Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен.пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),
Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж.пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАДО́Р (Salvador),
Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак.Пл. 21,04 тыс.км². Нас. 6,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
Прырода. Цэнтр.ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.
Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.
Гісторыя Да 7 ст.н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс.чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен.пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.Н.Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.
Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.Кальдэрон і Ф.Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст.рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн.га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс.га, у т. л. 120 тыс.га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс.га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс.т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля 2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн.харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш.Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.
М.Б.Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Сальвадора.Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.Сальвадор. Сушка зярнят кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́РЫЯ (Сурыя),
Сірыйская Арабская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Арабія ас-Сурыя), дзяржава ў Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на У з Іракам, на Пд з Іарданіяй, на З з Ізраілем, Ліванам і абмываецца Міжземным морам. Пл. 185,2 тыс.км², у т. л. 1370 км² акупіравана ў 1967 Ізраілем (Галанскія вышыні). Нас. 16,3 млн.чал. (2000). Афіц. мова — арабская. Сталіца — г.Дамаск. Падзяляецца на 18 мухафаз. Нац. свята — Дзень эвакуацыі (17 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент і зацвярджае ўсенародны рэферэндум на 7 гадоў. Вышэйшы орган заканад. ўлады — аднапалатны парламент (250 дэпутатаў), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады, выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большая частка тэр. С. раўнінная ці платопадобная (верхняя частка Месапатамскай нізіны на У, Сірыйская пустыня на ПдУ). На З невял. горныя хрыбты: Эд-Друз (да 1800 м), Антыліван з масівам Эш-Шэйх, або Хермон (выш. 2814 м), Эль-Гарбі (да 1830 м), Ансарыя і інш. Паміж хрыбтом Ансарыя (на З) і гарамі Эз-Завія (на У) тэктанічная ўпадзіна Эль-Габ. Уздоўж Міжземнага м. вузкая нізінная і раўнінная паласа. Карысныя выкапні: нафта, газ, марганцавыя і поліметал. руды, фасфарыты і інш. Клімат на З субтрапічны, міжземнаморскі; на Укантынент., засушлівы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 12 °C, на У 4 °C, ліп. адпаведна 26 і 34 °C. Ападкаў на большай частцы тэр. 100—200 мм, на зах. схілах гор да 1000 мм і больш за год (выпадаюць з ліст. да крас.). Рэк мала. Найб. рэкі: на У — Еўфрат з прытокамі і Тыгр, на З — Эль-Асі. Расліннасць пераважна паўпустынная і пустынная, на З у гарах хмызнякі, лясы (3% тэр.) з вечназялёнага дубу, алепскай хвоі і інш. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь. З драпежнікаў звычайныя паласатая гіена, воўк, шакал, каракал, ліс-фенек; з капытных — антылопы і дзікі асёл. Шмат грызуноў і паўзуноў. Ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць сірыйскія арабы (сірыйцы). Жывуць таксама курды (каля 6,5%, пераважна на У), армяне (каля 3%, у гарадах), выхадцы з суседніх краін, чэркесы, туркмены, цыганы і інш. Мусульман 83% (з іх 82% суніты, 18% шыіты), хрысціян каля 14% (правасл., католікі, мараніты і інш). Сярэдняя шчыльн. 88 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў далінах рэк, у перадгорных аазісах шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км², у пустынях і паўпустынях каля 10 чал. на 1 км² і менш, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі. Натуральны прырост каля 3% за год. У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Дамаск — 1550, Халеб — 1591, Хомс — 644, Латакія — 307, Хама — 229. У сельскай гаспадарцы занята 40% працаздольных, у прам-сці —20%, у абслуговых галінах — 40%. Шмат сірыйцаў працуе ў нафтаздабыўных краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. С. — асяродак стараж. цывілізацый. У паняцце «гістарычная С.», т.зв. Вял. С., да пач. 20 ст. ўключаліся тэр. сучасных С., Лівана, Іарданіі і Ізраіля. Прыналежнасць найб.стараж. яе насельніцтва не вызначана. У сярэдзіне 4-га тыс. да н.э.тэр. С. засялілі народы семіцкага паходжання. Яны заснавалі гарады-дзяржавы, найб. значны з якіх — Эбла — дасягнуў росквіту ў 26—23 ст. да н.э. Каля 2000 да н.э. ў паўд.-зах.ч. С. пасяліліся ханаанеі, на ўзбярэжжы — фінікійцы; каля 1700 да н.э. на тэр. С. з’явіліся амарыты, каля 1500 да н.э. — арамеі, у 12 ст. да н.э. — яўрэі. У 16—13 ст. да н.э. С. — аб’ект барацьбы паміж Стараж. Егіптам, Хецкім царствам і Мітані. У 11—8 ст. да н.э. існавала Дамаскае царства, якое ў 732 да н.э. заваявана Асірыяй, у 612 да н.э. Вавілоніяй. З 539 да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. С. заваяваў Аляксандр Македонскі. Яго пераемнікі Селеўкіды кіравалі С. ў 312—64 да н.э. На працягу наступных 700 гадоў С. была ў складзе Рымскай, потым Візант. імперый. Палесцінская частка Вял. С. — радзіма хрысціянства, якое ў 4 ст.н.э. стала дзярж. рэлігіяй. У 630-я г. С. заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні). З гэтага часу іслам прыняты большасцю насельніцтва, а араб. мова стала адзінай мовай народа С. У 661—750 С. — паліт. і культ. цэнтр Амеядаў халіфата, пасля ўсталявання ў 750 Абасідаў халіфата цэнтр дзяржавы перамясціўся ў Ірак. У 10—11 ст. С. пад уладай розных мусульм. дынастый. У канцы 11 ст. ў С. ўварваліся крыжакі, якія захапілі прыбярэжныя р-ны. У канцы 12 ст. егіпецкі султан Салах-ад-дзін нанёс крыжакам паражэнне і стаў правіцелем б.ч.тэр. С. У 1260—1516 С. пад уладай егіпецкіх мамлюкаў. У 1516 С. заваявалі туркі-асманы, і яна на 400 гадоў увайшла ў склад Асманскай імперыі. Вял.геагр. адкрыцці і новыя марскія шляхі ў краіны Усходу паменшылі значэнне С. як цэнтра транзітнага гандлю. У 2-й пал. 19 ст. ў С. ўзнік культ.-асветніцкі рух «Нахда» («Адраджэнне»), да пач. 20 ст. яна была адным з цэнтраў барацьбы за араб. незалежнасць. У 1-ю сусв. вайну сірыйцы разам з інш.араб. народамі ўзнялі паўстанне супраць туркаў і падтрымалі Вялікабрытанію ў абмен на яе падтрымку ідэі араб. незалежнасці. Але пасля вайны Ліга Нацый падзяліла ў 1920 Вял. С. на мандатныя тэрыторыі паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; да Францыі адышла тэр. сучаснай С. Франц. панаванне, палітыка яе адміністрацыі, скіраваныя на поўнае падпарадкаванне С., выклікалі шэраг паўстанняў. Найб. з іх — Сірыйскае нацыянальнае паўстанне 1925—27 — прымусіла франц. ўлады да ўступак. У маі 1930 выдадзена канстытуцыя, якая абвясціла С. рэспублікай пры захаванні вярх. улады Францыі. Ва ўмовах 2-й сусв. вайны (у чэрв. 1941 брыт. войскі і часткі «Свабоднай Францыі» ген. Ш. дэ Голя выбілі з тэр. С. армію рэжыму «Вішы»), франц. адміністрацыя 27.9.1941 заявіла аб прызнанні незалежнасці С., 23.12.1943 падпісана адпаведнае франка-сірыйскае пагадненне. У жн. 1943 выбраны першы прэзідэнт незалежнай С. — Ш.Куатлі. Суверэннай дзяржавай С. стала пасля вываду франц. і брыт. войск 17.4.1946 — гэты дзень адзначаецца ў С. як нац. свята.
Як і інш.араб. краіны, С. выступіла супраць рашэння ААН пра падзел Палесціны і ўтварэнне дзяржавы Ізраіль, сумесна з імі прыняла ўдзел у араба-ізраільскай вайне 1948—49: Ваен. няўдачы пахіснулі аўтарытэт урада С. У сак. 1949 група афіцэраў здзейсніла дзярж.пераварот, паклаўшы пачатак 20-гадоваму перыяду ваен. пераваротаў. Імкнучыся рэалізаваць ідэю адзінства ўсіх арабаў, С. ў лют. 1958 аб’ядналася з Егіптам у Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (ААР). Спробы кіруючых колаў Егіпта ўсталяваць кантроль над адзінай дзяржавай прывялі ў вер. 1961 да выхаду С. з ААР і абвяшчэнні яе Сірыйскай Араб. Рэспублікай. Ваен.пераварот 8.3.1963 прывёў да ўлады Партыю арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Баасісцкі ўрад перадаў пад кантроль дзяржавы б.ч. прам-сці і знешняга гандлю. У выніку паражэння С. ў араба-ізраільскай вайне 1967 ч. сірыйскай тэр., у т. л. Галанскія вышыні, захоплена Ізраілем. У ліст. 1970 да ўлады ў партыі і краіне прыйшоў ген. Х.Асад (у сак. 1971 ён абраны прэзідэнтам С.). Пасля араба-ізраільскай вайны 1973 С. вярнула ч. акупіраваных тэрыторый, але большая ч. Галанскіх вышынь засталася пад кантролем Ізраіля, які ў 1981 афіцыйна іх анексіраваў. З 1976 С. ажыццяўляе ваен. прысутнасць у Ліване, у 1982 удзельнічала на яго тэр. ў вайне супраць Ізраіля. У 1979 С. асудзіла мірныя дагаворы паміж Егіптам і Ізраілем (гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). У час ірана-іракскай вайны 1980—88 урад С. падтрымаў Іран, а ў час Кувейцкага крызісу 1990—91 сірыйскія войскі ўдзельнічалі ў антыіракскай кааліцыі. Гал. мэта знешняй палітыкі С. — вяртанне Галанскіх вышынь і ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Аднак сірыйска-ізраільскія перамовы 1990-х г. па гэтых пытаннях скончыліся безвынікова. Пасля смерці ў чэрв. 2000 Асада прэзідэнтам стаў яго сын Б.Асад. С. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны С. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1993.
Паліт. партыі: Партыя араб.сацыяліст. адраджэння, узначальвае Прагрэс.нац. фронт (ПНФ), у які таксама ўваходзяць Араб.сацыяліст. саюз, Рух араб. сацыялістаў, Сірыйская камуніст. партыя і інш.; усе арг-цыі, якія не ўваходзяць у ПНФ, забаронены.
Гаспадарка. С. — аграрна-індустр. дзяржава сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт 41,7 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на душу насельніцтва; на сельскую гаспадарку прыпадае каля 28%, на прам-сць — каля 20%, на сферу паслуг — каля 52%. У эканоміцы вядучая роля дзярж. сектара, на долю якога прыпадае каля 50% нац. даходу, 75% кошту прамысл. прадукцыі і 70% асн. сродкаў вытворчасці. Дзяржава цалкам кантралюе сферу фінансаў, Горназдабыўную прам-сць, энергетыку, чыг. і авіяц. транспарт. Прыватны сектар дамінуе ў сельскай гаспадарцы, рознічным гандлі, сферы паслуг, аўтатранспарце, жыллёвым будаўніцтве. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Характэрны сялянскія гаспадаркі, ёсць кааператывы і буйныя дзярж. гаспадаркі. У выніку агр. рэформы буйное землеўладанне абмежавана, памешчыцкія землі выкуплены і размеркаваны за плату сярод сялян. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 6 млн.га, у т. л. каля 1 млн.га арашаецца; каля 8 млн.га (тэр. пустынь і паўпустынь) выкарыстоўваецца пад пашу. Штогод збіраюць 4—5 млн.т пшаніцы, каля 2 млн.т ячменю, 200 тыс.т кукурузы, 300 тыс.т сачавіцы, 1,5 млн.тцукр. буракоў, 400 тыс.т вінаграду, 350 тыс.т апельсінаў, 430 тыс.т памідораў. Асн. земляробчыя раёны на ўзбярэжжы, у далінах рэк, перадгор’ях. Тэхн. культуры (бавоўнік, цукр. буракі і трыснёг, тытунь) вырошчваюць на арашальных землях. Асн. раён пладаводства (абрыкосы, інжыр, цытрусавыя), агародніцтва, вінаградарства, бахчаводства — на ПнЗ. Там жа аліўкавыя гаі. Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўная, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У 1997 пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 905, авечак — 15 000, коз — 1200. Гадуюць таксама вярблюдаў, коней, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—21 млн. курэй). Марское і рачное рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жал. руды, серы, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Штогод здабываюць каля 30 млн.т нафты і 5 млрд.м³ газу. Асн. раёны здабычы на ПнУ (Тэль-Румайлан, Карачук, Сувайдзія і інш.). Электраэнергія (у 1998—17,5 млрд.кВт∙гадз) прыкладна пароўну выпрацоўваецца на ГЭС (буйнейшы Еўфрацкі гідраэнергетычны комплекс) і ЦЭС на нафце і газе. Найбольш прадпрыемстваў харч. і лёгкай прам-сці працуюць на ўласнай сыравіне. Развіты бавоўнаачышчальная, тэкст. і швейная (Дамаск, Халеб, Латакія, Хама, Хомс і інш.), харч. (мукамольная, мясаперапрацоўчая, алейная, вінаробная, цукр., кансервавая, безалкагольных напіткаў; Дамаск, Халеб, Латакія і інш.), гарбарна-абутковая, тытунёвая галіны. Важнае значэнне маюць нафтаперапр. (Баніяс, Хомс, Эль-Камышлы), хім. (Хомс), металургічная (Хама, Хомс), цэм. (Дамаск, Халеб, Хама, Хомс) галіны прам-сці. Ёсць з-ды трактаразборачны (Халеб) і электраматораў (Латакія), ф-кі мінер. угнаенняў (Хомс) і дываноў (Халеб), прадпрыемствы ваен. прам-сці. У Дамаску электракабельны з-д, прадпрыемствы электроннай, фармацэўтычнай і шкляной прам-сці. Шырока развіты саматужны выраб парчы, біжутэрыі, маст. рэчаў з медзі, золата, серабра, дрэва і інш.; апрацоўка скур і ручное дыванаткацтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, трубаправодны. Даўж. чыгунак 1998 км, аўтадарог 41,4 тыс.км, унутр. водных шляхоў (рэкі Еўфрат і Эль-Асі) 970 км, нафтаправодаў 1304 км (у т. л. транзітныя з Ірака і Саудаўскай Аравіі), прадуктаправодаў 515 км. У краіне 134 тыс. легкавых, 219 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, 5 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Дамаску і Халебе. Гал. марскія парты Латакія, Баніяс, Тартус. Выкарыстоўваюцца таксама парты Лівана. У 1998 экспарт склаў 4,2 млрд.дол., імпарт 5,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (каля 40% па кошце), тэкстыль, адзенне і скураныя вырабы (каля 30%), некат. харч. тавары, тытунь і інш.; у імпарце — машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, металы, хімікаты, драўніна. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Францыя, Турцыя, Ліван, інш. арабскія краіны. С. — краіна развітога турызму. Штогод наведвае каля 2 млн. турыстаў пераважна з Турцыі і арабскіх краін. Асн. аб’екты — узбярэжжа Міжземнага м., Дамаск, Халеб, рэшткі ант.г. Тадмар (Пальміра). У 1998 турызм прынёс даход у 1,36 млрд.дол. Грашовая адзінка — сірыйскі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС; каля 320 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) — 8 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 215 тыс.чал., 4650 танкаў, каля 4,7 тыс. баявых машын пяхоты і інш. браніраваных машын, больш за 1,9 тыс. самаходных гармат і гармат на буксірнай цязе, 480 рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА каля 100 тыс.чал., у т. л. ў ППА каля 60 тыс.чал., 589 баявых самалётаў, 72 баявыя верталёты, каля 450 зенітных ракетных комплексаў. У ВМС 6 тыс.чал., 10 баявых караблёў, 18 катэраў, у т. л. 10 ракетных, 24 верталёты.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту вядомы наскальныя выявы ў Дэмір-Капу, каменныя і гліняныя антрапаморфныя статуэткі, ляпная размаляваная кераміка, паселішчы 5—4-га тыс. да н.э. (Угарыт, Тэль-Халаф). На тэр. С. развіваліся стараж.маст. культуры Б. Усходу: вавілона-асірыйская, фінікійская, хецкая і інш. Іх спалучэнне з мясц. традыцыямі надало своеасаблівасць мастацтву стараж. С. — сір. перыяду эліністычнага, рым. [Дура-Еўрапас, Тадмар (Пальміра), Бусра] і ранневізант. (Русафа, Кальб-Лузех) мастацтва. У 4—6 ст. склалася мясц. ранневізант. маст. традыцыя. Культавая архітэктура адметная наватарскімі манум. формамі (манастырскі комплекс Кал’ат-Семан, створаны вакол калоны св. Сімяона Слупніка), дамінуючай стала 3-нефавая базіліка з высокім сярэднім нефам, з аркадамі на нізкіх слупах (Кальб-Лузех), купальныя базілікі розных тыпаў (царква ў Русафе). Выяўл. мастацтва таго часу прадстаўлена разьбой па камені і косці, мазаікамі падлог, экспрэсіўнай кніжнай мініяцюрай (Евангелле Рабулы). Пасля араб. заваявання (7 ст.) С. — адзін з цэнтраў станаўлення арабскай культуры. У часы праўлення Амеядаў пачалася стылістычная адаптацыя стараж. мастацтва і дойлідства да сярэдневяковай маст. стылістыкі ісламу. У архітэктуры на аснове стараж.-рым. і візант.буд. вопыту распрацаваны тып шматкалоннай мячэці, перабудаванай з хрысц. базілікі. Захоўваліся запазычанні з ордэрнай сістэмы, канструкцыі арачных і купальных перакрыццяў. У інтэр’еры храма цэнтр. месца заняў вял. двор, завершаны з супрацьлеглага боку галерэяй на аркадах; у гал. сцяне рабілася свяшчэнная ніша — міхраб. Узорнай стала Амеядаў мячэць у Дамаску. Свецкая рэзідэнцыя халіфа (палац у пустыні) мела выгляд крэпасці, абнесенай абарончымі сценамі, з квадратным дваром пасярэдзіне. Фасад палаца меў брамы, завершаныя зубчастымі байніцамі, машыкулямі (замак у Каср аль-Хейр аль-Гарбі). У аздабленні будынкаў захаваліся элініст. і ранневізант. традыцыі (мазаікі мячэці Амеядаў), зарадзілася сістэма арнаменту — арабескі. У 10 ст. сфарміравалася аблічча сярэдневяковага араб. горада з падзелам на ўмацаваныя кварталы. З’явіліся кварталы-кірмашы з крытымі вуліцамі, караван-сараі, медрэсэ (ан-Нурыя ў Дамаску), марыстаны (бальніцы; Нур-ад-дзіна ў Дамаску), лазні з купаламі. На тэр. С. захаваліся руіны крыжацкіх замкаў (Крак-дэ-Шэвалье). Пры Айюбідах (з 1187) высокага тэхн. ўзроўню дасягнулі і фартыфікацыйныя збудаванні (цытадэлі ў Дамаску, Халебе). Пашырыліся формы ярусных мінарэтаў, аздабленне сцен нішамі, арнаментальнымі рамамі. У пластычных мастацтвах развіваліся арнамент і каліграфія. У 13—14 ст. дасягнула росквіту кніжная мініяцюра (рукапісы «Каліла і Дымна» і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаліся кераміка з размалёўкай люстрам, маст. вырабы са шкла (з эмалевымі размалёўкамі) і металу, аздобленыя чаканкай, сярэбранай інкрустацыяй і гравіроўкай, разьба па дрэве (міхрабы, мінбары), маст. тканіны. У асманскі перыяд (1516—1918) мастацтва развівалася пад уплывам тур. дойлідства: мячэці квадратныя ў плане, з вял. сферычным купалам, 4 мінарэтамі па вуглах (мячэць Такія Сулейманія ў Дамаску, 16 ст., арх. Сінан), паліхромная кераміка з буйным кветкавым узорам. Асабліва пышным стаў арх. дэкор. Набылі пашырэнне 1-камерныя маўзалеі «цюрбе». Для традыц.нар. жылля на Пд ужывалі блокі з вулканічнай лавы, на Пн будавалі купальныя жытлы з цэглы-сырцу. У нар. мастацтве пашыраны натуралізаваны расл. арнамент на кераміцы, тканінах, метале, ткацтва бязворсавых дываноў з характэрнымі для пэўнай мясцовасці арнаментам і колеравай гамай. Узнікла інкрустацыя па дрэве серабром, перламутрам і вярблюджай косцю (мінбары, столікі, скрынкі і інш.). У 1920—30-я г. будавалі ў духу еўрап. стыляў, ішла мэтанакіраваная рэканструкцыя гарадоў. У 1950-я г. ўзмацніліся пошукі аб’яднання сучасных канструкцый з нац. формамі (арх. Вахбі аль-Харыры і інш.). Мастакі С. (Т.Тарык, М.Кірша, М.Джалаль) успрынялі традыцыі еўрап.рэаліст. мастацтва, франц.акад. школы і імпрэсіянізму. Адзін з вядучых манументалістаў С. — А.М.Шама (вучань рас. мастака А.Дайнекі). Сярод найб. значных мастакоў 2-й пал. 20 ст.: Л.Каялі, А.Катраміз, Х.Замрык, Н.Набаа, А.Нашваці, І.Хімат, Н.Шаўра і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва: вышыўка шоўкам, серабром, золатам па аксаміце, воўне і бавоўне, пляценне з каляровай саломы, апрацоўка металу, дрэва, інкрустацыя перламутрам, косцю, каляровымі пародамі дрэва, кераміка.
Літ.:
Новейшая история арабских стран Азии, 1917—1985. М., 1988;
Сирийская Арабская Республика. М., 1997;
Корнилов В. Секретная война: Хроника сирийской кампании 1941 г. // Крылья Родины. 1994. № 7—8;
Яшкин Г.П. Под жарким солнцем Сирии // Воен.-ист. журн. 1998. № 4;
Сидорова Н.А., Стародуб Т.Х. Города Сирии. М., 1979;
Богданов А.А. Художники Сирии. М., 1981.
М.С.Вайтовіч, Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Сірыі.Да арт.Сірыя. Міжземнаморскае ўзбярэжжа.Да арт.Сірыя. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Сірыя. Старая крэпасць у г. Хомс.Да арт.Сірыя. Мініяцюра «Ушэсце святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.Сірыя. Мячэць Амеядаў у Дамаску.Да арт.Сірыя. Керамічныя ваза і збанок з Ракі. 13 ст.Сірыя. Цытадэль у г. Халеб. 13—16 ст.Сірыя. Традыцыйныя жытлы ў г. Халеб.Да арт.Сірыя. Т.Тарык. Савет халіфа аль-Мамуна. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж.пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia),
Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж.пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен.пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,
дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м.Пл. 110,99 тыс.км². Нас. 8800 тыс.чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г.Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.
Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.
Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-раліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд.кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.
Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс.ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².
Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл.Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст.феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г.нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.
Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг.рэв.к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс.руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст.балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст.нац.балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].
У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоевазасн.Балг.с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл.Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс.км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.
Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс.рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.Цанкавым ажыццявілі дзярж.пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг.камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.
У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж.пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.
У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл.Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял.нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.
Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.Дзімітрова (1949) В.Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап.паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл.ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц.Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй ўстаноўлены 26.3.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».
Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в.прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн.т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн.т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ.Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн.т, імпарт. жал. руды 0,5 млн.т, здабыча 0,32 млн.т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім.прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс.т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс.т, кальцыніраванай — 1046 тыс.т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч.прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст.прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн.га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн.га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс.т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс.т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс.км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс.км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар.авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш.харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн.чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар.б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-каБалг.АН, Нар.б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац.маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Балг.АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.
Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж.балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж.балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.Чынтулаў, Г.Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.Канстанцінаў), аповесць (Т.Влайкаў), літ. крытыка (Дз.Благоеў, К.Крысцеў), дакумент. проза (З.Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.Траянаў, Х.Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.Мілеў, А.Разцветнікаў, А.Страшыміраў, Л.Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.Талеў), сац.-псіхал. (С.Даскалоў, Дз.Дзімаў, Э.Станеў), маральна-этычны (К.Калчаў, А.Гуляшкі, П.Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.Пятроў, М.Хайтаў, І.Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.Германаў, Л.Леўчаў, Л.Даскалова і інш.); лірычная (Дз.Фучаджыеў, І.Давыдкаў, Д.Жоцеў, С.Паптонеў, Б.Дзімітрова) і дакумент. (Е.Каранфілаў, М.Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.
Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.Ланкава, артыкулы Г.Бакалава, З.Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.Марчэўскага, С.Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.Гілевіч, Л.Цімашкова, В.Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, Гілевіча, Р.Барадуліна, празаічныя творы А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, В.Быкава, І.Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.Вылчаў, Х.Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.Нікіфаровіч, В.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст.н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал.Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш.маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.Зограф, С.Даспеўскі, Н.Паўлавіч.
Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.Мітаў, І.Ангелаў, І.Мырквічка, Я.Вешын). У 1920—30-я г.нац. традыцыі развівалі Х.Станчаў, У.Дзімітроў-Майстара, С.Венеў, І.Мілеў, П.Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.Пятроў, Дз.Узунаў, П.Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).
У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж.нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.Кіркаў, Д.Кіраў, С.Русеў, Л.Дзіманаў, К.Ісінаў, А.Пятроў, скульптары А.Ніколаў, І.Фунеў, М.Маркаў, графікі Б.Ангелушаў, П.Вылкаў, манументалісты А.Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.
Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг.царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.Букараштліеў, Д.Хрыстаў, Н.Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.Атанасава (1910—20-я г.), творам П.Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.Стайнава, Ф.Куцева, В.Стаянава (опера «Саламбо»), М.Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.Хаджыеў, А.Райчаў, К.Іліеў (і дырыжор), Д.Хрыстаў, Г.Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг.муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг.АН (1948), Балг.дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.
Тэатр. Вытокі балг.т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.Войнікаў засн.балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес.т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж.драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар.т-р імя І.Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.Друмева, А.Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг.т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус.тэатр. школ А.Будзеўская, К.Сарафаў, Г.Кіраў, М.Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.Вольскага (Нар.т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар.т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар.т-р моладзі) А.Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.Караміцеў, С.Гецаў, Л.Кабакчыеў, Г.Калаянчаў, Ц.Манева, І.Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.Філіпаў, К.Мірскі, М.Андонаў, В.Цанкоў, Л.Даніэль. Л.Гройс, Я.Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц.т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.Мартынавіч, З.Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.Дакоўскі, Б.Шараліеў, Х.Піскаў, Р.Вылчанаў, Б.Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.Дзюлгерава, Л.Стайкава, М.Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).
Герб і сцяг Балгарыі.Да арт.Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.Да арт.Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.Да арт.Балгарыя. Горад Слівен.Да арт.Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.Да арт.Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.Да арт.Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.Да арт.Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.Да арт.Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.Да арт.Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.Да арт.Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.Да арт.Балгарыя. З.Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.Да арт.Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.Памяранцаў. 1904—12.Да арт.Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.Цокі. 1907.Да арт.Балгарыя. Я.Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.Да арт.Балгарыя. У.Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.Да арт.Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.Да арт.Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж.пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.