састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл.Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.
Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРА,
сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.
Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл.Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.
На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,
хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл.Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн.хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.
Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш.Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныя вуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭУТЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + франц. utilisation ад лац. utilis карысны),
паўторнае выкарыстанне раслінамі мінер. і нізкамалекулярных арган. рэчываў з аджылых і назапашвальных органаў у выніку іх транспарціроўкі па сітавідных трубках флаэмы да маладых растучых органаў. У працэсе Р. ўдзельнічаюць пераважна вугляводы і амінакіслоты (атрымліваюцца ў выніку распаду поліцукрыдаў і бялкоў) і элементы мінер. жыўлення (акрамя кальцыю і бору). У аднагадовых раслін Р. асабліва інтэнсіўна ідзе на позніх этапах антагенезу, пры выспяванні пладоў і насення. У шматгадовых раслін пластычныя рэчывы адцякаюць з лісця ў назапашвальныя органы (клубні, карані, сцёблы) перад лістападам, іх Р. пачынаецца пры руху сокаў наступнай вясной. Здольнасць расліны да Р. пэўнага мінер. элемента вызначаецца пры выключэнні яго з пажыўнай сумесі. Пры недахопе азоту, фосфару, калію, магнію раней пашкоджваецца старое лісце (высокая здольнасць да Р.); пры недахопе кальцыю, бору, жалеза, серы, марганцу, якія практычна не здольны да Р., пашкоджваюцца маладыя органы. Працэсы Р. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., для паскарэння выспявання каробачак бавоўніку і інш.
паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.),
інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДА́ТЫ,
солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).
Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл.Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),
адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс.км². Нас. 2,1 млн.чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г.Жэшаў. Найб. гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн.ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал.р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),
Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн. 80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае 75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,410′6% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.Я.Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).
С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІКэлектрычны,
апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.
Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш.Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).