ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл.Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр.Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека якбіял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.
нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв.нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАГЕНЕ́З (ад грэч. glōtta мова + ...генез),
працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна якмовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.
Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн.Міжнар.т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.
Літ.:
Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА Маргарыта Мікалаеўна (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш.Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛІРО́ЎКА (ад лац. copulare злучаць),
спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.
Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца з дапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці 1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗА́РЫ (англ. quasar, скарочанае ад quasistellar radiosource квазізоркавая крыніца радыёвыпрамянення),
касмічныя аб’екты вял. яркасці з магутным радыёвыпрамяненнем.
Назіраюцца на надзвычайна вял. адлегласцях (больш за 10 млрд.св. гадоў). Характэрныя прыкметы: малыя вуглавыя памеры; значнае перавышэнне ультрафіялетавага і інфрачырвонага выпрамянення ў параўнанні са звычайнымі зоркамі; пераменнасць патоку выпрамянення як у бачным, так і ў радыёдыяпазоне; шырокія эмісійныя спектральныя лініі; вял.чырвонае зрушэнне спектральных ліній. Пераменны бляск, які мяняецца з перыядам ад некалькіх сутак да некалькіх гадоў, сведчыць пра малыя памеры, а вял. магутнасць выпрамянення (у сярэднім 1040Вт) — пра вял. масу К. Зыходзячы з гэтага лічаць, што ў цэнтры К. знаходзіцца чорная дзіра, вакол якой з вял. скорасцю закручваецца газ. Самы яркі К. (ЗС 273) знаходзіцца на адлегласці 2 млрд.св. гадоў ад Зямлі.
Літ.:
Левитт И. За пределами известного мира: от белых карликов до квазаров: Пер. с англ.М., 1978;
Нарликар Дж. Неистовая Вселенная: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́МАЎ Аляксей Фёдаравіч (2.10. 1900, в. Варламава Валагодскай вобл., Расія — 14.4.1973),
расійскі графік і жывапісец. Нар.маст.СССР (1971). Правадз.чл.АМСССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскім вучылішчы Штыгліца (1915—17 і ў 1921), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1922—25). З 1948 выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (з 1949 праф.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Супрацоўнічаў з дзіцячымі час. «Чиж», «Еж», «Костер». Аформіў кнігі «Майстар» С.Маршака (1927), «Бежын луг» І.Тургенева (1936, 1959), «Мароз, Чырвоны нос» М.Някрасава (1938, 1959), «Так» С.Міхалкова (1949), «Дзецям» У.Маякоўскага (1948), «Піліпок. Старонкі з азбукі» Л.Талстога (1968—70). Аўтар серыі літаграфій «Ленінград у дні блакады» (1942—44). У 1920—30-я г. працаваў і як жывапісец («Юная натуралістка», 1933). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1973.
Тв.:
Ленинградская летопись. Л., 1965.
Літ.:
Матафонов В.С. А.Ф.Пахомов. М., 1981.
А.Пахомаў. На Няву за вадой. З серыі «Ленінград у дні блакады» 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),
1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.
2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.
3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.
4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.С.Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКО́БІ (Jacobi) Фрыдрых Генрых (25.1.1743, г. Дзюсельдорф, Германія — 10.3.1819, нямецкі пісьменнік і філосаф; прадстаўнік філасофіі пачуцця і веры. Прэзідэнт Баварскай АН (1807—12). Аўтар філас. раманаў «З пісьмаў Эдуарда Альвіля» (1775—76) і «Вальдэмар» (1779). У сваёй філасофіі выступаў супраць «разважнага» рацыяналізму Асветніцтва і вучэння І.Канта. На першы план ставіў права пачуцця і ўслед за Д.Юмам лічыў, што рэальнае існаванне прадметаў дадзена чалавечай свядомасці непасрэдна. Гэту непасрэдную верагоднасць Я. называў верай, шчырасцю або пачуццём, а таксама розумам і проціпастаўляў апасродкаваным ведам — разважанню. Паводле Я., змест веры — рэальнасць як пачуццёвага свету зямных рэчаў, так і абсалютнага і вечнага, у якім чалавек адчувае сябе адначасова і паглынутым абсалютам, і выратаваным праз сваю суб’ектыўнасць. Кантаўскаму катэгарычнаму імператыву Я. проціпастаўляў асобасную маральную аўтаномію, якая ўзвышаецца над рыгарызмам маральных запаветаў. Я. крытыкаваў вучэнні І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля, бачыў у іх пантэістычныя і «нігілістычныя» тэндэнцыі. Ірацыяналістычныя імкненні вучэння Я. выступілі прадвеснікам некаторых матываў філасофіі жыцця і экзістэнцыялізму.