радовішча даўсанітавых руд у Ельскім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., за 8 км на Пн ад г. Ельск. 2 рудныя паклады прымеркаваны да тоўшчы каалінітавых глін ніжняга карбону. Руды светла- і буравата-шэрыя, бурыя, складаюцца з каалініту, гібсіту, даўсаніту, бяліту; змяшчаюць кварц, кальцый, сідэрыт, гідраслюды. Прагнозныя запасы каля 80—120 млн.т. Залягаюць на глыб. 415—900 м. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,5—6 м. Сыравіна для вытв-сці гліназёму (вокіс алюмінію) і кальцыніраванай соды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзнікаюць у зямной кары на кантакце гарачых магматычных парод з умяшчальнымі пародамі. Падзяляюцца на кантактава-метамарфічныя (узнікаюць ад дзеяння высокай т-ры на ўмяшчальныя пароды) і кантактава-метасаматычныя, пры ўтварэнні якіх у пароды пранікаюць лятучыя кампаненты (пара вады, бору. хлору, фтору) і цяжкія металы. Асабліва падлеглыя кантактаваму метасаматызму карбанатныя пароды (гл.Скарны). К.р. — важная крыніца руд жалеза, хрому, медзі, цынку, свінцу, вальфраму, малібдэну, золата, а таксама неметал. карысных выкапняў — мармуру, карунду, андалузіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),
шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал.руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСО́Н (Luzón),
найбольшы востраў на Пн Філіпінскага архіпелага. Пл. 105,6 тыс.км². Нас. 30 млн.чал. (1995). Рэльеф пераважна сярэднягорны, выш. да 2928 м (г. Пулаг). Есць дзеючыя вулканы (Маён і інш.). Клімат субэкватарыяльны, мусонны, частыя тайфуны. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, у далінах рэк — саванны. Радовішчы храмітаў, золата, нафты, газу, жал.руд. Прам-сць: харч., дрэваапр., тэкст., цэм., горназдабыўная. Вырошчваюць рыс, кукурузу, трыснёг, тытунь, какосавую пальму, какаву, каву, манільскія каноплі і інш. На Л. сталіца Філіпін — г. Маніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТЛАНДЫ́Т (ад імя ірл. натураліста Дж.Б.Пентленда, які ўпершыню знайшоў гэты мінерал),
жалеза-нікелевы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза і нікелю, (Fe, Ni)9S8. Мае 34 ± 10% нікелю, ізаморфныя прымесі кобальту (0,4—3%), медзі (да 6,5%) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае дробныя зерні, радзей буйнакрышт. ўкрапаннікі ў агрэгаце сульфідаў жалеза і медзі. Колер бронзава-жоўты. Цв. 3—4. Шчыльн. 4,5—5,2 г/см³. Бляск металічны. Крохкі. Трапляецца ў асн. вывергнутых пародах. Гал. мінерал нікелевых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ ШО́РЫЯ,
сістэма сярэднягорных хрыбтоў і масіваў у гарах Паўд. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі. Населена адным са стараж. народаў Алтая — шорцамі. Займае адгор’і Салаірскага кража, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 1500—2000 м), на схілах тайга (піхта, елка, кедр, бяроза і інш.). Горная Шорыя — рудны раён; уключае Таштагольскае, Шэрэгешаўскае і інш. радовішчы лёгкаабагачальных магнетытавых руд. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, золата, марганцавай руды і інш. Лясная прам-сць. Горная Шорыя — рудная база металургічных з-даў г. Новакузнецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫ АБМЕ́Н,
абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.
Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл.Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10−6см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.