СТО́ЛІНСКІЯ ХУТАРЫ́,

радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 2,5 км на У—ПнУ ад в. Глінка. Паклад у выглядзе 4 лінзаў звязаны з нерасчлянёнымі адкладамі алігацэну і міяцэну палеагенавай і неагенавай сістэм. Гліны шэрыя, цёмна-шэрыя, шчыльныя, пластычныя, дысперсныя, вогнетрывалыя, у верхняй ч. забруджаныя пяском і арган. рэшткамі. Разведаныя запасы 6,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,7—8 м, ускрышы (пяскі, торф) 0,2—6,6 м. Гліны прыдатныя на выраб вогнетрывалай цэглы, дрэнажных труб, чарапіцы і абліцовачных пліт. Радовішча распрацоўваецца Гарынскім камбінатам буд. матэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 15, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯКЕ́РАЎШЧЫНА,

радовішча глін у Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля вёсак Сякераўшчына, Скавародзіна і Янкава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Складаецца з 3 участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, тлустыя, шчыльныя, з праслойкамі і лінзамі пяску, пластычныя, дысперсныя, гідраслюдзіста-каалінітавага і гідраслюдзіста-мантмарыланітавага складу. Разведаныя запасы — 10,3 млн. м³. перспектыўныя — 6,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—14 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі, торф) 0,2—7,1 м. Гліны прыдатныя для вытв-сці цэглы і дрэнажных труб.

А.​П.​Шчураў.

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́СЫ,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Слабодка, Васілеўшчына, Чаркасы і Лабады. Пластападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага гарызонту. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, з гнёздамі бурага, ажалезненага, участкамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру 20,5—59,8%. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы, слаба гліністы. Разведаныя запасы 14 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,3—12,9 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва і вытв-сці бетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Аляксандраўка, Лутна і Чорнае. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі сожскага гарызонту. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, з лінзамі карычнявата-бурага, ажалезненага, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру 12,5—55,7%. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 8,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—14,6 м, ускрышы (пяскі гліністыя, супескі тонкія) 0,2—5,5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ХАЎЦЫ,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Чэхаўцы. Пластападобны паклад звязаны з міжмарэннымі водна-ледавіковымі адкладамі дняпроўска-сожскага гарызонту. Жвірова-пясчаны матэрыял буравата-жоўты, жаўтавата-шэры, з лінзамі і гнёздамі пяску, кандыцыйнага жвіру 15,4—40,9%. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы, гліністы. Разведаныя запасы 6,7 млн. м³, перспектыўныя — 1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11 м, ускрышы (торф, пясок, супесак) 0,2—4,7 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для вытв-сці бетону і дарожнага буд-ва.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКУ́ І ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Канашы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага ледавіка. Пяскі і жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата- і буравата-шэрыя, месцамі гліністыя, абжалезненыя. Жвір і галька ў пясках трапляюцца ў россыпе і ў выглядзе лінзаў і гнёздаў. Пяскі пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 9,47 млн. м³, перспектыўныя 1,13 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,2—27,3 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км² запасы гаручых сланцаў каля 900 млн. т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІ́Н,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Скабін. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жаўтаваты, з бурымі плямамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру (буйней за 5 мм) 27,7%, ёсць уключэнні буйной галькі і дробных валуноў. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 45,9 млн. м³, перспектыўныя 1,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—29,4 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—10 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля в. Слабада. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жоўты, з лінзамі і гнёздамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі супеску і пяску, кандыцыйнага жвіру (буйнейшага за 5 мм) 24,3%, трапляюцца галька і валуны. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 31,9 млн. м³, перспектыўныя 122,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—33,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,1—8,2 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯКА́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ,

у Пермскай вобл. Расійскай Федэрацыі. На левым беразе р. Кама, паміж р. Вішара на Пн і р. Яйва на Пд. Саляныя пароды прадстаўлены лінзападобным пакладам, выцягнутым з Пн на Пд на 200 км, шыр. да 50 км, пл. 6,5 тыс. км². Саляносныя адклады ніжняй і верхняй пярмі. Паклад калійных солей мае працягласць 136 км, шыр. да 40 км, пл. 3,5 тыс. км². Радовішча адкрыта ў 1925, распрацоўваецца з 1933. Прамысл. запасы 3,8 млрд. т (сільвініт, карналіт і інш. солі), перспектыўныя 15,7 млрд. т. Цэнтры здабычы — г. Беразнікі, г. Салікамск. Калійныя солі выкарыстоўваюцца для вытв-сці ўгнаенняў.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)