КА́МА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрца вярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАПУСКА́ННЕ,

выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГАН (ад грэч. organon прылада, інструмент),

1) частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю (напр., корань, сцябло ў раслін; сэрца, печань у жывёл і чалавека).

2) Установа, арганізацыя, што выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця (напр., заканадаўчы, судовы, фінансавы О.).

3) Перыядычнае друкаванае выданне.

4) У пераносным сэнсе — сродак чаго-небудзь.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Андрэй Андрэевіч) (н. 12.5.1933, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.​Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.​Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Аксиома самоиска. М., 1990.

Літ.:

Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

А.А.Вазнясенскі.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНЬКО́ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 2.2.1935, в. Дамашы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кінааператар. Скончыў Нац. ін-т кінематаграфіі ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна, 1955). З 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання (з 1967 гал. тэлеаператар). Творчасці ўласцівы пошук арган. адзінства аператарскага і рэжысёрскага вырашэння, жыццёвая верагоднасць і прастата пры стварэнні выразных псіхал. партрэтаў герояў. Сярод лепшых тэлеспектакляў — «Сем крыкаў у акіяне» паводле А.​Касоны (1958), «Якаў Багамолаў» паводле М.​Горкага (1959), «Вялікае сэрца» паводле К.​Чорнага (1960), «Сэрца на далоні» (1964) і «Трывожнае шчасце» (1968) паводле І.​Шамякіна, «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Ткачы» паводле Г.​Гаўптмана (1969); маст. тэлефільмаў — «Матчына благаславенне» (1958), «І смех, і бяда» (1973), «Трубач ваеннага аркестра» (1979), «Атланты і карыятыды» паводле Шамякіна, «Госць», «Бусляня» (усе 1980), «Купальская ноч» паводле «Прымакоў» Я.​Купалы і фільм-канцэрт паводле песень бел. кампазітараў «Фантазія на тэму» (абодва 1982): дакумент. — «Сачыненне ў 3 «В», «Салдаты Перамогі» (1975) і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСТА́ЎКІН (Анатоль Ігнацьевіч) (н. 17.10.1931, г. Люберцы Маскоўскай вобл.),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1959). Друкуецца з 1954 (вершы). «Маленькія апавяданні» (1959) — лірычныя мініяцюры, пераважна пра ваен. дзяцінства. Сібірскія аповесці — «Мае сучаснікі» (1959), «Тры жыцці» (1960), «Народжанаму жыць» (1963, 2-я назва «Вогнішчы ў тайзе», 1964), раман «Галубка» (1967) пра працу моладзі на таежных будоўлях. У аповесцях «Начавала хмарка залатая» (1987, Дзярж. прэмія СССР 1988), «Зязюляняты, ці Жаласная песня для супакаення сэрца» (1989) лёс народа на трагічных пераломах гісторыі паказаны праз лёсы выхаванцаў дзетдома. Аўтар аповесці «Салдат і хлопчык» (1977), аўтабіягр. рамана «Разанка (Чалавек з прадмесця)» (1991), рамана-даследавання на крымінальныя тэмы «Даліна смяротнага ценю» (1999) і інш. У раздзеле «Вінная дарога» нататак «Сіндром п’янага сэрца. Сустрэчы на віннай дарозе» (1998) распавядае пра сяброўства з А.​Адамовічам. Творам П. ўласціва спавядальнасць, драматызм, маральна-этычная праблематыка.

Тв.:

Кукушата: Избр. проза. М., 1995;

Повести и рассказы. М., 1983;

Городок: Роман. М. 1985;

Ночевала тучка золотая. Мн., 1997.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Барыс Васілевіч) (н. 27.6.1908, г. Есентукі Стаўрапольскага краю, Расія),

расійскі вучоны ў галіне хірургіі; арганізатар аховы здароўя і грамадскі дзеяч. Акад. Рас. АН (1966), АМН СССР (1957). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). З 1948 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це. З 1949 у Будапешцкім ун-це. З 1951 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1956 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1963 адначасова ва Усесаюзным НДІ клінічнай і эксперым. хірургіі (дырэктар). У 1965—80 міністр аховы здароўя СССР. Навук. працы па хірург. метадах лячэння рака стрававода, парокаў сэрца, крывяносных сасудаў, пытаннях пералівання крыві. Распрацаваў метады перасадкі нырак, пластыку бронхаў і трахеі, выкарыстаў штучныя клапаны сэрца ў кардыяхірургіі. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1965, 1971.

Тв.:

Аневризмы сердца. М., 1965 (разам з І.​З.​Казловым);

Пересадка почки. М., 1969 (у сааўт.);

Трансфузионная терапия в хирургии. М., 1971 (разам з Ч.​С.​Гусейнавым).

Б.В.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖКО́ (Аляксандра Паўлаўна) (н. 10.6.1934, г. Грозны),

бел. фізіёлаг. Д-р біял. н. (1980), праф. (1983). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1957 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы прысвечаны механізмам адаптацыі сэрца на працяглую нагрузку і пры экстрэмальных уздзеяннях, ролі тырэоідных гармонаў у павелічэнні ўстойлівасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і арганізма на экстрэмальныя ўздзеянні.

А.Бажко.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАГІ́НСКІ (Барыс Маркавіч) (17.1.1926, г. Кіеў — 30.8.1972),

бел. вучоны-тэрапеўт і вітамінолаг. Д-р мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1947). З 1963 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па клінічнай вітаміналогіі, паталогіі печані, атэрасклератычных пашкоджаннях сасудаў і сэрца.

Тв.:

Роль витаминов в патогенезе и лечении атеросклероза и гипертонической болезни. Мн., 1973.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)