КАНО́Н у музыцы,

неперарыўная імітацыя, пры якой у імітуючых галасах (рыспостах) паўтараюцца не толькі пачатковая меладыйная пабудова, але і наступныя раздзелы голасу, які ўступіў першым (прапосты). К. — адначасовае правядзенне адной і той жа мелодыі ў розных галасах пры спозненым уступленні кожнага з іх. Найб. пашыраны 2 і 3-галосыя К. (сустракаюцца і з большай колькасцю галасоў). Асобная разнавіднасць — бясконцы К., які вяртаецца да свайго пачатку. Вядомы з 12 ст., шырока развіты кампазітарамі нідэрландскай поліфанічнай школы ў эпоху Адраджэння, вышэйшага росквіту дасягнуў у творчасці І.​С.​Баха. Выкарыстоўваецца многімі бел. кампазітарамі, найб. паслядоўна А.​Багатыровым і Я.​Глебавым.

Літ.:

Танеев С.И. Учение о каноне. М., 1929;

Богатырев С.С. Двойной канон. М.; Л., 1947.

А.​А.​Друкт.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙЧАСТАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая ўтвараецца сукупнасцю прамых, залежных ад аднаго параметра. Яе можна апісаць рухам прамой (утваральнай) па некаторай лініі (накіроўнай).

Л.п. падзяляюцца на разгортвальныя (з’яўляюцца цыліндрам, конусам або паверхняй, што складаецца з датычных да нейкай прасторавай крывой) і касыя (у іх датычныя плоскасці ў розных пунктах адной і той жа ўтваральнай розныя). Прыклады Л.п. — аднаполасцевы гіпербалоід, гіпербалічны парабалоід. Уласцівасці Л.п. выкарыстоўваюцца ў тэорыі механізмаў.

Лінейчастая паверхня: а — разгортвальная, з датычных да прасторавай крывой L (P — плоскасць, якая ўтварае ў сячэнні з паверхняй крывую ABC з пунктам звароту B; S1 S2 — поласці); б — касая (O — цэнтр утваральнай, p і p′ — датычныя плоскасці да паверхні ў пунктах O і O′).

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЯДО́ЎНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спосаб злучэння 2 ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім праз іх праходзіць адзін і той жа ток. Выключэнне аднаго элемента перарывае ток ва ўсім электрычным ланцугу.

П.з. крыніц эл. энергіі E1, ..., En выкарыстоўваецца, каб атрымаць больш высокае напружанне. Агульнае напружанне раўняецца суме ўсіх асобных напружанняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Пры П.з. прыёмнікаў эл. энергіі напружанне размяркоўваецца паміж імі прапарцыянальна іх супраціўленням. Паслядоўна злучаныя супраціўленні R1, ..., Rn даюць агульнае супраціўленне эл. ланцуга R = R1 + ... + Rn. Пры П.э. ёмістасцей C1, ..., Cn агульная ёмістасць ланцуга C вызначаецца формулай: 1 C = 1 C1 + ... + 1 Cn . Пры паслядоўным уключэнні індуктыўнасцей L1, ..., Ln агульная індуктыўнасць L = L1 + ... + Ln.

Схема паслядоўнага злучэння.

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНАСЦЬ у мове,

уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ГЕР (англ. trigger),

спускавая схема з 2 (радзей больш) станамі ўстойлівай раўнавагі; адзін з асн. элементаў лічыльнікаў, вылічальных машын, фарміравальнікаў імпульсаў і інш. Стан раўнавагі Т. захоўваецца.

Мае 2 выхады — асноўны (прамы) і інверсны. Асн. параметры: хуткадзеянне (найб. лік пераключэнняў за адзінку часу), час спрацоўвання (час пераходу з аднаго стану ў другі), узроўні ўваходных і выхадных сігналаў. Пераход Т. з аднаго стану ў другі (перакульванне) адбываецца пры падачы кіроўных сігналаў на розныя ўваходы (установачны запуск) ці паслядоўна на адзін і той жа (лічыльны запуск). Найб. пашыраны электронныя Т. на аснове электравакуумных, газаразрадных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем. Выкарыстоўваюцца як адны з найб. універсальных элементаў лагічных і выліч. прылад.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,

прадугледжаная ў законе акалічнасць, якая складае падставу для ўзнікнення (змянення, спынення) канкрэтных праваадносін. Ф.ю. падзяляюцца на падзеі і дзеянні. Падзеі — юрыдычна значныя факты, што ўзнікаюць незалежна ад волі людзей (натуральная смерць чалавека, сканчэнне тэрміну, гібель маёмасці ў выніку стыхійнага бедства і г.д.). Дзеянні — жыццёвыя факты, якія з’яўляюцца волевыяўленнем (г. зн. вынікам свядомай дзейнасці) людзей. Дзеянні падзяляюцца на правамерныя (адпаведныя прадпісанням прававых норм) і неправамерныя (супярэчаць закону, з’яўляюцца правапарушэннямі). Неправамерныя дзеянні падзяляюцца на злачынствы і правапарушэнні. Ф.ю. можа быць падставай для ўзнікнення адразу некалькіх праваадносін. Так, факт смерці чалавека спыняе працоўныя і шлюбна-сямейныя адносіны і ў той жа час стварае права на спадчыну маёмасці, змяняе жыллёвыя адносіны і да т.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.​С.​Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНЕ́ЙСКІ Анатоль Іосіфавіч (н. 6.3.1968, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на каноэ). Засл. майстар спорту Беларусі (1999). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1991). У 1993—99 спартсмен-інструктар Спорткамітэта Узбр. Сіл Беларусі. З 1999 на службе ў падраздзяленнях МУС. Чэмпіён свету (1997, г. Галіфакс, Канада) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; сярэбраны прызёр (1998, г. Сегед, Венгрыя) на той жа дыстанцыі. Уладальнік Кубка свету (1997, г. Познань, Польшча — на каноэ-чацвёрцы і 1998 там жа — на каноэ-двойцы) на дыст. 200 м. Сярэбраны прызёр Кубка свету (1995, г. Познань — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 1000 м; 1997, г. Сегед — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; 1999, г. Мехелен, Бельгія — на каноэ-двойцы на дыст. 200 м); бронз. прызёр (1998, г. Дуйсбург, Германія) на каноэ-двойцы на дыст. 200 м. Чэмпіён СССР (1988, г. Растоў-на-Доне, Расія; 1989; г. Саратаў, Расія; 1991, г. Архей, Малдова) на каноэ-адзіночцы ў эстафеце 4 × 500 м; сярэбраны прызёр (1990, Масква) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 500 і 1000 м. 46-разовы чэмпіён Беларусі (1987—2001).

А.​А.​Дубовік.

А.І.Рэнейскі.

т. 18, кн. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле: n = A a , дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),

старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)