ПІРАЛЮЗІ́Т (ад піра... + грэч. lusis ачыстка),

мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл. Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.

Піралюзіт.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАСЛО́ЎНАЕ ДРЭ́ВА ў біялогіі,

філагенетычнае дрэва, дрэвападобная выява роднасных сувязей пэўнай прыроднай групы арганізмаў ці ўсяго арган. свету (гл. Філагенез). Адлюстроўвае сістэму арган. цел у выглядзе дрэва. Прапанаваў у 1766 вучоны П.С.Палас, які даказаў, што лінейнаступеньчатае размяшчэнне арганізмаў не адпавядае суадносінам паміж класамі жывёл. Гэта ідэя набыла папулярнасць пасля выхаду ў свет працы Ч.Дарвіна «Паходжанне відаў» (1859). Р.д. будуюць толькі для адлюстравання монафілітычнай карціны развіцця жывой прыроды (гл. Монафілія). Ідэю поліфілітычнага паходжання арган. свету ў выглядзе дрэва адлюстраваць немагчыма (гл. Поліфілія). Пры дапамозе двухмернага адлюстравання дэманструюць філагенетычныя сувязі прыблізна. Для больш дакладнага адлюстравання будуюць Р.д. ў 3 вымярэннях.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў (Даніла Сямёнавіч) (24.12.1886, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 12.7.1965),

савецкі электрафізіёлаг. Акад. АН Украіны (1957). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1945 у Кіеўскім ун-це, у 1956 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю электрафізіялогіі ў Ін-це фізіялогіі АН Украіны. Навук. працы па праблемах фізіялогіі нерв. дзейнасці, электрафізіял. вывучэнні працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нерв. тканцы. Вывучаў прыроду павольных эл. ваганняў, якія ўзнікаюць у ц. н. с., адкрыў і прааналізаваў мелавую следавую электраадмоўнасць, што ўзнікае ў нерве. Высветліў паходжанне зубцоў электракардыяграмы. Даследаваў прыроду рэфрактарнасці і выявіў ан- і катэлектратанічныя фазы яе развіцця.

Тв.:

Общая электрофизиология. М., 1961;

Физиология животных и человека. Киев, 1952 (разам з А.​І.​Емчанкам).

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́ХІН (Аляксандр Іванавіч) (28.3.1827 або 17.8.1835, с. Семяндзяева Арлоўскай вобл., Расія — 4.6.1891),

рускі гістолаг і фізіёлаг, адзін з заснавальнікаў рус. школы гістолагаў і бактэрыёлагаў. Праф. (1865). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). З 1865 працаваў там жа, у 1888 арганізаваў першую ў Маскве бактэрыял. лабараторыю. Навук. працы па нармальнай анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Даказаў клетачную будову сятчаткі вока і вызначыў паходжанне палачак і колбачак; апісаў нейрафібрылы ў перыферычных нерв. валокнах, паказаў прыналежнасць восевых цыліндраў нерв. валокнаў да адросткаў нерв. клетак, развіццё органаў рыб з эмбрыянальных папярочна-паласатых мышачных валокнаў, двухбаковую праводнасць узбуджэння ў нерв. валокнах.

Тв.:

Об отношении блуждающих нервов к сердцу. М., 1862.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч

(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),

бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),

элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),

запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт ў стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,

старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.

Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.

Асенні паласаты.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),

адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)