форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс.га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс.гас.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп.самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс.гас.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял.кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл.Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр.ВКЛ агульныя прававыя нормы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РДАВА (Córdoba),
горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт.вобл. Андалусія. Адм. ц.прав. Кордава. 300 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст.прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.
Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.
Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЯСЛА́Ў БРАЧЫСЛА́ВІЧ (каля 1029—14.4.1101),
князь полацкі [1044—1101]. Сын полацкага кн.Брачыслава Ізяславіча. У 1060 удзельнічаў разам з Яраславічамі (Ізяславам, Святаславам, Усеваладам) у паходзе супраць качэўнікаў торкаў. Імкнуўся пашырыць Полацкае княства і адстойваў яго самастойнасць. У 1065 няўдала напаў на Пскоў, але здолеў разбіць войска наўгародскага кн. Мсціслава на р. Чарэха, пасля чаго ў 1066 захапіў Ноўгарад. вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а ч. горада спаліў. У Нямігскай бітве 1067 разбіты 3 братамі Яраславічамі, вераломна захоплены імі ў палон у час перагавораў каля Оршы і зняволены ў Кіеве. У час Кіеўскага паўстання 1068—69 вызвалены народам з цямніцы і 7 месяцаў быў вял. князем у Кіеве. У час паходу супраць былога вял.кн. Ізяслава У.Б. вярнуўся ў Полацк, але прагнаны адтуль Ізяславам. З войскам, набраным сярод фінскага племя водзь, у 1069 разбіты пад Ноўгарадам. У 1071 вярнуў княжанне ў Полацку. Пабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. К 1078 захапіў часова Смаленск. За рашучасць, розум і энергію празваны Чарадзеем. Адзін з герояў «Слова аб паходзе Ігаравым», упамінаецца ў былінах кіеўскага цыкла. Меў сыноў Барыса (Рагвалода), Давыда, Глеба, Расціслава, Рамана, Святаслава.
Літ.:
Леонардов Д.С. Полоцкий князь Всеслав и его время // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2;
1916. Вып. 3;
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Тарасаў С.В. Чарадзей з сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991.
Г.В.Штыхаў.
Усяслаў Брачыславіч. Фрагмент мініяцюры Радзівілаўскага летапісу 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАСЦЬ, кафалічнасць,
рэлігійна-багаслоўскае паняцце, якое азначае адзінства, цэласнасць царкоўнага арганізма. Пры абвяшчэнні сябе саборнай, ці кафалічнай, пэўная царква імкнецца да адзінства і адзінасці ў свеце. Вытокі ідэі хрысціянскай С. ў вучэнні апостала Паўла пра царкву. Вызначэнне паняцця «С.» набыло самастойнасць у працах аднаго з заснавальнікаў славянафільства А.С.Хамякова, які лічыў, што толькі ў правасл.царк. саборы выяўляецца «адзінства ў мностве», якога патрабуе прырода хрысц. царквы, чалавека і грамадства. Ён лічыў, што толькі правасл. царква арганічна спалучае прынцыпы свабоды і адзінства і ўсведамляе ідэю С. як вышэйшую Божую аснову царк. жыцця; проціпастаўляў ёй каталіцкую царкву, якая быццам бы грунтуецца на «адзінстве без свабоды», і пратэстанцкую, нібыта заснаваную на «свабодзе без адзінства». Паняцце «С.» стала цэнтр. у правасл.-славянафільскім кірунку рус.рэліг. філасофіі. К.С.Аксакаў атаясамляў атаясамліваў* С. і абшчыну, дзе, на яго думку, асоба «свабодная, як у хоры». У.С.Салаўёў трансфармаваў ідэю С. ў ідэю ўсеадзінства, якую вызначаў як «паўнату быцця». С.М.Трубяцкой проціпастаўляў ідэю С. індывідуалізму і калектывізму і вызначаў С. як супадзенне рэліг., маральнага і сац. пачаткаў. С.Л.Франк тлумачыў С. як «унутр. арганічнае адзінства», якое ляжыць у аснове чалавечых зносін. С.М.Булгакаў лічыў, што С. з’яўляецца асновай праваслаўя як «адзінае жыццё ў адзінай ісціне». П.А.Фларэнскі спрабаваў аб’яднаць паняцці С. і ўсеадзінства. Як эквівалент С. ўжываецца таксама паняцце «салідарнасць» як агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне прынцыпаў светапогляду і сумесная адказнасць.
Літ.:
Керимов В.И. Историософия А.С.Хомякова. М. 1989;
Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992;
Соловьев В.С. О христианском единстве. М., 1994;
Хомяков А.С. Сочинения богословские. СПб., 1995;
Булгаков С.Н. Два града: Исслед. о природе обществ. идеалов. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (РСІ, Рабкрын),
орган дзярж. кантролю ў Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках, потым у СССР і саюзных рэспубліках у 1920—34. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантролю, якія дзейнічалі з часу Лют. рэвалюцыі 1917. Паводле дэкрэта ВЦВК ад 7.2.1920 Наркамат дзярж. кантролю РСФСР рэарганізаваны ў Нар. камісарыят РСІ. На Беларусі ў ліп. 1920 у складзе Ваенрэўкома ССРБ утвораны аддзел РСІ, які ў жн. пераўтвораны ў Камісарыят РСІ Ваенрэўкома ССРБ, а ў снеж. — у Наркамат РСІ ССРБ. XII з’езд РКП(б) (крас. 1923) прыняў рашэнне пра аб’яднанне органаў парт. і дзярж. кантролю ў адзін — Цэнтр. кантрольную камісію — Наркамат РСІ (ЦКК—НК РСІ), хоць яны захавалі пэўную самастойнасць. НК РСІ былі дадзены правы канчаткова зацвярджаць штаты наркаматаў і цэнтр.дзярж. устаноў, ліквідоўваць арг-цыі і прадстаўніцтвы, змяняць арганізац. структуры ўстаноў і прадпрыемстваў, накладваць пакаранні і нават звальняць кіруючых асоб за безгаспадарчасць, бюракратызм і валакіту. Паводле рашэння XVII з’езда ВКП(б) (студз.—лют. 1934) замест ЦКК—НК РСІ створаны Камісія парт. кантролю пры ЦКВКП(б) і Камісія сав. кантролю пры СНКСССР. ЦКККП(б)Б рэарганізавана ў Камісію парт. кантролю пры ЦККП(б)Б; пастановай ЦВК і СНКБССР ад 8.3.1934 НК РСІ БССР і Камісія выканання пры СНКБССР скасаваны, а на іх аснове створаны Камісія сав. кантролю пры СНКБССР і адпаведныя структуры на месцах.
Да крас. 1919 органы дзярж. кантролю на Беларусі ўзначальваў С.І.Берсан. Наркомы РСІ ССРБ: С.Н.Найхін (1921—22), А.Д.Руманаў (1922—23). Старшыні ЦКККП(б)Б — наркомы РСІ БССР: Р.Я.Рудэрман (1923—24), В.П.Грузель (1924—25), В.А.Радус-Зяньковіч (1925—27), А.Я.Калнін (1927—32), І.А.Лычаў (1932—34).
Літ.:
Злотник М.И. Деятельность органов партийно-государственного контроля БССР в государственном строительстве (1917—1934 гг.). Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НЫ СКАЗ,
поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.
Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.Бядуля).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл.Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.
У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ.Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч.г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ», «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі»,
сярэдневяковае дзярж. аб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Германія (займала пануючае становішча), шэраг каралеўстваў, герцагстваў і зямель (Чэхія, Паўн. і Сярэдняя Італія з Рымам, Бургундыя, Нідэрланды, Швейцарыя, польскія землі і інш.). Гэтыя тэр. ў розны час і ў рознай ступені падпарадкоўваліся герм. імператару. Засн. ў 962 герм. каралём Атонам I. Вяла агрэсіўную палітыку, гал. чынам на У (землі палабскіх славян) і Пд (Італія), куды герм. каралі рэгулярна рабілі паходы для атрымання імператарскай кароны з рук рым. папаў і з мэтай падпарадкавання Італіі (фактычна кожны раз яе трэба было заваёўваць нанава). Барацьба імператараў з рым. папамі ў 11—13 ст. (за інвестытуру і інш.) аслабіла ўладу імператара над Італіяй і ўзмацніла асобныя герм. княствы. У сярэдзіне 13 ст. «С.Р.і.» страціла Італію, а Германія распалася на шэраг княстваў. Найб. моцныя князі — курфюрсты выбіралі імператара. Гэты парадак быў юрыдычна замацаваны Залатой булай Карла IV 1356. У 15 ст. фактычнай самастойнасці дамаглася Чэхія, аддаліўся Швейцарскі саюз; у 16 ст. да Іспаніі адышлі Нідэрланды. Паступова ўлада імператара стала намінальнай (не мела ні фін. сродкаў, ні арміі), а саслоўна-прадстаўнічая ўстанова — рэйхстаг быў паслухмяны герм. князям. З развіццём феад. адносін асобныя герм. княствы ўзмацніліся. Пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 у выніку Вестфальскага міру 1648 за герм. княствамі прызнана паліт.самастойнасць, што канчаткова ліквідавала імператарскую ўладу на тэр. Германіі. У час напалеонаўскіх войнаў з большасці ням. княстваў утвораны т. зв. Рэйнскі саюз 1806—13 пад пратэктаратам Напалеона I. Апошні імператар «С.Р.і.» Франц II Габсбург у 1806 адрокся ад рымска-герм. кароны, і імперыя перастала існаваць. Правячыя дынастыі «С.Р.і.»: Саксонская дынастыя (962—1024), Франконская дынастыя (1024—1125), Гогенштаўфены (1138—1254), Габсбургі (1273—1806 з перапынкамі), Люксембургі (1308—1437 з перапынкамі).
Літ.:
Неусыхин А.И. Очерки по истории Германии в средние века // Неусыхин А.И. Проблемы европейского феодализма. М., 1974;
Колесницкий Н.Ф. «Священная Римская империя» в освещении современной западногерманской историографии // Средние века. М., 1959. Вып. 14;
Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАФА́Н БАТО́РЫЙ, Сцяпан Батура (венг. Istwan Bathory, польск. Stefan Batory; 27.9.1533, Шомліо, цяпер Румынія — 12.12.1586),
дзяржаўны дзеяч, палкаводзец, трансільванскі князь [1571—86], вял. князь ВКЛ і кароль польскі [1576—86]. Паходзіў са стараж. венгерскага роду Баторыяў Шомліо. З 15 гадоў на ваен. службе ў караля Чэхіі і Венгрыі Фердынанда I. Пазней служыў у трансільванскага князя Янаша Жыгманда Запальяі (Іаана Сігізмунда Запольскага). Пасля смерці Янаша Жыгманда (1571) князь Трансільваніі. Пасля таго, як прэтэндэнт на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай Генрык Валезы ўцёк з Кракава (1574), С.Б. пры дапамозе магнатаў Збароўскіх і інш. выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай. На элекцыйным сойме 15.12.1575 насуперак сенату, які абвясціў каралём Максіміляна II, дробная шляхта абвясціла С.Б. каралём Рэчы Паспалітай. Каранаваўся ў Кракаве 1.5.1576. Пасля доўгіх перагавораў з прадстаўнікамі ВКЛ і пасля таго, як граматай ад 29.7.1576 прызнаў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі ў складзе федэратыўнай дзяржавы, абавязаўся захоўваць самастойнасцьВКЛ, пашыраць яго межы, не прызначаць военачальнікамі ў ВКЛ палякаў, агульныя соймы склікаць па чарзе то ў Кароне (Польшча), то ў Княстве (ВКЛ), С.Б. быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. У далейшым кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай адбываўся ў Гродне. У 1579—82 удзельнічаў у Лівонскай вайне. У выніку шэрагу паспяховых аперацый вярнуў ВКЛ Полацк і Вялікія Лукі. Аблога Пскова скончылася безвынікова, аднак паскорыла заключэнне 10-гадовага Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 і заканчэнне вайны. Імкнуўся да ўмацавання каралеўскай улады, разам з тым падтрымліваў шляхту. Замест каралеўскага суда зацвердзіў для яе ў якасці вышэйшай суд. інстанцыі шляхецкія выбарныя трыбуналы (для шляхты Польшчы ў 1578, для шляхты Літвы і Беларусі ў 1581). У 1584 афіцыйна абяцаў зацвердзіць папраўкі да Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем ад 1.4.1579 пераўтварыў Віленскі езуіцкі калегіум у акадэмію (пазней — Віленскі універсітэт), даў дазвол на заснаванне езуіцкіх калегіумаў у Полацку (1581), Рызе (1580), Дэрпце (Тарту, 1584). Імкнуўся да мірнага вырашэння ідэалагічных канфліктаў. Сваю рэзідэнцыю трымаў у Гродне. Тут прымаў пасольствы рускае (1581) і англійскае (1584), правёў раду сенатараў для разгляду дамаганняў Швецыі (1582). Памёр у Гродне.