ПРЫРО́ДНАЯ РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ,

натуральны радыяцыйны фон Зямлі, які абумоўлены прыроднымі радыенуклідамі касм. ці зямнога паходжання, што прысутнічаюць у зямных абалонках (літасферы, гідрасферы, атмасферы і біясферы). Да касмагенных радыенуклідаў (ізатопаў, якія ўзніклі на Зямлі пад уздзеяннем касм. прамянёў) адносяць вуглярод (​14C), трытый (​3H), берылій (​7Be). Радыенукліды зямнога паходжання, якія ўплываюць на натуральны радыяцыйны фон, падзяляюць на групы: элементы радыеактыўных сем’яў урану (​238U), торыю (​232Th), актынаўрану (​235AcU); прадукты распаду элементаў радыеактыўных сем’яў (радон, тарон, актынон); інш. радыеактыўныя элементы [кальцый (​48Ca), рубідый (​87Rb), фосфар (​32P), сера (​15S), плутоній (​239Pu) і інш.]. Жыццё на Зямлі ўзнікла і развіваецца на фоне гэтай радыяцыі, пэўны яе ўзровень неабходны для існавання жыцця на Зямлі.

Г.​З.​Сярэбраны.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),

механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням. інж. Э.​Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАФО́Н (ад лац. dicto дыктую, гавару + ...фон),

апарат для запісу і ўзнаўлення мовы, выкананы, напр., на аснове магнітафона. Бывае кабінетны і партатыўны (з сілкаваннем ад акумулятараў або эл. батарэй). Выкарыстоўваецца для дыктавання пісем, запісу выступленняў, лекцый і інш.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІКА́ННЕ,

функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.​Канта, Ж.​Ж.​Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1962;

Драмы. Новеллы. М., 1969;

Избранное. М., 1977.

Літ.:

Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гельдерлин, Клейст, Гейне. [2 изд.] М., 1974;

Генрих фон Клейст: Биобиблиогр. указ. М., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́Я (франц. camée ад італьян. cammeo, cameo),

твор гліптыкі; від гемы — каштоўны, часцей паўкаштоўны камень (сардонікс, агат і інш.) з выпуклай разной выявай. Выразнасць дасягаецца праз натуральную слаістасць каменя (выява — аднаго колеру, фон, адметныя па тоне і фактуры дэталі — іншых). Вядома з 4 ст. да н.э., росквіт — у мастацтве эліністычнай Грэцыі і Стараж. Рыма.

Камея. Апафеоз Каракалы. Каля 217.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ (Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),

нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.​Вагнера.

Тв.:

Рус. пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.

Літ.:

Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЯ́Н ((Karajan) Герберт фон) (5.4.1908, г. Зальцбург, Аўстрыя — 16.7.1989),

аўстрыйскі дырыжор. Вучыўся ў «Моцартэуме» ў Зальцбургу і Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Ф.​Шалька. Дэбютаваў у 1927. У 1941—44 кіраўнік Берлінскай дзярж. капэлы. З 1947 дырыжор (з 1949 і дырэктар) Т-ва сяброў музыкі ў Вене. З 1955 гал. дырыжор Берлінскага філарманічнага аркестра, адначасова ў 1956—64 муз. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Буйнейшы сімф. і оперны дырыжор, выступаў у буйнейшых т-рах свету. У інтэрпрэтацыях сімф. і опернай музыкі дасягнуў выдатнага маст. ўзроўню. Здзейсніў шэраг значных оперных пастановак (у т. л. «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, 1965; «Містэрыя канца часу» К.​Орфа, 1973). Дырыжор і пастаноўшчык фільмаў «Паяцы», «Кармэн», «Дзевятая сімфонія Л.​Бетховена». Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1983. У 1969 заснаваў Фонд Герберта Караяна з рэгулярнымі міжнар. конкурсамі маладых дырыжораў і аркестраў. У 1983 ЮНЕСКА зацверджаны Міжнар. прыз імя К. за заслугі ў галіне развіцця муз. мастацтва.

Літ.:

Робинсон П. Караян: Пер. с англ. М., 1981.

Г. фон Караян.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬНСКІ САБО́Р, сабор Санкт-Петэр-унд-Марыя,

помнік архітэктуры ням. готыкі 13—19 ст.; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Кёльн (Германія) на ўзор Ам’енскага сабора. Буд-ва пачалося ў 1248—1560 (майстры Герардус, з 1248; Арнальд, з 1271; М.​Савойскі, каля 1350; Н. фон Бюрэн, з 1395; К.​Кюйн, з 1445; I. фон Франкенбург, з 1469). Завершаны па старых чарцяжах у 1842—80 (у т. л. гал. фасад і вежы). 5-нефавая крыжападобная базіліка з 3-нефавым трансептам і 2 вежамі. Даўж. 144 м, шыр. і выш. 61 м, выш. вежаў 157 м. Высокі (каля 45 м) сярэдні неф, трыфорыі прарэзаны аконнымі праёмамі, сцены запаўняюць часта размешчаныя вял. стральчатыя вокны. На фасадзе традыц. гатычнае акно-ружа заменена на стральчатае. Выразная скіраванасць угару падкрэсліваецца багатым і складаным дэкорам, які ўпрыгожвае ўсе дэталі канструкцыі. У інтэр’еры вітражы (каля 1320), скульптура 10—15 ст. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

С.​У.​Пешын.

Кёльнскі сабор.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.​Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав. ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)