ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,
1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).
2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднародны склад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец. войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСКАДРО́Н (франц. escadron),
1) асноўнае тактычнае падраздзяленне ў рэгулярнай кавалерыі шэрагу дзяржаў да сярэдзіны 20 ст. Складаўся з 2—4 кав. узводаў. У сярэдзіне 16 ст. Э. наз. квадратная калона конніцы з 15—20 шарэнгаў (да 400 вершнікаў), пастроеная для бою. У войску ВКЛ Э. адпавядала кав. падраздзяленне швадрон, якое складалася з двух харугваў. У арміі Рас. імперыі Э. з’явіліся ў пач. 18 ст.; у СССР існавалі з 1918 да 1950-х г. 2) Танк. і развед. падраздзяленне ў арміях некат. краін (Вялікабрытанія, Францыя).
3) Падраздзяленні жандармерыі ў шэрагу дзяржаў (Францыя, Марока, Камерун і інш.).
т. 18, кн. 1, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСКАДРЫ́ЛЛЯ (франц. escadrille),
1) асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне авіяц. і верталётных часцей ВПС і інш. відаў узбр. сіл. Складаецца з некалькіх звёнаў (атрадаў), на ўзбраенні якіх, як правіла, аднатыпныя самалёты або верталёты (ад 10 да 24 і больш адзінак).
2) Ракетнае (зенітна-ракетнае) падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (ЗША, Італія, ФРГ).
т. 18, кн. 1, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ВА,
1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).
2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.
3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ПУЛА (ад лац. manipulus poeni пучок сена, замацаваны і падняты на кап’і, што азначала каманду і месца збору асабовага складу, або manus рука — знак камандзіра ў стараж. рымлян),
тактычнае падраздзяленне пяхоты ў рым. легіёне. Склалася ў 5 ст. да н.э. ў сувязі з неабходнасцю расчлянення фалангі на больш рухомыя дробныя атрады, здольныя манеўраваць у час бою. Колькасць чал. у М. мянялася ад 50 да 120. М. падзялялася на 2 цэнтурыі. У 107 да н.э. ў выніку ваен. рэформы Г.Марыя М. зведзены ў кагорты (тактычнае падраздзяленне колькасцю 360—600 чал.).
т. 10, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́Л у геалогіі,
самае буйное падраздзяленне геал. сістэмы, якое мае планетарнае пашырэнне; адзінка агульнай стратыграфічнай шкалы. Аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся на працягу геал. эпохі. Кожны аддзел адасабляецца па характэрных рэштках выкапнёвай фауны і флоры і падзяляецца на ярусы.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАР’Е́Р (ням. Quartiermacher ад Quartier кватэра, пастой + Macher верхавод),
ваеннаслужачы, якога напярэдадні ці ў час перадыслакацыі войск высылае вайск. часць (падраздзяленне) з мэтай своечасовага абследавання намечаных раёнаў размяшчэння, выбару і размеркавання кватэр і ўчасткаў мясцовасці паміж часцямі (падраздзяленнямі).
т. 8, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІЯ́Л (ад позналац. filialis сыноўскі),
аддзяленне ці частка буйнога прадпрыемства, якой-н. установы, арганізацыі; не з’яўляецца юрыд. асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Ф. як адасобленае падраздзяленне юрыд. асобы ажыццяўляе ўсе яе функцыі ці іх частку, у т. л. функцыі прадстаўніцтва.
т. 16, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГО́РТА [лац. cohors (cohortis)],
тактычнае падраздзяленне (360—600 чал.) у арміі Стараж. Рыма. Уведзена ў 107 да н.э. Складалася з 3 маніпул. 10 К. аб’ядноўваліся ў легіён. Існавалі К. колькасцю да 1000 чал., якія дзейнічалі самастойна. У пераносным сэнсе — згуртаваная група аднадумцаў.
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛЬЁН (франц. bataillon),
асноўнае тактычнае падраздзяленне ў сухапутных, паветрана-дэсантных войсках і марской пяхоце. Бываюць мотастралк. (пяхотныя, мотапяхотныя), танк., марской пяхоты, сувязі, аўтамаб. і інш. Можа ўваходзіць у склад палка (брыгады) або быць самастойнай вайсковай часцю. Звычайна складаецца з 3—4 рот і інш. падраздзяленняў.
т. 2, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)