ЗЛІ́ТАК,

зацвярдзелая маса металу (сплаву) пэўнай формы (усечанай піраміды, прызмы, цыліндра, конуса); паўфабрыкат, прызначаны для далейшай перапрацоўкі (пракаткай, каваннем, пераплаўкай). Атрымліваюць пры крышталізацыі ва ўліўніцах, бесперапынным ліццём, электрашлакавым пераплавам, спяканнем метал. парашкоў і інш. Пры вытв-сці сталі адліваюць З. масай у некалькі дзесяткаў тон для наступнага абціскання на блюмінгах і слябінгах.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАЎ (Павел Емяльянавіч) (1908, в. Старынцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.11.1936),

Герой Сав. Саюза (1936). У Чырв. Арміі з 1929. 3 кастр. 1936 удзельнік баёў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў — камандзір танка асобай механізаванай брыгады. Вызначыўся пад Мадрыдам. Танк К. знішчыў 2 варожыя танкі, 8 гармат і некалькі ўзводаў пяхоты. Загінуў у баі.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІНГСТАНА ВАДАСПА́ДЫ,

некалькі дзесяткаў парогаў і вадаспадаў у ніжнім цячэнні р. Конга, паміж гарадамі Кіншаса і Матады ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова на мяжы з Рэспублікай Конга). Утвараюцца пры прарыве ракой Паўд.-Гвінейскага ўзв. Даўж. парожыстага ўчастка 360 км, агульнае падзенне 220 м. У абход Л.в. пабудавана чыгунка. Буйная ГЭС Інга. Названы ў гонар Д.Лівінгстана.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКРА́Н, Макран,

горы ў Іране і Пакістане, паўд.-ўсх. абрамленне Іранскага нагор’я. Даўж. 1150 км. Пераважаюць выш. 1000—2000 м, найб. — 2293 м. Некалькі паралельных хрыбтоў, складзеных пераважна з вапнякоў і пясчанікаў. Частыя землетрасенні. Каля перадгор’яў — гразевыя вулканы. На зах. схілах — пустыні, на ўсх. і паўд.-ўсх. — расліннасць тыпу саваннаў; на ПнУ — лясы гімалайскага тыпу.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯКО́ЛА-КО́БА (Niokolo Koba),

нацыянальны парк на ПнУ Сенегала, у міжрэччы Гамбіі і Ніякола-Коба. Засн. ў 1954 з мэтай аховы прыродных ландшафтаў. Пл. каля 900 тыс. га. Ландшафт з град пясчаных пагоркаў, высакатраўных саваннаў, балот, галерэйных лясоў. У фауне афр. слон, бегемот, бародавачнік, жырафа, буйвал, некалькі відаў антылоп, леў, леапард, гіена, рэптыліі, птушкі.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУ́СТ,

шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗЕНХІ́МА (ад грэч. pros звыш, побач + enchyma налітае, тут тканка),

раслінная тканка, што мае выцягнутыя (даўж. ў некалькі разоў перавышае шыр.), завостраныя на канцах (у адрозненне ад парэнхімы), розныя па паходжанні і функцыях клеткі. Паміж П. і парэнхімай ёсць пераходы (напр., каленхіма і лопасцевыя галінастыя клеткі мезафілу ў лісці каны і інш. раслін).

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СЫ, Плюскае возера. У Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. У межах ахоўнай зоны нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 1,54 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 5,8 м., даўж. берагавой лініі 8,6 км. Пл. вадазбору 6,56 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на З і Пн выш. 4—5 м, разараныя, на Пд 8—10 м, пад хмызняком. Пойма шыр. 10—80 м, на ПдУ да 300 м. Берагі нізкія, пясчаныя. 9 астравоў агульнай пл. 10 га, з якіх Вялікі і Малы вызначаюцца значнымі памерамі. Некалькі заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей пераважна сапрапелістае і ілістае. Мінералізацыя вады 195—210 мг/л, празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зараслі ўсх. і паўн. залівы, участкі паміж астравамі, шматлікія мелі. Упадаюць некалькі каналізаваных ручаёў, выцякае ручай у воз. Прысвяты.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ТАР,

прыстасаванне для плаўнай змены вуглавых скарасцей звёнаў прывода і выканаўчага механізма. Асн. частка варыятара — бесступеньчатая перадача (адна або некалькі).

Варыятар забяспечвае аптымальную скорасць машыны або механізма пры розных умовах эксплуатацыі. Бываюць фрыкцыйныя (выкарыстоўваюць трэнне) і гідраўлічныя. Пашыраны ў машынах і механізмах хім., папяровай, тэкст. прам-сці, на транспарце (напр., на эскалатарах метрапалітэна ўзгадняюць скорасць руху поручняў і ступеняў).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)