«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.​Таўлай, Я.​Міско, А.​Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.5(10.6).1917 да ліст. 1918 у Мінску на бел. мове. У 1917 выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 штотыднёва. Рэдактар Я.​Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліп. 1917 Т-ва бел. культуры. Спачатку выступала за культ.-нац. і дзярж. аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакр. федэратыўнай Расіі. Пасля абвяшчэння БНР «Вольная Беларусь» пачала выступаць за незалежную дэмакр. Беларусь, заклікала да стварэння бел. нац. войска, крытыкавала палітыку ваен. камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Актыўнымі супрацоўнікамі газеты былі З.​Бядуля, А.​Гарун, М.​Гарэцкі.

Газета «Вольная Беларусь».

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦЦЁ БЕЛАРУ́СА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку. Орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 19.8—12.11.1925 у Вільні 3 разы на тыдзень на бел. мове. Асвятляла эканам. і асв. праблемы, задачы, пытанні стратэгіі і тактыкі вызв. руху ў Зах. Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, аналізавала сац. асновы, эканам. стан і перспектывы развіцця краіны. Узнімала пытанні правоў чалавека ў Зах. Беларусі і Польшчы, змагалася за асвету на роднай мове. Інфармавала пра падзеі культ. жыцця ў БССР, культурна-грамадскі бел. рух у Латвіі, Літве, Чэхаславакіі, Амерыцы. Публікавала маст. творы вядомых і пачынаючых літаратараў. Выйшла 20 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,

газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага памяркоўна-апазіц. кірунку. Выдавалася з 17(30).Ю. 1909 да 27.12.1911 (9.1.1912) [з 11(24).1 да 27.6(10.7).1910 не выходзіла] у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала праграму газ. «Полесская мысль». Змяшчала інфармацыю пра дзейнасць урада і Дзярж. думы, асвятляла побыт гар. «дна», надзвычайныя падзеі ў краі. Публікавала артыкулы пра жыццё і творчасць М.​Чарнышэўскага, М.​Скабічэўскага, П.​Якубовіча, мастака А.​Куінджы, знаёміла з творамі Л.​Андрэева, Шолам-Алейхема, прапагандавала этычную філасофію Л.​Талстога. Друкавала нарысы сакратара рэдакцыі М.​Л.​Бахціна (псеўд. Міхаіл Хмуры), вершы і апавяданні-замалёўкі мясц. аўтараў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць Гомельскага музычна-драматычнага таварыства.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́ЛЛІ,

старадаўнія вясенне-летнія святкаванні-ігрышчы і заклінальныя абрады ў славян, звязаныя з аграрнай міфалогіяй і культам продкаў. Назва паходзіць ад стараж.-рым. свята руж (Rosaria, Rosalia), прыйшла ад паўд. славян. Р. прыпадалі на перыяд росквіту расліннасці — Сёмуху і Купалле, ад гэтага месяц чэрвень наз. «русальным». Р. мелі відовішчны характар, суправаджаліся русальнымі песнямі, гульнямі, выступленнямі скамарохаў, танцамі, музыкай, пераапрананнем. Дзяўчына ў рытуальным танцы на Р. паказана на мініяцюры ў Радзівілаўскім летапісе (13 ст.). Рэшткі Р. захаваліся на Беларусі ў выглядзе абраднасці на Сёмуху і ў наступны, «русальны», тыдзень (памінанне бацькоў, завіванне бярозкі і вянкоў на Магілёўшчыне), у вераваннях пра русалку, у карагодах, а таксама ў святкаванні Купалля.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,

заходнебеларуская газета. Выдавалася з 28.9 да 17.12.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Рэдактар А.​Войцік. Выкрывала палітыку польскага ўрада ў дачыненні да працоўных і нац. меншасцей. Паказвала партыз. рух у Зах. Беларусі, нацэльвала масы на адстойванне сваіх паліт. і эканам. правоў, на змаганне за бел. школу, асвету, кааператывы. Крытыкавала бел. праўрадавых паліт. дзеячаў, творцаў «Беларускага грамадзянскага сабрання» С.​Валэйшы, «Тымчасовай беларускай рады» Паўлюкевіча і інш. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё ў БССР. Змяшчала артыкулы Дрыгавіча (У.​Талочкі), Я.​Маразовіча, інтэрв’ю М.​Чарвякова з А.​Пшчолкам, рэцэнзіі на пастаноўкі Бел. драм. майстроўні і інш. Выйшлі 34 нумары. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМАДЗЯ́НІН»,

газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ф.​Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.​Грыба) у Гродна.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРНА́Л ОТДЕ́ЛА НАРО́ДНОГО ОБРАЗОВА́НИЯ ЗА́ПАДНОЙ О́БЛАСТИ»,

навукова-педагагічны часопіс. Орган аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Выдаваўся ў 1918 у Смаленску на рус. мове 1 раз у тыдзень. Друкаваў урадавыя распараджэнні, загады Нар. камісарыята асветы РСФСР і аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Змяшчаў планы, справаздачы і агляды дзейнасці аддзела і яго падраздзяленняў: тэзісы пра дашкольнае выхаванне, прынятыя на Віцебскім губ. з’ездзе настаўнікаў (7.4.1918), справаздачу пра дзейнасць школьнага і план работы дашкольнага пададдзелаў; агляд дзейнасці ўстаноў і грамадскіх арг-цый Зах. вобласці па ахове помнікаў старажытнасці, іх даследаванні. Сярод публікацый артыкулы пра дашкольнае выхаванне і пазашкольную работу, пра рэформу пач. і сярэдняй школ. Знаёміў з новай л-рай па нар. асвеце. Выйшла 10 нумароў.

У.​У.​Грамовіч.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,

буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.​Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.​Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.​Чэхава, «Навальніца» А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.​Арленеў, А.​Астужаў, М.​Блюменталь-Тамарына, У.​Давыдаў, М.​Клімаў, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, І.​Масквін, М.​Радзін, В.​Тапаркоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)