«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ДСКІЯ ЛЮ́ДЗІ,
прынятая ў гіст. л-ры назва гандл.-рамеснага і прамысл. насельніцтва гарадоў і ч. паселішчаў гар. тыпу (пасадаў, слабод) Стараж. Русі і Расіі 10—18 ст. Тэрмін «Пл.» паходзіць ад слова «пасад» і сустракаецца ў крыніцах з 15 ст. П.л. аб’ядноўваліся ў абшчыны на чале з земскімі старастамі, якія адказвалі за своечасовую выплату падаткаў і выкананне розных дзярж. павіннасцей. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 у склад Пл. увайшлі жыхары скасаваных прыватнаўласніцкіх гар. слабод. У 1775 урад падзяліў Пл. на гільдзейскае купецтва і мяшчан. Паводле Жалаванай граматы гарадам 1785 Пл. — бяднейшы з 6 разрадаў прамысл. і рамеснага насельніцтва гарадоў. У далейшым гэтая катэгорыя паступова злілася з мяшчанамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІТЭ́РЫЙ, прэсбітэрыум (позналац. presbyterium месца для выбраных ад грэч. presbyteros старэйшына),
зах.-еўрап. храмавым буд-ве прастора перад гал. алтаром, прызначаная для богаслужэння і размяшчэння духавенства. Назва паходзіць ад асаблівасцей першай хрысц. літургіі, якую вёў старэйшына (прэсвітэр). Форма П. залежыць ад планіровачнай кампазіцыі будынка. Звычайна П. злучаны з гал. нефам і можа быць вылучаны арачным парталам ці балюстрадай. Вядомы ў сярэдневяковых раманскіх і гатычных храмах. У бел. архітэктуры паявіліся ў канцы 14 ст. У 17—18 ст. некат. П. аздаблялі скульптурай, дэкарыравалі арнаментам і сюжэтна-тэматычнай размалёўкай (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, св. Андрэя ў Слоніме і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАР’ЕТЭ́ (франц. variété літар. разнастайнасць),
від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердзіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш.эстр. нумары.
Літ.:
Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСА́НА (Bassano; сапр.да Понтэ; da Ponte) Якопа
(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.
Літ.:
Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАФА́УНА (ад арніта... + фауна),
авіфауна, гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр.Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.
Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАБО́РЫ, духаборцы,
сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус.правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст. частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).