ПЯТРО́Ў Мікалай Сцяпанавіч (н. 16.7.1937, в. Адамаўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1975 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. З 1987 нам. дырэктара Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы (манаімпульсныя лазеры і лазеры хваляводнага тыпу). Выявіў (разам з Ф.І.Фёдаравым) новы від эл.-магн. хваль (гл. Неаднародныя хвалі). Прадказаў эфект узмацнення святла пры поўным адбіцці ад інверсных асяроддзяў і з’яву гістэрэзіснага адбіцця святла (аптычнай бістабільнасці). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах (разам з Ф.​І.​Фёдаравым) // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, вып. 6;

Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з Б.​Б.​Бойкам).

М.С.Пятроў.

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ЖАЎ Васіль Іванавіч (н. 26.7.1944, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1966). Акад. Бел. акадэміі адукацыі (1994, у 1994—99 прэзідэнт). З 1967 у АН Беларусі, з 1975 на парт. і выкладчыцкай рабоце, з 1988 у Мін-ве адукацыі Рэспублікі Беларусь (з 1991 нам. міністра, з 1994 міністр). З 2001 рэктар Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ. Навук. працы па квантавай тэорыі поля. Даследаваў тэорыю электрамагнетызму ў прысутнасці магн. зараду, тэорыю поля з некампактнымі групамі ўнутр. сіметрыі. Сфармуляваў калібровачную палявую тэорыю на аснове ўраўнення Дзірака—Кэлера. Устанавіў і даследаваў калібровачныя і палярызацыйныя сіметрыі з улікам спінавых ступеней свабоды.

Тв.:

Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975 (разам з Л.​М.​Тамільчыкам);

От научной гипотезы к физическому факту. Мн., 1977 (разам з В.​І.​Куўшынавым);

Поляризационная симметрия. Мн., 1996.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ФАНАЎ Аляксандр Георгіевіч (н. 12.9.1950, г. Верхняя Салда Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1973). З 1977 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 2000 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па цеплафізіцы і матэм. мадэліраванні працэсаў цепла- і масаабмену для мнагафазных сістэм. Распрацаваў мадэлі, алгарытмы і выліч. праграмы для разліку працэсаў цепла- і масапераносу ў мнагафазных сістэмах дастасоўна да энергетыкі і экалогіі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Тв.:

Влияние кинетики химических реакций на теплообмен от капли к потоку // Экспериментальные и теоретические исследования тепломассопереноса при течении диссоциирующих газов в каналах. Мн., 1983;

Моделирование подвижных границ и поверхностей раздела в реальных водных системах (разам з А.​А.​Андрыжыеўскім, А.​А.​Міхалевічам) // Инженерно-физ. журн. 1996. Т. 69, № 6.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РТЫЯ-77 (Charta 77),

дысідэнцкі праваабарончы рух і грамадз. ініцыятыва ў Чэхаславакіі ў 1970—80-я г. Засн. ў канцы 1976 — пач. 1977 групай апазіцыйнай чэхаславацкай інтэлігенцыі (сярод іх В.Гавел), якая падрыхтавала маніфест руху. Узначальвалася 3 спікерамі, якіх выбіралі штогод. Апелявала да міжнар. гуманіт. пагадненняў, падпісаных чэхаславацкім урадам, у т. л. на сустрэчы прадстаўнікоў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1980, Мадрыд), заклікала чэхаславацкае кіраўніцтва выконваць міжнар. пагадненні і прывесці ў адпаведнасць з імі ўнутр. заканадаўства. Распаўсюджвала афіц. матэрыялы і дакументы, якія зыходзілі ад урадавых структур, і падцэнзурныя, што ўтрымлівалі каментарыі да іх. Удзельнічала ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 і ўтварэнні Грамадзянскага форуму; пасля перамогі рэвалюцыі прэзідэнтам краіны выбраны Гавел. Дзейнічала да 1990—92.

Літ.:

Центрально-Восточная Европа во второй половине XX в. Т. 2. От стабилизации к кризису, 1966—1989. М., 2002.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРША́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш. с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.

Літ.:

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;

Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.

С.​І.​Бельская.

Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ Зіновій (Хаім Зеліг) Якаўлевіч (31.3.1810, г. Беласток, Польшча — 15.5.1904),

матэматык, вынаходнік, папулярызатар прыродазнаўчых ведаў. Самастойна вывучаў матэматыку і астраномію. Вынайшаў (1840) і запатэнтаваў (1845) адну з найб. простых мех. падсумоўвальных машын. Даказаў тэарэму пра ўласцівасці кратных лікаў (тэарэма С.), на аснове якой сканструяваў арыфм. машыну дыскрэтнага лічэння (множанне і дзяленне цэлых лікаў, здабыванне квадратных каранёў). Прапанаваў метад квадруплекснай сувязі (1858; амаль на 20 гадоў раней за Т.​Э.​Эдысана) Аўтар дапаможнікаў і навукова-папулярных прац па матэматыцы, астраноміі, геаметрыі і інш. Дзямідаўская прэмія 1845.

Тв.:

Описание нового числительного инструмента, изобретенного Зелигом Слонимским. СПб., 1845;

Zur Freiheit bestimmt, Alexander Humboldt — eine hebräische Lebensbeschreibung. Bonn, 1997.

Літ.:

Беспамятных Н.Д. Математическое образование в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1975;

Гутер Р.С., Полунов Ю.Л. От абака до компьютера. 2 изд. М., 1981;

Апокин И.А., Майстров Л.Е. История вычислительной техники. М., 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУР,

першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.​М.​Тацішчаў, В.​В.​Ключэўскі, У.​З.​Завітневіч, М.​М.​Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.​А.​Шахматаў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​С.​Грушэўскі, Дз.​С.​Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.​В.​Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.

П.​Ф.​Лысенка.

Тур. Малюнак Я.​Куліка. 1980.

т. 16, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОРД (Ford) Джэральд Рудольф (н. 14.7.1913, г. Омаха, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Мічыганскі (1935) і Іельскі (1941) ун-ты. У 1942—46 служыў у ВМФ (удзельнік 2-й сусв. вайны на Ціхім ак.), потым займаўся юрыд. практыкай. У 1948—73 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, з 1965 лідэр фракцыі рэспубліканцаў у палаце. У час паліт. крызісу 1973—74 (гл. «Уотэргейт») прызначаны віцэ-прэзідэнтам краіны (зацверджаны на пасадзе кангрэсам 6.12.1973), а пасля вымушанай адстаўкі Р.Ніксана 9.8.1974 стаў прэзідэнтам ЗША. Працягваў паліт. курс папярэдняй адміністрацыі, у т. л. на разрадку міжнар. напружанасці (ад імя ЗША падпісаў 1.8.1975 Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, пры ім у крас. 1975 з Паўд. В’етнама выведзены апошнія вайск. кантынгенты ЗША).

Літ.:

Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;

М., 1997. С. 507—511.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́СЕР (Chaucer) Джэфры (каля 1340, Лондан — 25.10.1400),

англійскі паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік агульнаангл. літ. мовы і рэалізму ў англ. л-ры. Быў прыдворным, чл. парламента, займаў шэраг дзярж. пасад. З дыпламат. місіяй наведаў Францыю, Італію, дзе пазнаёміўся з мастацтвам і л-рай Адраджэння. Пад іх уплывам пераклаў помнік сярэдневяковай франц. л-ры «Раман пра Ружу» (каля 1370), напісаў у рэчышчы куртуазнай л-ры элегію «Кніга герцагіні» (1369—70). Аўтар паэм «Дом славы», «Птушыны парламент», «Траіл і Хрызеіда», «Легенда пра добрых жанчын» (усе нап. паміж 1380—86). Вяршыня яго творчасці — «Кентэрберыйскія апавяданні» (1387—1400, выд. 1478), у якіх стварыў рэаліст. галерэю вобразаў людзей усіх класаў і саслоўяў тагачаснай Англіі.

Тв.:

Рус. пер. — Кентерберийские рассказы. М., 1973.

Літ.:

Кашкин И.А. Джефри Чосер // Кашкин И.А. Для читателя-современника. М., 1968;

Сапрыкин Ю.М. От Чосера до Шекспира: Этич. и политич. идеи в Англии. М., 1985.

Дж.Чосер.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́ФРЫК Славамір Сцяпанавіч (н. 26.3.1946, г. Гродна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1990). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1968). З 1970 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1975 у Гродзенскім ун-це (з 1975 дэкан ф-та, з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па лазернай фізіцы і спектраскапіі, выкарыстанні лазераў у біямедыцыне і сучасных тэхналогіях. Распрацаваў шэраг новых электраразрадных эксімерных лазераў на галагенідах інертных газаў і лазераў на фарбавальніках. Даследаваў уздзеянне лазернага выпрамянення на структуру і якасці матэрыялаў, бялковыя і ферментныя сістэмы жывёл і раслін.

Тв.:

Новые лазерные среды на основе бифлуорофорных молекул кумарина (разам з В.​В.​Таркоўскім, В.​М.​Нікітчанкам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1999. Т. 66, № 5;

Аномальная зависимость генерационных характеристик растворов красителей от спектрального состава возбуждающего излучения при микросекундной когерентной накачке (разам з В.​В.​Таркоўскім, У.​Ю.​Курстакам) // Квантавая электроника. 2003. Т. 33, № 10.

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)