АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,

тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.​Тынтарэта, А.​Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.​Гундуліч), музыцы (Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн, І.​К.​Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),

адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афіц. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.

Літ.:

Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.

Галава Аспасіі. Паводле скульптуры 5 ст. да н.э.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́М,

горад на Пн Эфіопіі. Мяркуюць, што засн. каля сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паўд.-араб. плямёнамі. У 1 ст. н.э. цэнтр Аксумскага царства. У выніку заняпаду дзяржавы страціў паліт. і культ. значэнне, але застаўся асяродкам копцкай царквы («святы горад» коптаў) і месцам каранацыі негусаў. З 1906 вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі пабудоў палацавага комплексу, каменныя троны, некропаль з надмагільнымі стэламі-абеліскамі выш. да 33 м з барэльефамі і шматлікімі надпісамі на стараж. эфіопскай і грэч. мовах і інш.

Да арт. Аксум. Гіганцкая стала-абеліск.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.

Віды аблогавай тэхнікі: 1 — шчыт; 2 — вінея; 3 — рухомая вежа; 4 — рухомыя і падвешвальныя на круках драбіны; 5 — крук-разбуральнік; 6 — штурмавыя драбіны (самбук); 7 — таран.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВІЛА (Avila),

горад у Іспаніі, на Пд аўт. вобласці Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Авіла. 46 тыс. ж. (1991).

У старажытнасці фінікійская, пасля рымская калонія. У 8 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. адваявана хрысціянамі і стала аб’ектам дынастычнай барацьбы паміж Арагонам і Кастыліяй. У 1482—1808 у Авіле быў ун-т. Горад захаваў сярэдневяковую і рэгулярную планіроўку, жылыя дамы 13 ст., умацаваныя палацы 15—16 ст., гранітныя гар. сцены 11 ст., раманска-гатычны сабор (12—14 ст.), цэрквы (12—15 ст.), манастыр (1636) і інш.

Арачны мост у г. Авіла.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРДЫМА́Н,

старажытнае княства на тэр. Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст. пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ (англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),

удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІ (лац. Daci),

група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЎДЭА́МУС»

(ад лац. gaudeamus будзем радавацца),

сярэдневяковая песня на лац. мове, гімн студэнтаў. Пачынаецца словамі «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus» («Будзем радавацца, пакуль мы юныя»); усхваляе жыццё, маладосць і навуку. У яе аснове песня 13 ст., упершыню надрукавана ў 1776. У 1781 апрацавана ням. вандроўным паэтам К.​В.​Кіндлебенам і стала папулярным студэнцкім гімнам у Германіі і інш. краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі, а таксама ў ЗША. Мелодыю «Гаўдэамус» выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Ліст, І.​Брамс, А.​Кос-Анатольскі, Э.​Гумпердынк (опера «Гаўдэамус») і інш.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)