ЖА́ЎРЫД (Эдвард Антонавіч) (н. 8.10.1939, г.Слуцк Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-рмед.н. (1988), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). З 1964 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1966 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1978 заг. аддзялення хіміяпрамянёвай тэрапіі). Навук. працы па камбінаваным лячэнні злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі, мадыфікацыі хімія- і радыеадчувальнасці злаякасных пухлін з дапамогай фізіка-хім. уздзеянняў, фотадынамічнай тэрапіі, пошуку і апрабацыі новых супрацьпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Применение гипертермии и гипергликемии в комплексном лечении злокачественных новообразований. М., 1981 (у сааўт.);
Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з С.П.Асінскім, С.З.Фрадкіным);
Диагностика и лечение распространенного рака желудка. Мн., 1991 (разам з М.Я.Фішарам. Н.У.Сачыўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СБЕРГ (Сямён Арыевіч) (14.10.1903, г.Слуцк Мінскай вобл. — 3.1.1965),
сав. канструктар авіяц. і ракетных рухавікоў. Д-ртэхн.н. (1959). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1931). Працаваў у праектных арг-цыях авіяц. прам-сці. З 1941 гал. канструктар КБ. Адзін са стваральнікаў авіяц. рухавікоў, устаноўленых на знішчальніках Ла-5, Ла-7 і інш. самалётах ваен. часу. Пад яго кіраўніцтвам створаны доследныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў канструкцыі А.І.Мікаяна і А.С.Якаўлева, першы сав. кіслародна-газавы вадкасны ракетны рухавік (ВРР), які запускаецца ва ўмовах бязважкасці, серыйныя ВРР апошніх ступеняў ракет-носьбітаў касм. апаратаў. Ленінская прэмія 1960. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Севярын) (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),
кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл.Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр.паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўдзельнае княства ВКЛ з цэнтрам у г. Капыль. Утворана ў 1395. У канцы 14—1-й пал. 15 ст. княства наз. таксама Капыльска-Слуцкім ці Слуцка-Капыльскім, з 2-й пал. 15 ст. — Слуцкім, бо ў сярэдзіне 15 ст. Алелькавічы перанеслі сваю сталіцу ў г.Слуцк. У 1494 тэр. княства ўключала г. Капыль з яго дварамі (цэнтрамі маёнткаў) і дварцамі (цэнтрамі невял. маёнткаў) — Байлаўцы (Баелаўцы), Сыраватчычы, Старыца, Скеп’ева, Старое Сяло; пазней згадваецца мяст. Цімкавічы. Такі адм. ўклад захоўваўся да 1791, і К.к. было адной з адм.-тэр. адзінак Слуцкага княства са сваім намеснікам, або губернатарам. У 1791 сейм Рэчы Паспалітай скасаваў К.к. (разам са Слуцкім) і ўтварыў на іх тэр. Случарэцкі пав., але памешчыцкая адміністрацыя К.к. ў княжацкай адміністрацыі Радзівілаў, а потым Вітгенштэйна захоўвалася яшчэ ў 1-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ША,
рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс.ж. (1997).
Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.
Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю»
(«Erntefest»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну ў студз.—лютым 1943. Праводзілася на У і З ад аўтадарогі Мінск—Слуцк 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 ахоўнымі і паліцэйскімі батальёнамі, 3 камандамі СД у складзе айнзатцгрупы паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь». Спроба гітлераўцаў акружыць і знішчыць партыз. фарміраванні правалілася, таму што ўмелымі тактычнымі манеўрамі партызаны выйшлі з блакіраваных раёнаў. У час аперацыі карнікі расстралялі 4325 чал., вывезлі ў Германію больш за 1300 чал., спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Жавалкі (загубілі 512 чал.), Калодзезнае (196 чал.) Капыльскага, Адамова (190 чал.) Слуцкага р-наў; захапілі і вывезлі больш за 2800 галоў буйн. раг. жывёлы, 1500 авечак, 438 т збожжа, вял. колькасць насення лёну і канапель, шкур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НІЦА, Сенніца,
вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на Пд ад ускраіны Мінска, 3 км ад чыг. ст. Калядзічы. 203 5 ж., 601 двор (2001). Мінскі аграрна-камерцыйны каледж, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Свята-Петрапаўлаўская царква (1861—65).
Вядома з 1567 як сяло. Уласнасць Ж.С.Драгачовіча, С.І.Дастаеўскага, П.Р.Горскага, К.Друцкага-Горскага, Паўлікоўскага, Тарчынскіх. З 1791 цэнтр маёнтка Каралішчавіцкай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі. У 1861 вёска С. — цэнтр Сеніцкай вол. Мінскага пав. У 1897—253 ж., 35 двароў, 2 царквы, нар. вучылішча, дзе ў 1889—90 вучыўся Я.Купала; у маёнтку 84 ж. З 1924 цэнтр сельсавета Самахвалавіцкага р-на, з 1931 у падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім р-не.