самойла грунтоўна даследаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў у сваім публіцыст. эсэ «Курс «новы» і «найноўшы» палітыкі польскай у беларускай справе». Гэтае эсэ было скіравана да дэмакратычнай грамадскасці свету для азнаямлення яе з трагедыяй бел. народа і яго інтэлігенцыі. Развіваліся крытыка і літ.-знаўства. А.​Навіна паглыблена даследаваў творчасць бел. класікаў (брашура «Янка Купала — прарок адраджэння», арт. «Да крыніцаў творчасці М.​Багдановіча» і інш.). Аналізуючы тыпалогію аповесцей «Дзве душы» М.​Гарэцкага і «Прадвесне» С.​Жаромскага, ён імкнуўся да метадалагічнага ўзбагачэння айч. літ.-знаўства. У арт. «На шляхах новай беларускай паэзіі», «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры» С.​Станкевіч прагназіраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці айч. прыгожага пісьменства. У літ. эсэ «Вялікі скарб нашай старасведчыны» У.​Самойла напярэдадні 2-й сусв. вайны раздумваў над векавымі традыцыямі бел. духоўнасці, стараж. літаратурай Беларусі.

Станаўленне і развіццё літаратуры Зах. Беларусі як часткі агульнанац. маст. культуры адбылося на аснове дэмакратычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай традыцый айч. літаратуры пач. 20 ст. Яна была арганічнай выразніцай дум і памкненняў 3-мільённага этнасу, які не прыняў рэжым даваеннай Польшчы і вёў барацьбу за сваё сац. і нац. вызваленне. У зах.-бел. літаратуры плённа рэалізаваліся ўсе жанры: паэзія ў яе грамадз. іпастасі, драматургія, літ.-філас. эсэістыка, крытычная і літ.-знаўчая эсэістыка. Зах.-бел. літаратура функцыянавала ў агульнаеўрап. кантэксце і каштоўная тым, што паслядоўна адстойвала фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці: свабоду народа, свабоду чалавечай асобы, свабодную працу ў свабоднай грамадз. супольнасці і вольнай краіне.

А.​С.​Ліс.

М.​Танк, В.​Труцька і Р.​Шырма. Вільнюс. 1937.
Вокладка першага зборніка вершаў М.​Танка «На этапах». 1936.

т. 18, кн. 2, с. 617

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ЗА (ад лац. prosa),

1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.

2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.

3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П.), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г. і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.​Талстога, Я.​Коласа, І.​Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.

Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.​Рабле, М.​Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.​Дэфо, А.​Ф.​Прэво, Г.​Філдынга, С.​Рычардсана, Ж.​Ж.​Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.​Бальзак, Г.​Флабер, Ч.​Дзікенс, У.​Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.​Голсуарсі, Г.​Ман, Т.​Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.​Заля, М.​Пруст, О.​Уайльд, Дж.​Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.​Хемінгуэй, Р.​Ралан, Г.​Бёль, У.​Фолкнер, Г.​Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.​Кафка, А.​Камю, Ж.​П.​Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.​Эка, Т.​Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.​Пушкін, М.​Лермантаў, М.​Гогаль, І.​Ганчароў, Ф.​Дастаеўскі, Л.​Талстой, І.​Тургенеў, А.​Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.​Горкі, М.​Зошчанка, А.​Купрын, А.​Салжаніцын, А.​Талстой, М.​Шолахаў, В.​Шукшын, В.​Бялоў, Ю.​Бондараў, В.​Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.​Меражкоўскі, Б.​Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.​Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.​Набокаў, А.​Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.​Пялевін, С.​Сакалоў, У.​Сарокін і інш.).

У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц. гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.​Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.​Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.​Каганец, Я.​Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.​Колас, М.​Багдановіч, З.​Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.​Вольны, П.​Галавач, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, Я.​Маўр, Б.​Мікуліч, К.​Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.​Колас, Ц.​Гартны, З.​Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.​Чорны) і аповесці (Я.​Колас, Гарэцкі, Л.​Калюга, Мікуліч і інш.). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.​Бядуля, В.​Ластоўскі і інш.). Аднак у нац. бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.​Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.​Брыля, І.​Грамовіча, А.​Кулакоўскага, У.​Краўчанкі, М.​Лупсякова, І.​Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.​Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.​Адамовіча, В.​Адамчыка, В.​Быкава, В.​Карамазава, У.​Караткевіча, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Стральцова, І.​Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.​Алексіевіч, В.​Гігевіч, Г.​Далідовіч, А.​Жук, В.​Казько, А.​Кудравец і інш. Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.​Асташонак, А.​Кажадуб, Х.​Лялько, А.​Наварыч, У.​Рубанаў, К.​Тарасаў, А.​Федарэнка, У.​Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.​Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.​Гіль, Далідовіч, Жук, В.​Іпатава, І.​Капыловіч, А.​Кудравец, Г.​Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш у П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.​Коласа, версэты А.​Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.​Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).

Літ.:

Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;

Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;

Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;

Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;

Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;

Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;

Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.

А.​М.​Андрэеў, С.​Ю.​Лебедзеў.

т. 13, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.

Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.​Б.​Валовіча і падканцлера Л.​І.​Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш. еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр. ням., франц., лац. мовы.

Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.​Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.​Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.​Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.

Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.

Публ.:

Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Літ.:

Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;

Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;

Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;

Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;

Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;

Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;

Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;

Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;

Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;

Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;

Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)