«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд. нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
т. 8, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.
Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
адна са старажытных правасл.-хрысц. цэркваў. Узнікла ў пач. 4 ст., калі хрысціянства Грузіі стала дзярж. рэлігіяй. Да 5 ст. Грузінская праваслаўная царква была падначалена антыяхійскаму патрыярху, узначальваў яе архіепіскап. У 487 пасля абвяшчэння аўтакефаліі — каталікос, з 11 ст. — каталікос-патрыярх. Пасля далучэння Грузіі да Расіі Грузінская праваслаўная царква ў складзе рус.-правасл. царквы на правах экзархата (1811). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 груз. духавенства ліквідавала экзархат і абрала каталікоса-патрыярха, абвясціўшы аўтакефалію, што стала прычынай разрыву з Рус. правасл. царквой. У 1943 Маскоўская патрыярхія прызнала аўтакефалію Грузінскай праваслаўнай царквы. Мае адрозненні ад правасл. царквы ў літургічных правілах, асобныя літургічныя святы. Сучасная Грузінская праваслаўная царква мае 13 епархій, 10 манастыроў, 2 духоўныя школы.
т. 5, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕНБАЎЭР ((Beckenbauer) Франц) (н. 11.9.1794, Мюнхен),
нямецкі спартсмен і трэнер (футбол). Чэмпіён свету (1974), Еўропы (1972). Лічыўся адным з лепшых у свеце футбольным абаронцам, у 1972 і 1976 прызнаны лепшым футбалістам Еўропы. Пад кіраўніцтвам Бекенбаўэра каманда ФРГ стала чэмпіёнам свету (1990).
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУГУРА́К,
у марыйскай міфалогіі бог (частка марыйскіх плямён шанавала яго як найвышэйшага бога замест Кугуюма). Паводле падання лугавых марыйцаў, быў некалі зямным правадыром марыйскіх плямён, потым перасяліўся на неба, дзе ўзначальвае іерархію падуладных яму духаў — вартавых дома, стала, варот і г.д.
т. 8, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЙ,
у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫК,
старажытнаперсідская залатая манета; першая залатая манета старажытнасці. Стала вырабляцца пры Дарыі I (каля 516 да н.э.; назва ад імя Дарыя). Маса — 8,4 г золата. Д. быў асновай манетнай сістэмы. Чаканіўся на царскім манетным двары ў Персепалі (да заваёвы Персіі Аляксандрам Македонскім).
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»
(«Wyzwolenie»),
Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.Багінскі, Я.Домбскі, Т.Начніцкі, С.Асецкі, Ю.Панятоўскі, С.Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.Фідаркевічам, С.Ваявудскім, С.Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.
І.П.Хаўратовіч.
т. 4, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),
у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.
т. 8, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)