павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1960). У 1967—95 мастак шклозавода «Нёман». Працуе ў галіне маст. шкла. У творчасці выкарыстоўвае прыём гіпербалізацыі форм, аб’ёмаў, асацыятыўную вобразнасць спалучае з дызайнерскімі рашэннямі: дэкар. кампазіцыі «Белавежская пушча» (1969), «Кветкі» (залаты медаль на міжнар. выстаўцы шкла і фарфору 1973 у г.
Ябланец, Чэхія), «Шкляныя метамарфозы» (1973), «Птушкі» (1980), «Акулы» (1983), «Сёння на світанні» (1984), «Венерыны чаравічкі» (1993); камплекты посуду «Мядзведзі» (1967), «Марыя Сцюарт» (1993), дробная пластыка «Пеўні» (1972), «Дэльфіны» (1977); блюда «Дуб» (1974), куфель з партрэтам У.С.Высоцкага (1990) і інш. Аўтар вітражоў-карцін «Пётр I», «Карэта» (абедзве 1973). Іл.гл. таксама да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАСАМЕ́НТ (франц. connaissement),
дакумент аб умовах дагавору перавозкі грузу марскім шляхам; распіска, якая выдаецца капітанам судна або агентам марскога трансп. прадпрыемства (параходства) грузаадпраўшчыку з пацвярджэннем прыняцця грузу да перавозкі і абавязацельствам дастаўкі яго ў порт прызначэння і выдачы адрасату (грузаатрымальніку). З’яўляецца каштоўнай паперай. Трымальнік гэтага дакумента атрымлівае права распараджацца грузам. Адрозніваюць К.: лінейны у якім выкладзена воля адпраўшчыка па заключэнне дагавору перавозкі грузу чартарны — пагадненне аб найме судна для выканання рэйса або на вызначаны час; берагавы пацвярджае прыём грузу ад адпраўшчыка на беразе (на складах перавозчыка); бартавы выдаецца, калі тавар пагружаны на судна. Паняцце К., яго неабходныя рэквізіты і ўмовы складання вызначаны ў кодэксе гандл. мараплавання. Адсутнасць рэквізітаў пазбаўляе К. функцый тавараразмеркавальнага дакумента, і ён не з’яўляецца каштоўнай паперай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗАІ́ЗМ,
слова або выраз з гутарковай мовы, афіцыйна-дзелавога, навуковага і інш. стыляў мовы, што ўведзены ў тэкст паэтычнага твора і рэзка выдзяляюцца ў ім. Напр., у А.Пушкіна: «...я снова счастлив, молод, Я снова жизни полн — такой мой организм (Извольте мне простить ненужный прозаизм)». У бел. паэзіі выкарыстоўваецца як маст.прыём, які ўносіць у тэкст твора нечаканае, адрознае ад агульнай танальнасці, часцей камічнае (іранічнае, гумарыстычнае) адценне:
Чужой любві я не зайздрошчу:
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
ды ў ім утульна не заўжды.
(А.Куляшоў. «Чужой любві я не зайздрошчу...»)
Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
(П.Панчанка. «Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыёмаператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,
літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: гсдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣт (лѣто), црство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброволный, лихтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зранене, спустошене), канцавой зычнай у розных граматычных формах (будет, поедет; дадут, плачут; в тых сеножатех; доброг, старог, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (индикт, наместникъ, радост). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),
італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.Розы, Ж.Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
жылы гарадок, узведзены для ваеннаслужачых у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1992—97 (арх. Г.І.Белікаў, У.М.Еўдакімаў, В.К.Карунас, Ю.М.Малевіч, А.І.Нічкасаў, А.С.Пархута, У.Б.Праабражэнскі, У.М.Тарноўскі; Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Разлічаны на 3,5 тыс. жыхароў. Пры стварэнні гарадка ўпершыню на Беларусі выкарыстаны прыём фарміравання пешаходнай вуліцы, якая ўключае ўсе неабходныя для жыхароў зоны сац. абслугоўвання: выхавання, адукацыі, аздараўлення, адпачынку, гандл., быт. і мед. паслуг. У цэнтр.ч. размешчаны грамадска-адукац. цэнтр, вакол яго — пешаходныя алеі, на якія раскрыты паўзамкнёныя дворыкі 2—3-павярховых жылых дамоў, злучаныя паміж сабой анфіладай. Побач з цэнтр. уваходам пастаўлены гандл. будынкі. Месцы для аўтатранспарту і стаянак размяшчаюцца па знешнім перыметры гарадка. Каля жылога гарадка пабудаваны бальнічны комплекс.