вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял.Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.Н.Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б.сав.палк. В.І.Баярскі і брыгадны камісар Г.Н.Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус.нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел. партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
Да арт.Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,
арганізацыя (установа, прадпрыемства або іх падраздзяленне), прызначаная для збору, захавання, апрацоўкі і выдачы інфармацыі, распрацоўкі і даследавання матэм. забеспячэння ЭВМ і інш. Адрозніваюць вылічальныя цэнтры як навук.-даследчыя ўстановы (НДВЦ), вылічальныя цэнтры калектыўнага карыстання (ВЦКК) і як падраздзяленні арг-цый (устаноў, н.-д. ін-таў, прадпрыемстваў ці іх аб’яднанняў, мін-ваў і ведамстваў).
Гал. задачы НДВЦ: распрацоўка алгарытмаў рашэння задач і сродкаў праграмнага забеспячэння іх рашэння, а таксама методык па арганізацыі выліч. работ і новых тэхналогій праграмавання; кансультацыі карыстальнікаў па метадах рашэння, праграмных сродках і інш. ВЦКК забяспечаны найб. магутнай вылічальнай тэхнікай, злучанай каналамі сувязі з карыстальнікамі; маюць вял. набор сродкаў праграмнага забеспячэння, машыннай графікі, размножвання матэрыялаў і дакументаў і інш. Вылічальныя цэнтры, што з’яўляюцца падраздзяленнямі ўстаноў, вядуць на ЭВМ апрацоўку неабходнай інфармацыі, алгарытмаў і Праграм (у т. л. для патрэб кіравання тэхнал. працэсамі; гл.Вылічальная сістэма).
На Беларусі вылічальныя цэнтры ствараюцца з 1959 у Ін-це матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН, БДУ, рэсп. Дзяржплане і Цэнтр. стат. упраўленні, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, з-дах электронных выліч. машын, трактарным, аўтам. ліній і інш.Асн. тэматыкай была распрацоўка метадаў рашэння навук.-тэхн. задач механікі, фізікі, эканомікі, уліку і кіравання. Вылічальныя цэнтры сталі асновай аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі, прадпрыемствамі, галінамі вытв-сці і нар. гаспадаркі, аўтаматызаваных сістэм праектавання і канструявання і інш. Вылічальны цэнтр забяспечваецца сеткавымі камп’ютэрнымі і інфарм. тэхналогіямі, доступам да міжнар. сетак ЭВМ і вылічальных і інфарм. рэсурсаў буйных навук.-тэхн. цэнтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленнеБел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ТНЯ,
1) грамадская і ваенная арг-цыя ў германцаў і шэрагу інш. народаў Еўропы ў перыяд пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму. Нар. сходы С. пад старшынствам выбарнага сотніка вырашалі адм., суд. і інш. пытанні, з пачаткам вайны вылучалі пэўныя сілы і сродкі для апалчэння. У краінах кантынент. Еўропы зніклі ў працэсе феадалізацыі; у Англіі паступова падпарадкаваны каралеўскай уладзе ў асобе яе прадстаўніка і ў якасці адм.-тэр. адзінкі (некалькі С. складалі графства) з абмежаванымі адм.-паліцэйскімі функцыямі захоўваліся да канца 19 ст. 2) Вайсковае падраздзяленне, арганізац. і баявая адзінка, якая звычайна налічвала 100 чал. У войску Кіеўскай Русі і шэрагу інш. княстваў, у т. л. на Беларусі, С. ствараліся з гар. і сельскага апалчэння. У рус.раці С. дзейнічалі ў складзе палка або самастойна. У 16—17 ст. 5 С. складалі полк стралецкага войска. У казацкіх палках Рас. імперыі конная С. колькасна адпавядала эскадрону рэгулярнай кавалерыі, пешая — пяхотнай роце.
3) Частка гарадской абшчыны ў феад. Беларусі, вылучаная з вайск. і фіскальнымі мэтамі. Соценны падзел у гарадах Беларусі адпавядаў вечавой арг-цыі гар. самакіравання ў дамангольскі перыяд. У ліку гал. абавязкаў членаў С. былі работы на замкавых аб’ектах і іх абарона ад нападаў праціўніка. Соценны падзел у некат. гарадах Беларусі існаваў да пач. 18 ст. 4) Адм.-тэр. і вайск. адзінка на Украіне ў 16—18 ст. Узнікла ў сувязі з утварэннем войска рэестравых казакоў і складала частку палка. У 1648—54 палкавое і соценнае ўладкаванне пашырылася на ўсю Украіну. З зацвярджэннем у 1781 палажэння аб губернях С. як адм.-тэр. адзінка скасавана.
5) Саслоўна-карпаратыўная арганізацыя купецтва і гандлёва-рамеснага насельніцтва на тэр.Стараж. Русі, Расіі, Украіны, Беларусі і інш. ў 11—18 ст. (гл.Сотні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НКАВЫЯ ВО́ЙСКІ,
род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (Расія, Украіна, Беларусь, Германія і інш.). У арміях некат. краін (ЗША, Вялікабрытанія і інш.) войскі, аналагічныя танкавым, наз. бранятанкавымі. Прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на кантынент. тэатрах самастойна і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск. Аснову ўзбраення Т.в. складаюць танкі розных тыпаў. Арганізацыйна Т.в. складаюцца з танк. злучэнняў і часцей. Як асн. сіла сухап. войск Т.в. пераважна дзейнічаюць на гал. напрамках для нанясення праціўніку магутных і глыбокіх удараў. Яны здольны паспяхова весці сустрэчны бой, пераадольваць зоны радыеактыўнага, хім. заражэння і інш., а таксама ствараць трывалую абарону.
Упершыню танкі былі выкарыстаны англ. арміяй у вер. 1916 у 1-ю сусв. вайну. У Чырв. Арміі з 1918 існавалі бранявыя аўтамаб., аўтатанк. атрады і бронепаязды, пазней бранявыя сілы; з 1934 называліся аўтабранятанк., з 1942 — бранятанк. і механізаваныя войскі. У Вял.Айч. вайну ў складзе франтоў існавалі танк. арміі, у т. л. 1-я, 2-я, 5-я гв., якія арганізацыйна ўваходзілі ў 1-ы, 2-і і 3-і Бел. франты. Т.в. адыгралі вырашальную ролю ў шэрагу бітваў і аперацый, напр., у Беларускай аперацыі 1944. З 1954 наз. бранятанк. войскамі, з 1960 — Т.в.
У пач. 1990-х г. на тэр. Беларусі размяшчаліся 2 танк. арміі (7-я і 5-я гв.), а таксама танк. часці ў складзе інш. армій і злучэнняў. Паводле выніковага акта Хельсінкскага пагаднення (1992), Дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (1992), Рэспубліка Беларусь скараціла больш за 2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. адзінак баявых машын пяхоты і інш. Падраздзяленні Т.в. маюць на ўзбраенні сучасныя танкі і ўваходзяць у склад сухапутных войск Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.
С.М.Абрамаў, А.І.Анісіка.
Да арт.Танкавыя войскі. Атака танкавага падраздзялення ў час вучэння «Захад-81».Да арт.Танкавыя войскі. Танкавае падраздзяленне на маршы ў час аператыўна-тактычнага вучэння «Нёман-2001».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адм.падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл.Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.
У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ.Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч.г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,
у СССР у 1934—56 падраздзяленнеНКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНКСССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец.Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр.СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн.чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУССССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс.чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал., у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс.чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.
Пасля выхаду ў свет кн. А.Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.
Літ.:
Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;
Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте...»: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;
Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.
Як адзін з асн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні з ВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш.дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.
Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін з асн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі з інш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. З улікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ у цэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.В.Партноў (2001—03), С.С.Смольскі (з 2003).
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.Танкавае падраздзяленне на маршы.