ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ (Hohenzollern),

дынастыя курфюрстаў Брандэнбурга [1415—1701], каралёў Прусіі [1701—1918] і імператараў Германіі [1871—1918]. Паходзілі са стараж. швабскага графскага роду (пачынальнік роду граф Фрыдрых фон Цолер, п. у 1125), іх родавы замак Гогенцолерн або Цолер (адсюль назва дынастыі). Каля 1227 падзяліліся на швабскую (старэйшую) і франконскую (малодшую) лініі. Прадстаўнік апошняй бургграф нюрнбергскі Фрыдрых VI у 1415 атрымаў у леннае ўладанне марку Брандэнбург і стаў курфюрстам пад імем Фрыдрых I. Найб. вядомыя: Фрыдрых I [1415—40], Фрыдрых Вільгельм [1640—88], Фрыдрых III [1688—1713, з 1701 прускі кароль Фрыдрых I], Фрыдрых II [1740—86], Фрыдрых Вільгельм III [1797—1840], Фрыдрых Вільгельм IV [1840—61], Вільгельм I (прускі кароль у 1861—88 і герм. імператар у 1871—88) і Вільгельм II [1888—1918; пазбавіўся ўлады ў выніку Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі]. Прадстаўнікі швабскай лініі Гогенцолернаў — Гогенцолерны-Зігмарынгены — у 1866—1947 правілі ў Румыніі. З 1968 галавой дому Гогенцолернаў з’яўляецца Луі Фердынанд (унук Вільгельма II).

Літ.:

Туполев Б.М. Династия Гогенцоллернов // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУЛЁЗ,

інвазійная хвароба рыб, якую выклікаюць крывасосныя рачкі-аргулюсы (з роду Argulus). Пашкоджваюцца скура, плаўнікі, шчэлепы моладзі карпа, сазана, стронгі, амураў, судакоў, ляшчоў і інш. Дарослыя рыбы хварэюць рэдка. Лічынкі рачкоў праколваюць хабатком скуру і сасуды цела рыб, сакрэты іх ядавітых залоз таксічна ўздзейнічаюць на арганізм рыб. Прычыняе значныя страты рыбагадоўлі.

Узбуджальнік аргулёзу.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ХІ,

у міфалагічных і рэлігійных уяўленнях бесцялесныя звышнатуральныя істоты, якія прымаюць удзел у жыцці прыроды і чалавека. Падзяляюцца на злых (нячыстых — чорт, нячысцік, д’ябал), якія шкодзяць чалавеку, і добрых, карысных для яго. Адрозніваліся Д. дрэў, крыніц, рэк, лясоў, нараджэння і смерці, хвароб і здароўя чалавека, Д. грамады, роду, Сонца, Месяца і інш.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н I Цымісхій

(Iōannēs; каля 925—10.1.976),

імператар Візант. імперыі [969—976]. Паходзіў са знатнага арм. роду Куркуасаў. Выдатны военачальнік, умацаваў граніцы дзяржавы на Пн (у 971 перамог кіеўскага кн. Святаслава), у 968 далучыў да Візантыі паўн.-ўсх. ч. Балгарыі, у барацьбе супраць арабаў у 974—975 адваяваў б.ч. Сірыі. Паводле некат. звестак быў атручаны.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРАНЕГАЛО́ВЫЯ (Rhizocephala),

падатрад вусаногіх ракападобных. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў акіянах, акрамя халодных вод, ёсць прэснаводныя віды. Будова спрошчаная (адсутнічаюць кішэчнік, органы пачуццяў і выдзялення). Паразіты крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў. Аб прыналежнасці К. да ракападобных сведчыць наяўнасць у цыкле развіцця лічынкавых стадый — наўпліуса і цыпрысападобнай лічынкі (як у ракушкавых ракападобных роду Cyprus).

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНІЦА,

захворванне слізістай абалонкі поласці рота і языка. Выклікаецца дрожджападобнымі грыбамі роду Candida. Узнікае найчасцей у нованароджаных і дзяцей груднога ўзросту; у дарослых — у час хвароб са знясіленнем (дызентэрыя, тыф і інш.). Праяўляецца малочна-белымі налётамі на слізістай абалонцы рота, якія зліваюцца ў плеўкі. Пры зняцці налётаў застаецца чырвань ці эрозія. Лячэнне тэрапеўт., вітамінатэрапія.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХАРА́РЫ (ад стараж.-іранскага — галава роду),

уладары вял. абласцей Арменіі ў 1-м тыс. н.э. Падзяляліся на старэйшых Н., якія выводзілі сваё паходжанне ад легендарнага прабацькі армян — Хайка, і малодшых Н., якім гэты тытул даваўся царамі. Б.ч. старэйшых Н. загінула ў войнах да 8—9 ст. У далейшым Н. называлі сярэдніх і нават дробных князёў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЖ’Я́Н, сіг ледавітаморскі,

сіг сібірскі (Coregonus lavaretus pidschian),

рыба, падвід сіга звычайнага роду сігаў атр. ласосепадобных. Пашыраны на Пн Еўропы і ў Сібіры, у т. л. ў воз. Байкал. Паўпрахадныя і азёрна-рачныя формы.

Даўж. да 50 см, маса да 1,6 кг. Рот ніжні. Корміцца беспазваночнымі (маляўкі — зоапланктонам, дарослыя — пераважна бентасам). Аб’ект промыслу.

Пыж’ян.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖА ў жывёл,

інфекцыйная прыроднаачаговая хвароба, якая выклікаецца бактэрыяй з роду эрызіпелотрыкс. Пашырана ўсюды, хварэюць на Р. найчасцей свінні, ягняты, коні, буйн. раг. жывёла, птушкі, таксама чалавек.

Прыкметы: павышэнне т-ры, адмова ад корму, прыгнечанасць, кан’юнктывіт, запаленне страўніка і кішэчніка, на скуры з’яўляюцца бардова-чырв. плямы. Пры хранічным цячэнні таксама ачагі некрозу, эндакардыт, артрыт, анемія.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.​Х.​Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)