МУ́РАВА,

геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.

Г.​І.​Літвінюк.

Геалагічнае агаленне Мурава.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЦЬЕ́,

археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЧЭ́НІ, падсені,

адкрытая галерэя ў драўляных збудаваннях. Вырашалася як стрэшка (з вынасам 1,5—2 м) на слупах (круглага ці квадратнага сячэння), якія маглі мацавацца ўкосінамі з гарыз. бэлькамі. П. размяшчаліся з аднаго тарцовага ці падоўжнага боку будынка на даўжыню фасада, часам апяразвалі ўвесь будынак (кружганкі). На Беларусі рабіліся ў культавых і грамадскіх збудаваннях (гандл. рады, корчмы, аўстэрыі, паштовыя станцыі 17—19 ст.), у крамах і дамах гандл.-рамесніцкага насельніцтва для выстаўкі тавараў і аховы іх ад непагадзі (г.п. Мір Карэліцкага, в. Трабы Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл., г. Лунінец Брэсцкай вобл. і інш.) і ў сельскіх жылых і гасп. пабудовах (да канца 19 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Падчэні дома ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 19 ст.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СА,

возера на мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 18 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 1,1 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 34 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 8,04 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 1—5 м (на ПдЗ 12—13 м), завалуненыя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчана- і пясчана-жвіровыя, месцамі завалуненыя, пад хмызняком, на ПнЗ абразійныя. На Пн, У і ПдЗ участкамі пойма шыр. да 15 м. Мелкаводдзе пясчана-жвіровае, глыбей дно пясчанае (да 7 м) і ілістае. Мінералізацыя вады каля 210 мг/л, празрыстасць 2,8 м. Мезатрофнае. Зарастае. Выцякае р. Плісаўка.

Возера Пліса ў Глыбоцкім раёне.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛЕ́ПСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1942 у вёсках Багута, Задомля, Ляды, Пагарэлкі, Прылепы, Прыстрамы Прылепскага с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. У розны час налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.​Д.​Будай, П.​І.​Санковіч). Падпольшчыкі трымалі сувязь з падп. групамі і партыз. атрадамі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага р-наў, працавалі па іх заданнях. Арг-цыя была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам для людзей, што ішлі з лесу ў Мінск або ў партызаны, і тут атрымлівалі зброю, дакументы, прытулак, праваднікоў. Падполлю Мінска патрыёты дапамагалі прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, учынялі дыверсіі. У вер. 1942 пасля правалу Мінскага падполля асн. частка падпольшчыкаў пайшла да партызан.

А.​М.​Літвін.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́Я,

гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.​Ю.​Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.​Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬБЕРАВІЧЫ, Вольбаравічы, Ольбаравічы,

вёска ў Бярэзінскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. За 14 км на У ад г. Докшыцы, 226 км ад г. Віцебск, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 69 ж., 37 двароў (1996). Базавая школа, клуб, аддз. сувязі.

Волберавічы ўзніклі не пазней як у 15 ст. на тэр. ўладанняў Манівідаў у стараж. Харэцкай вол. У 17—18 ст. упамінаюцца як уласнасць кармелітаў. Уваходзілі ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Докшыцкага, з 1797 — Барысаўскага пав. У 1886 — 350 ж., 36 двароў, правасл. царква. З 1924 вёска ў Бярэзінскім с/с Бягомльскага, у 1962—65 Глыбоцкага, у 1960—62 і з 1965 Докшыцкага р-наў. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў жн. 1943 спалілі Вольберавічы і загубілі большую частку жыхароў.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́Ц,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на канале Мухавец (Каралеўскі канал). Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 22 км на У ад г. Кобрын, 68 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Гарадзец. 1483 ж., 560 двароў (1996).

Вядомы з 16 ст., належаў каралеве Ганне, удаве Стафана Баторыя У 1588 атрымаў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці. У 1891 мястэчка Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 1559 ж., царква, яўр. школа, прыстань, 2 кірмашы штогод. З 1921 у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Антопальскага, з 1959 — Кобрынскага р-наў. У 1970 — 1500 жыхароў.

Цагельны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Ушэсця (1799).

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́НАВА, Заронаўскае возера,

на мяжы Віцебскага і Шумілінскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 12 км на У ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,61 км², даўж. 7,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 13,5 м, даўж. берагавой лініі 21,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м (на зах. 5—10 м), разараныя, часткова пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, месцамі супадаюць са схіламі, у залівах на З і У сплавінныя. Падводная ч. катлавіны падзяляецца на некалькі замкнёных глыбакаводных плёсаў. На ПдУ 5 астравоў агульнай пл. 3 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, уздоўж паўн. берагоў пясчана-галечнае з валунамі. Глыбакаводная зона глеістая. Упадаюць 10 ручаёў, у т. л. з воз. Княжно; на З выцякае р. Заронаўка. Уваходзіць у зону адпачынку Заронава.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)