ВЕ́ТРАЗЬ судна, палотнішча (ільняная, баваўняная, сінтэтычная тканіна) ці гнуткая пласціна для пераўтварэння энергіі ветру ў энергію руху судна; адзін з самых стараж. відаў рухачоў. Ветразі адрозніваюць: па форме — прамыя (у выглядзе прамавугольніка ці раўнабокай трапецыі; ставяцца ўпоперак судна) і косыя (трох- і чатырохвугольныя; ставяцца ўздоўж судна); паводле месца размяшчэння — верхнія, заднія, лятучыя, ніжнія, пярэднія; паводле прызначэння — звычайныя і штармавыя. Вецер аказвае на ветразі непасрэдны ціск (пры размяшчэнні ветразяў перпендыкулярна ветру) ці стварае аэрадынамічную сілу (пры косым абцяканні ветразяў паветр. патокам). У залежнасці ад размяшчэння на судне кожны ветразь мае сваю назву. Выкарыстоўваюцца таксама на буерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСЬ Аляксандр Яўхімавіч
(н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.І.Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.С.Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.С.Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар.прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН Пётр Рыгоравіч
(5.1.1907, в. Ізлягошча Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 9.7.1974),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай і Віцебскай абл. у Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1929. З 1934 у органах НКУС, з 1936 на чыг. ст. Мінск. У 1941 камандзір аддзялення, узвода партыз. атрада спец.прызначэння «Міця», які дзейнічаў на тэр. Магілёўскай, Смаленскай і Арлоўскай абл. З сак. 1942 кіраўнік партыз.спец.развед.-дыверсійнай групы НКДБСССР «Бывалыя», са жн. 1942 — камандзір партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». З 1944 на сав. і гасп. рабоце ў Барысаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДРО́М
(ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),
тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.
Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец.прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТО́БУС
(ням. Autobus),
аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,
участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведна-эталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШАНКО́Ў Віталій Міхайлавіч
(н. 23.7.1931, г. Арол, Расія),
бел. вучоны ў галіне акустаэлектронікі і тэхн. электрадынамікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1972), праф. (1974). Скончыў Саратаўскі дзярж.ун-т (1954), там і працаваў. З 1974 у Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па вагальных і каналізавальных сістэмах ЗВЧ, звязаных сістэмах, перыядычных хваляводах. Распрацаваў новыя тыпы запавольвальных сістэм, тэлевізійныя фільтры на паверхневых акустычных хвалях, фільтры спец.прызначэння.
Тв.:
Измерение параметров замедляющих систем методом связанных линий. Ч. 1—3. Вопросы радиоэлектроники. Сер. 1. Электроника. 1968. № 9—11;
Субоптимальный метод синтеза фильтров на поверхностных акустических волнах // Радиоэлектроника. 1985. № 9. (разам з А.С.Рухленкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛВОДАКАНАЛПРАЕ́КТ»,
Дзяржаўны праектны інстытут «Белводаканалпраект» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1964 у Мінску як аддзел Ін-та «Саюзводаканалпраект». З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: тапаграфічныя, інж.-геал. і гідралаг. даследаванні, распрацоўка тэхн. дакументацыі на буд-ва сістэм і асобных збудаванняў прамысл. і пітнога водазабеспячэння, бытавой, вытв. і дажджавой каналізацыі для населеных пунктаў, прамысл. вузлоў прадпрыемстваў розных галін прам-сці, камунальнай і сельскай гаспадаркі; выкананне праектаў аховы падземных водаў ад забруджвання, лакальнай ачысткі прамысл. сцёкаў на тэр. прадпрыемстваў, станцый ачысткі прыродных і сцёкавых водаў, вадасховішчаў і вадаёмаў рознага прызначэння, збудаванняў рыбааховы на водапрыёмніках, шламанакапляльнікаў і накапляльнікаў адходаў вытв-сці, біял. сажалак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎПША́САЎ Станіслаў Аляксеевіч
(27.7.1899, в. Грузджай Шаўляйскага р-на, Літва — 19.11.1976),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пачатку Вял. Айч. вайны камандзір батальёна асобнай мотастралк. брыгады спец.прызначэння, якая абараняла Маскву. З сак. 1942 у тыле ворага: камандзір спец. атрада «Мясцовыя», які дзейнічаў у Мінскай вобл., у 1943 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У час вайны з Японіяй (1945) узначальваў у Маньчжурыі аператыўную групу. Да 1958 у органах дзярж. бяспекі.