БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАЗ СЯЛЯ́НСКІ,

у Расіі 15—17 ст перавоз, звоз сялян ад аднаго феадала да другога (па дамоўленасці з ім ці гвалтоўна). Паводле Судзебнікаў 1497 і 1550, сялянам дазваляўся пераход ад аднаго памешчыка да другога ў Юр’еў дзень. З узмацненнем заняволення сялян і абвастрэннем барацьбы феадалаў за працоўныя рукі выхад сялянскі абмяжоўваўся вывазам сялянскім. Урад змагаўся з гвалтоўным вывазам сялянскім. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 быў устаноўлены бестэрміновы вышук па справах аб вывезеных і беглых сялянах. У запаведныя гады нароўні з выхадам сялянскім вываз сялянскі быў забаронены.

Літ.:

Греков Б.Д. Крестьяне на Руси с древнейших времен до XVII в. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1952—54.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),

масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ (Вікенцій Восіпавіч) (каля 1830, в. Пярэсека Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — каля 1880),

удзельнік рэв. руху ў Беларусі ў 1850—60-я г., кампазітар. З казённых сялян. Працаваў арганістам і настаўнікам музыкі ў Навагрудку, настаўнікам сельскай школы і валасным пісарам ў мяст. Паланэчка Навагрудскага пав. Належаў да мінскай рэв. арг-цыі «чырвоных», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, вёў прапаганду сярод сялян. Сябраваў з паэтам В.​Каратынскім, мастаком Э.​Паўловічам. Аўтар музыкі да элегіі Каратынскага «Туга на чужой старане». У сак. 1863 арыштаваны і пасля працяглага зняволення ў мінскай турме сасланы ў Сібір. Памёр у Іркуцку.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),

права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РТА НАЧНА́Я, старожа,

павіннасць сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Заключалася ў адбыванні начных дзяжурстваў на панскім фальварку. На варту начную сяляне выходзілі па чарзе, часам яна магла замяняцца грашовым эквівалентам.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПІСНО́Е, грашовае,

феадальная грашовая павіннасць сялян ВКЛ у 16—18 ст. Спаганялася пры ўнясенні чыншу. Звычайна складала 1 грош з кожнага злотага чыншу (адсюль другая назва). Была пашырана на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.​Дз.​Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,

палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІ ў Стоўбцах.

Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.​Акінчыц, І.​Гундзіловіч, М.​Сабалеўскі і інш. Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)