«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.​Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»

(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),

комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.​В.​Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання

(канфесіі),

а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.

Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.​Віньёла, К.​Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).

На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст. Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст. асн. маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).

С.​А.​Сергачоў, Т.​В.​Габрусь.

Да арт. Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).
Да арт. Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БСБУРГІ (Habsburger),

дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф I Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр. — Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф I [1848—1916].

Літ.:

Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІКАРНА́С (грэч. Halikarnassos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бадрум, Турцыя). Засн. каля 1200 да н.э., росквіту дасягнуў пры ўладару Маўсоле (377/376—353/352 да н.э.), калі стаў сталіцай Карыі (гіст. вобласць на ПдЗ М. Азіі). У 334 да н.э. заваяваны і зруйнаваны Аляксандрам Македонскім, але паступова быў адноўлены. У 129 да н.э. ўключаны ў рым. правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Размяшчаўся на схіле ўзгорка і спускаўся да заліва. На вяршыні ўзгорка знаходзіўся акропаль (захаваліся рэшткі збудаванняў): храмы Арэса, Гермеса і Афрадыты, т-р, палац Маўсола. Славуты Галікарнаскі маўзалей (манум. грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей і Сатыр, скульпт. Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар) спалучаў у сабе рысы стараж.-грэч. і малаазійскай архітэктуры. Лічыўся адным з «сямі дзівосаў свету». Зруйнаваны ў 15—16 ст. (вядомы гал. чынам па апісанні Плінія Старэйшага). Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы мармуровага фрыза з выявай бітвы грэкаў з амазонкамі) належыць да лепшых твораў грэч. мастацтва 4 ст. да н.э. На тэр. Галікарнаса захаваліся рэшткі стараж. ант. і візант. збудаванняў.

Да арт. Галікарнас. Галікарнаскі маўзалей. Рэканструкцыя.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЭ́ЧЫН,

вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).

У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс. чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.

Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

група семіта-хаміцкіх моў. Пашыраны ў Зах. Азіі і Афрыцы на Пн ад пустыні Сахара. Падзяляюцца на групы: паўн.-перыферыйную, ці паўн.-ўсх. (мёртвая акадская мова); паўн.-цэнтр., ці паўн.-зах. [жывыя мовы: іўрыт, асірыйская мова; мёртвыя: эблаіцкая, амарэйская, ханаанейская, угарыцкая, фінікійска-пунічная, стараж.-яўрэйская (ранняя форма іўрыта), яўдзі і арамейскія дыялекты]; паўд.цэнтр. (арабская мова, мальтыйская на Мальце); паўд.-перыферыйную (жывыя: мехры, джыбалі, сакатрыйская і інш.; мёртвыя: мінейская, сабейская, катабанская, якія аб’ядноўваюцца як паўд.-аравійскія эпіграфічньм); эфіосеміцкую (жывыя: паўн. падгрупа — тыгрынья, ці тыграй, і тыгрэ; паўд. падгрупа — амхарская, аргоба, харары, шэраг дыялектаў, якія ўмоўна аб’ядноўваюцца пад назвай гураге; нядаўна вымерлы гафат; мёртвая: гаэз, ці эфіопская, якая належыць да паўн. падгрупы). Паўд.-цэнтр., паўд.-перыферыйная і эфіосеміцкая групы часта аб’ядноўваць у адну паўд., ці паўд.-зах. групу. Найб. істотныя рысы С.м. — акрэсленая будова кораня слова, адсутнасць словаскладання, граматычна ці семантычна значымае чаргаванне галосных у корані (апафанія). Найб. стараж. помнікі С.м. — акадскія клінапісньы тэксты Ірака і эблаіцкія — у Сірыі (сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.), а таксама ўласныя імёны і назвы мясцовасцей Палесціны, якія захаваліся ў егіпецкіх надпісах 3—2-га тыс. да н.э.

Літ.:

Дьяконов И.М. Семито-хамитские языки. М., 1965.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.​Грынькова, Т.​Дзеранок, Е.​Кавалёва, М.​Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.​Мельнікава, М.​Прыходзька. Г.​Суглоб, В.​Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.

Літ.:

Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.

М.​П.​Жабінская, Дз.​С.​Трызна.

Неглюбскія ручнікі. 1974.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШТО́ВАЯ ТЭ́ХНІКА,

тэхнічныя сродкі для выканання аперацый па прыёме, апрацоўцы, перавозцы і выдачы паштовых адпраўленняў (пісьмаў, бандэроляў, пасылак, перыяд. друку і інш.). У паштамтах і аддзяленнях сувязі (гл. Пошта) выкарыстоўваецца рознае абсталяванне, поштаапрацоўчыя машыны; для перавозак і ўнутрывытв. транспартавання паштовых грузаў існуюць паштовыя вагоны, аўтамабілі-самапагрузчыкі, стужачныя канвееры, ланцуговыя пад’ёмнікі, кран-бэлькі і інш. Ствараюцца аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі ўсіх відаў паштовых адпраўленняў.

Да паштовага абсталявання адносяцца: машыны паштова-касавыя, маркіравальныя, для ўпакоўкі бандэроляў у пакеты, штэмпелявальныя апараты і каляндарныя штэмпелі, механізаваныя стэлажы і аўтаматызаваныя склады, прыстасаванні для абвязкі пасылак, аўтаматы для продажу паштовых картак, канвертаў і інш. Асн. віды поштаапрацоўчых машын: пісьмаразборачныя (для аўтам. вылучэння стандартных канвертаў і паштовак з патоку карэспандэнцыі), ліцовачна-штэмпелявальныя (для аўтам. устаноўкі пісьмаў і паштовак у аднолькавае становішча, гашэння на іх знакаў паштовай аплаты і нанясення адбітка каляндарнага штэмпеля), устаноўкі для сартавання бандэроляў, пасылак, пачкаабвязвальныя (для абвязкі пачкаў пісьмаў, газет, часопісаў), мешказашыўныя, наменклатурна-адрасавальныя (для друкавання суправаджальнай дакументацыі і нанясення адрасных найменняў на газеты і інш. адпраўленні, што дастаўляюцца падпісчыкам па адраснай сістэме). Першымі сродкамі П.т. былі паштовыя карэты (16 ст., Францыя і Расія) і паштовыя скрыні (сярэдзіна 17 ст.). З 1839 пачалі выкарыстоўваць паштовыя вагоны, пазней — сродкі воднага, аўтамаб. і паветр. транспарту.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)