краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн.т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,
горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.
Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).
Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМАТЫ́, Алма-Ата,
горад, сталіца Казахстана (да 1995). Размешчаны на ПнУ рэспублікі, каля падножжа паўн.схілаўхр. Заілійскі Алатау, на выш. 650—950 м, паміж рэкамі В. і М.Алмаацінкі. 1200 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустр. і культ. цэнтр рэспублікі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, электратэхн., станкабудаванне і інш.), харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая і інш.), лёгкая (тэкст., футравая, трыкат., абутковая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на В.Алмаацінцы. Алматы неаднойчы цярпеў ад землетрасенняў і селяў (зроблены супрацьселевыя збудаванні).
Засн. ў 1854 як рас.ваен. ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 г. Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобл. Туркестанскага ген.-губернатарства. Быў месцам паліт. ссылкі. У 1921 перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929—95 сталіца Казахстана (перанесена ў г. Акмала). Развіццю горада садзейнічала Туркестана-Сібірская чыг., пабудаваная ў 1930. З 1992 наз. Алматы.
Горад захаваў прамавугольную планіроўку. Яго сучасны выгляд вызначае ансамблевая сейсмаўстойлівая забудова, шырокія азялененыя праспекты і вуліцы. Сярод арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1941, арх. М.Прастакоў), Дом урада (1958, арх. Б.Рубаненка, Г.Сіманаў і інш.), цырк (1972, арх. У.Кацаў, І.Слонаў), высакагорны спарткомплекс «Медэа» (1972, 1975, арх. Кацаў і інш.), музей мастацтваў Казахстана (1976, арх. Э.Кузняцова, В.Навумава, Б.Новікаў), аэравакзал (1976, арх. І.Шчавелева, А.Лепік і інш.), гасцініца «Казахстан» (1977, арх. Л.Ухобатаў, Ю.Ратушны), т-р драмы (1980, арх. А.Бармурзаеў, М.Жаксылыкаў і інш.). Помнікі: Абаю (1960, скульпт. Х.Наурзбаеў), Аўэзаву (1980, скульпт. Я.Сергебаеў) і інш.
Дзейнічаюць (1989): Акадэмія навук, 15 ВНУ (у т. л.Каз.ун-т, кансерваторыя), 7 тэатраў (оперы і балета імя Абая, т-р драмы імя Аўэзава, лялек і інш.), 7 музеяў (гістарычны, мастацтваў Казахстана, Дом-музей М.Аўэзава і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ТЫ,
горная сістэма на УЦэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс.км², з якіх 105 тыс.км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.
Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-раліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч.паўн.схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас.р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх.схілаў — да бас.р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
Да арт.Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс.км².
У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.
Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён ва ўсх.ч.Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс.км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення
У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.
У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас.Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаўЗах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд.схілаўВял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,
прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і З поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і З вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр.ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн.ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-раліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх.ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч.схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.