ГЕАГРА́ФІЯ СУСВЕ́ТНАЙ ГАСПАДА́РКІ,

навука, якая вывучае сукупнасць узаемазвязаных нац. гаспадарак краін свету і іх развіццё ў працэсе міжнароднага падзелу працы. Падзяляецца на геаграфію сусв. прам-сці, сельскай гаспадаркі і знешнеэканам. сувязей. Даследуе асобныя рэгіёны, мацерыкі, блокі (напр., «Еўрапейскі Саюз»), тыпы краін (напр., краіны — экспарцёры нафты); спецыфічны раздзел — эканам. геаграфія Сусветнага ак. Існуюць таксама раздзелы па асобных геагр. аспектах развіцця сусв. эканомікі (напр., праблема ўздзеяння міжнар. падзелу працы на ўнутр. структуру гаспадаркі асобных краін). Галіновыя раздзелы геаграфіі сусветнай гаспадаркі цесна звязаны з комплексам глабальных праблем, напр., геаграфія энергетыкі — з энергасыравіннай праблемай, геаграфія сельскай гаспадаркі — з харч. праблемай, геаграфія знешнеэканам. сувязей — з праблемай адсталасці краін у эканам. развіцці.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́СТЫ (ад англ. dust пыл),

парашкі (памер часцінак 3—30 мкм) з сумесі пестыцыдаў і інертных напаўняльнікаў (напр., тальку, крухмалу). Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднымі насякомымі, пустазеллем, хваробамі раслін.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ імя І.​С.​Лупіновіча Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1961 у Мінску на базе б-кі Акадэміі с.-г. навук БССР. У 1961—62 Бел. рэсп. навук. с.-г. б-ка Мін-ва сельскай гаспадаркі БССР, з 1970 — імя Лупіновіча. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 586 тыс. экз.

Праводзіць інфармац., даведачна-бібліягр. работу з нац., замежным і сусв. інфармац. фондамі пры дапамозе праграмна-тэхн. сродкаў. Мае 2 філіялы і з’яўляецца галіновым цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, з 1993 — нац. цэнтрам інфарм. сістэмы Камісіі ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы (AGRIS) і членам Міжнар. сеткі с.-г. б-к (AGLJVET).

Да арт. Бібліятэка Беларуская сельскагаспадарчая. Будынак бібліятэкі. У чытальнай зале бібліятэкі.

т. 3, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1949 (з 1961 у г. Жодзіна Мінскай вобл.) на базе аддзела жывёлагадоўлі Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных парод, тыпаў, ліній с.-г. жывёлы; распрацоўка рэцэптаў камбікармоў і кармавых дабавак; удасканаленне тэхналогій кармлення, утрымання і ўзнаўлення с.-г. жывёлы, якія забяспечваюць максімальнае праяўленне іх генетычнага патэнцыялу з мінімальнымі затратамі працы, энергіі і кармоў. Выдае з 1958 зб. прац «Зоатэхнічная навука Беларусі». У 1984 на базе Бел. НДІ жывёлагадоўлі, доследна-племянной гаспадаркі «Будагова», эксперым. базы «Зарэчча» створана навук.-вытв. аб’яднанне «Племэліта». У ін-це працавалі Х.С.Гарагляд, В.Ц.Горын, У.В.Горын, К.М.Сонцаў; працуюць І.І.Будзевіч, В.М.Галушка, А.Ф.Трафімаў, І.П.Шыйко.

І.​П.​Шыйко.

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПЕ́НКА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 17.12.1923, в. Гейдзіна Аляксандраўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі аўтадарожны ін-т (1951). З 1952 дырэктар МТС, старшыня Плешчаніцкага райвыканкома, 1-ы сакратар Старобінскага райкома КПБ, сакратар Мінскага абкома КПБ. З 1976 у Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (у 1976—85 дырэктар). Навук. працы па праблемах навук.-тэхн. прагрэсу, эфектыўнасці, рэнтабельнасці і спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацаваў тэарэт. асновы, механізм фарміравання і кіравання якасцю с.-г. прадукцыі ў рыначных умовах.

Тв.:

Специализация и рентабельность сельскохозяйственного производства. Мн., 1972;

Экономические проблемы качества сельскохозяйственной продукции. М., 1980;

Агропром: науч.-технич. прогресс и качество. Мн., 1988.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́Н (Вікенцій Іванавіч) (н. 23.8.1936, в. Падлессе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1997). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1958) і Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1965). З 1960 у БелНДІаграэнерга Акадэміі агр. навук Беларусі (1986 нам. дырэктара, з 1998 дырэктар). Навук. працы па праблемах энергетыкі, электрыфікацыі і энергазберажэння ў АПК. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і сродкі электратэхн. забеспячэння, найб. эфектыўнага энергазберажэння і выкарыстання нетрадыц. і ўзнаўляльных крыніц энергіі ў с.-г. вытв-сці.

Тв.:

Электротехническое обеспечение сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (разам з Э.​В.​Бараноўскім);

Энергосберегающие технологии и оборудование в системах энергообеспечения АПК. Мн., 1996.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ТАЎ (Аляксандр Васілевіч) (24.11.1826, с. Гульнева Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. —7.12.1901),

бел. і расійскі аграном, першы ў Расіі і Беларусі д-р сельскай гаспадаркі (1867). Праф. (1855). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1850). З 1853 вывучаў сельскую гаспадарку ў Расіі, Германіі, Бельгіі і інш. З 1855 заг. кафедры ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. У 1859—1900 у Пецярбургскім ун-це (заг. кафедры, з 1888 дэкан). Навук. працы па пытаннях земляробства, глебазнаўства, жывёлагадоўлі, перапрацоўкі с.-г. прадукцыі. Распрацоўваў рацыянальныя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі, упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі. У 1885—91 разам з В.​В.​Дакучаевым выдаваў «Матэрыялы па вывучэнні рускіх глеб».

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1932 у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Да 24.2.1997 — саўгас-тэхнікум. Спецыяльнасці (1997/98 навуч. г.): заатэхнія, ветэрынарыя, механізацыя сельскай гаспадаркі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАПЕРАСО́ЎКА,

партатыўная кінаўстаноўка для дэманстрацыі кінафільмаў у невял. глядзельных залах. Мае кінапраекцыйны апарат (пераважна для 16-мм плёнкі), гукаўзмацняльнік, гучнагаварыцелі, пераносны кінапраекцыйны экран і ў некаторых выпадках уласную крыніцу электрасілкавання. Выкарыстоўваецца ў сельскай мясцовасці, а таксама для навуч. мэт.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,

спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн. прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш. Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.

М.​В.​Сторажаў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)