АНДРАМЕ́ДА (лац. Andromeda),

сузор’е Паўн. паўшар’я. У Андрамедзе 3 зоркі 2-й зорнай велічыні і спіральная галактыка (гл. Андрамеды туманнасць). Найлепшыя ўмовы бачнасці ў вер.—кастрычніку. Гл. таксама Зорнае неба.

Сузор’е Андрамеды.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯНО́СЕЦ (лац. Ophiuchus),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркая зорка 2,1 візуальнай зорнай велічыні, 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’і Змеяносец і Змяя.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПУС, α Кіля,

зорка 1-й зорнай велічыні (0,75 візуальнай зорнай велічыні), другая па яркасці (пасля Сірыуса). Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Адлегласць ад Сонца 160 пк, свяцільнасць у 7800 разоў большая за сонечную.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТУ́Р, α Валапаса,

зорка нулявой зорнай велічыні (-0,1 візуальнай зорнай велічыні). Самая яркая зорка Паўночнага паўшар’я неба. Свяцільнасць у 80 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 10 пс. Мае вялікі ўласны рух (2,3″ за год).

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТ (лац. Cetus),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі маюць бляск 2,0 і 2,5 візуальнай зорнай велічыні. У К. знаходзіцца вядомая пераменная зорка Міра. Найлепшыя ўмовы для назірання — у кастрычніку. На тэр. Беларусі відаць часткова. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́Й, Эліша,

старазапаветны біблейскі прарок, вучань Ільі (гіст. — прарок, які жыў у Ізраільскім царстве ў 850—800 да н.э.). Паводле Бібліі Е. быў сведкам узнясення Ільі на неба на вогненнай калясніцы, пасля чаго сам набыў здольнасць здзяйсняць цуды.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЯРО́Г (лац. Capricornus),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркая зорка δ К. 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 50 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы лета — пач. восені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Казярог.

т. 7, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ПЁС (лац. Canis Minor),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі — α (Працыён) і β — маюць бляск 0,4 і 2,9 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у снеж.—лютым). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Пёс.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),

апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.

П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз. культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.

На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.​Танка (для навуч. мэт).

А.​А.​Шымбалёў.

Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЁН (лацінскае Orion),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркімі зоркамі Рыгель, Бетэльгейзе, Белатрыкс. Тры блізка размешчаныя зоркі 2-й зорнай велічыні ўтвараюць «пояс Арыёна», ніжэй за які знаходзіцца Арыёна вялікая туманнасць. На тэрыторыі Беларусі сузор’е бачна ўвосень і зімою (гл. Зорнае неба).

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)