ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,

галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл. Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл. Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн. га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн. га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд. м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн. м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн. адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс. га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн. м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс. м³.

За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс. га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс. га, у т. л. 5,5 тыс. га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 т лек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.

Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс. га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс. га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.

Літ.:

Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;

Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.

Р.​Р.​Паўлавец.

Да арт. Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН.

На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.​Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ (Nederlandse Antillen),

уладанне Нідэрландаў у Вест-Індыі, на 5 астравах з групы Малых Антыльскіх астравоў. Афіцыйна лічацца часткай Каралеўства Нідэрланды, карыстаюцца аўтаноміяй ва ўнутр. справах. Пл. 800 км². Нас. 207,8 тыс. чал. (1999). Афіц. мова — нідэрландская, вельмі пашырана мясц. крэольская мова «папіямента» (на аснове ісп. і партуг. моў). Адм. ц. — г. Вілемстад на в-ве Кюрасао. 5 адм. адзінак (на кожным востраве мясц. органы ўлады). Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).

Прырода. 2 найб. а-вы — Кюрасао (пл. 444 км²) і Банайрэ (пл. 288 км²) — знаходзяцца каля ўзбярэжжа Венесуэлы, 3 дробныя — Сен-Мартэн (падзелены паміж Францыяй і Нідэрландамі), Сінт-Эстатыус і Саба (агульная пл. 68 км²) — на Пн, на У ад в-ва Пуэрта-Рыка. Астравы ўзгорыстыя і раўнінныя, в-аў Саба — патухлы вулкан (выш. 862 м). З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Кюрасао), пемза, буд. матэрыялы. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў на Пд каля 500 мм за год. Расліннасць складаецца пераважна з сухіх хмызнякоў і кактусаў. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Жывуць мулаты (85%), негры (10%), выхадцы з Нідэрландаў, Венесуэлы, Бразіліі, краін Усх. Азіі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 1 %. Сярэдняя шчыльн. 260 чал. на 1 км². Каля 95% насельніцтва засяроджана на паўд. а-вах, дзе шчыльн. 300—350 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. Большая ч. насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 28% — у прам-сці і гандлі.

Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў канцы 15 ст. У 1630—40 іх занялі галандцы (у 1634 нідэрл. Вест-Індская кампанія ў пошуках баз заняла а-вы Кюрасао, Арубу, Банайрэ); пасля неаднаразова акупіравалі іспанцы, англічане, французы. У 1807—16 Падветраныя (Банайрэ, Кюрасао, Аруба) і ў 1810—16 Наветраныя (Сен-Мартэн, Сінт-Эстатыус, Саба) астравы — брыт. ўладанне. У 1816 адышлі да Нідэрландаў. У 1863 тут адменена рабства. Эканам. ўздым пачаўся ў 1920-я г. з пабудовай заводаў па перапрацоўцы венесуэльскай нафты. У 1954 атрымалі статус федэрацыі з унутр. самакіраваннем. У 1977 насельніцтва в-ва Аруба прагаласавала за стварэнне самаст. дзяржавы; з 1.1.1986 востраў — асобная тэр. ў складзе Каралеўства Нідэрландаў. Спробы нідэрл. ўрада змяніць статус інш. астравоў адхілены насельніцтвам (рэферэндумы 1993 і 1994).

На в-ве Кюрасао дзейнічаюць Нац. нар. партыя, Новы антыльскі рух, Дэмакр. партыя, Рабочы фронт вызвалення. На Банайрэ вядучая партыя — Патрыят. саюз, на Сен-Мартэне — Дэмакр. партыя.

Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрываюць абслугоўванне замежных турыстаў і прам-сць. Штогадовы даход на 1 чал. каля 11,5 тыс. долараў. У абслуговых галінах атрымліваюць 84% валавога ўнутр. прадукту, у прам-сці — 15%, у сельскай гаспадарцы — 1%. Астравы з’яўляюцца важным раёнам турызму. Сухі і цёплы клімат, выдатныя пляжы, арх. і гіст. помнікі 17—19 ст. прыцягваюць больш за 1 млн. турыстаў штогод (пераважна з ЗША, Канады, Зах. Еўропы). Найб. турыстаў бывае на а-вах Кюрасао і Сен-Мартэн. У прам-сці найб. развіта перапрацоўка імпартнай нафты (пераважна з Венесуэлы і Мексікі) на нафтаперапр. з-дзе на в-ве Кюрасао (штогод каля 15—20 млн. т). Працуюць 3 транзітныя нафтавыя тэрміналы па перагрузцы нафты і нафтапрадуктаў на буйнатанажныя танкеры Буйны цэнтр суднарамонту, на в-ве Кюрасао дзейнічае сухі док, які можа абслугоўваць судны водазмяшчэннем да 155 тыс. т. Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1996). Ёсць прадпрыемствы тэкст., харч., цэлюлозна-папяровай, тытунёвай, лікёра-гарэлачнай (вядомы лікёр «Кюрасао») прам-сці. Праводзіцца зборка электронных кампанентаў з імпартаваных дэталей. Невял. здабыча фасфарытаў (в-аў Кюрасао), пемзы (в-аў Сінт-Эстатыус), солі з марской вады. Саматужныя промыслы (выраб сувеніраў, капелюшоў-панам). У сельскай гаспадарцы з-за недахопу вады выкарыстоўваецца толькі 8 тыс. га зямлі (10% тэр.). Асн. культуры — алоэ, сорга, бабовыя, цукр. трыснёг, бавоўнік, агародніна, фрукты. Малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Астравы з’яўляюцца афшорнай зонай, на іх тэр. дзейнічаюць філіялы замежных банкаў і кампаній, што прыносіць краіне дадатковы прыбытак. Унутр. транспарт аўтамабільны, на астравах 600 км аўтадарог. Марскі флот абслугоўвае знешнегандл. перавозкі. Да партоў (Вілемстад, Кралендэйк, Філіпсбург) прыпісаны гандл. флот водазмяшчэннем больш за 1 млн. т. 5 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. на а-вах Кюрасао, Банайрэ, Сен-Мартэн. А-вы Кюрасао і Банайрэ злучаны з нафтавымі радовішчамі Венесуэлы падводнымі нафтаправодамі. У 1997 экспарт склаў 268,2 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. Экспартуюць нафтапрадукты (больш за 90% кошту экспарту), электронныя вырабы, лікёр, фасфарыты, алоэ і інш.; імпартуюць нафту, разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (28% экспарту, 16% імпарту), Венесуэла (34% імпарту), Мексіка (16% імпарту), Нідэрланды, Бельгія і інш. Краіна атрымлівае дапамогу ад Нідэрландаў. Грашовая адзінка — нідэрландскі антыльскі гульдэн (фларын).

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-МАРЫ́НА (San Marino),

Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino), дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г. Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).

Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял. ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.

Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаў выш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.

Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс. ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).

Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст. тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.​Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-й сусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.

У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн. паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.

Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс. дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн. чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян. маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сць буд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс. га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Марына.
Да арт. Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.

т. 14, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РСКІ КРАЙ.

У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас. р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс. км². Нас. 3107 тыс. чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.

Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс. км. На Пн п-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На З — усх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд. ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд. т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд. т) і Таймырскі (235 млрд. т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн. га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.

Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам. патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн. т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд. кВт гадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн. т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр. прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн. м³, піламатэрыялаў 1,6 млн. м³, паперы 50,3 тыс. т, кардону 58,4 тыс. т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сць сінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр. з-д. Прам-сць буд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч. прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл. с.-г. угоддзяў больш за 5 млн. га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн. га, пад пашай 1,3 млн. га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн. т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс. км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс. км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДА,

у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.

У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш. Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.

Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд. г. назад) і прайшло складаны шлях біял. эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл. Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзу арган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл. Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл. Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл. Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл. Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаў рэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс. га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс. га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл. Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл. Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб. гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл. Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).

Літ.:

Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

В.​С.​Аношка, А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс. км². Нас. 1215,6 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч. Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл. с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б. ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, ​2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.

Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сць с.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.

Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл. табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.

На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс. га зямлі, у т. л. 3,3 тыс. га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл. табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс. км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1994
Уся пасяўная плошча 893 870,6
Збожжавыя і зернебабовыя 417,9 407,7
Тэхнічныя культуры 54,3 38,5
 у тым ліку:
 лён-даўгунец 27 12,6
 цукровыя буракі 14,2 17,8
Бульба 92,7 107,3
Агародніна 3,9 10,9
Кармавыя культуры 324,2 306,2
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1990 1994
Буйная рагатая жывёла 977,1 787,1
 у т.л. каровы 334,5 314,7
Свінні 905,5 731,3
Авечкі і козы 63,1 29,5
Птушка 7765,7 6794,7
Да арт. Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ў СССР,

розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на У СССР. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс. чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач. перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦК КПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦК КПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.

Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл. ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл. Калабарацыяністы) у гады Вял. Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел. нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел. АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал. Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУС БССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс. чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.

Літ.:

Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг. М., 1991;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;

Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф. Мн., 1998;

Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.

У.​І.​Адамушка.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак. Пл. 582,6 тыс. км². Нас. 28,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г. Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).

Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс. км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.

Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс. чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц. традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл. Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст. Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб. феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт. Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.

У 1922 створана першая паліт. арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт. арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр. дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв. дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.​Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.​Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл. ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.

Асн. партыі: Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.

Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд. дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс. га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс. га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс. т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс. т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс. т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс. т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс. км, у т. л. 8,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс. км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.

Літ.:

Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;

Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;

Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.

В.​А.​Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кеніі.
Да арт. Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.
Да арт. Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),

Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак. Пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3534 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.

Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш. Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс. ж. (1997). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.

Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г. Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.​А.​Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.​Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.​Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.

У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.​М.​Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.

Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс. дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс. га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс. га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн. га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс. т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн. т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс. т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч. прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр. з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн. чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн. дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс. км, у т. л. 8,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд. дол., імпарт — 3 млрд. дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.

Літ.:

Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;

Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Коста-Рыкі.
Да арт. Коста-Рыка. Кававая плантацыя.
Да арт. Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)