ГА́ЎСМАН Міхаіл Антонавіч
(1817—89),
бел. гісторык, краязнавец, археолаг. Скончыў Мазырскую гімназію (1834). З 1841 працаваў у Мінскай дэпутацкай дваранскай зборні (у 1850—63 сакратар канцылярыі). Ў 1863 за ўдзел у рэв. арг-цыі высланы ў Вільню, потым у Валагодскую губ. У 1867 жыў у Варшаве, з 2-й пал. 1870-х г. — у Мінску. Калекцыяніраваў прадметы старажытнасці, археал. раскопак, побыту беларусаў, манеты, пячаткі, медалі. У адным са сваіх дамоў у Мінску арганізаваў хатні музей, дзе дэманстраваліся прадметы з праведзеных ім археал. экспедыцый у Навагрудку, Заслаўі, Уздзе, Мар’інай Горцы, Слуцку. Дапамагаў яму ў зборах бацька Я.Лучыны — Люцыян Неслухоўскі. Арганізоўваў выстаўкі калекцыі. У «Минских губернских ведомостях» у 1877—78 апублікаваў шэраг гіст.-краязнаўчых нарысаў пра Заслаўе, Мар’іну Горку, Мір, Навагрудак, Слуцк, Узду і інш., у 1877 — «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства». Галоўнай задачай Гащсмана лічыў прыцягненне ўвагі навук. грамадскасці да вывучэння і захавання помнікаў старажытнасці. Аўтар рукапіснага нарыса «Гістарычны вопіс губернскага горада Мінска і губерні» (т.зв. рукапіс Гаўсманскі).
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Денисов В.Н. К истории одной неопубликованной книги //Книга в Белоруссии. Мн., 1988.
Г.А.Каханоўскі.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)