ЛАЙН
(Line),
падводныя горы ў Ціхім ак., частка сістэмы Цэнтральна-Ціхаакіянскіх горных падняццяў. Працягваюцца ад атола Джонстан да а-воў Туамоту. Даўж. 3400 км, шыр. да 200 км, падножжа на глыб. каля 5000 м. Найменшая глыб. над грэбенем 640 м. Найб. высокія вяршыні вулканічнага паходжання ўтвараюць а-вы Лайн.
т. 9, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч
(н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
В.Я.Буйвал.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛА-АНТАРКТЫ́ЧНАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ,
падводнае падняцце ў паўд.-ўсх. частцы Індыйскага акіяна. Злучае паўд. ч. Цэнтральнаіндыйскага хр. з Паўднёва-Ціхаакіянскім падняццем. Даўж. каля 6000 км, шыр. да 800 км, найменшая глыбіня над грэбенем 1145 м. Восевая зона падняцця мае горны рэльеф, месцамі выяўлены «рыфтавыя даліны». Паверхня ўкрыта пераважна вапняковымі алеўрыта-гліністымі глеямі.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,
паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.
т. 1, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРУ́ЦА
(Abruzzo),
нацыянальны парк у Італіі, у Абруцкіх Апенінах. Засн. ў 1923. Пл. больш за 29 тыс. га. Выш. да 2247 м над узр. м. Высакагорныя ландшафты, ледавікі, унікальныя геал. аб’екты, альпійская флора і фауна: асакова-злакавыя камяністыя альпійскія лугі, зараснікі рададэндрану; водзяцца воўк, мядзведзь, рысь, серна і інш. млекакормячыя.
т. 1, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСДРУБА́Л Hasdrubal; ?—24.6.207 да н.э.), карфагенскі палкаводзец. Сын Гамількара Баркі, брат Ганібала. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) камандаваў карфагенскімі сіламі ў Іспаніі, атрымаў шэраг перамог над рымлянамі. У 207 да н.э. павёў войскі на дапамогу Ганібалу ў Італію, загінуў у бітве на р. Метаўр (Метаўра).
т. 5, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ ПАРО́Г,
падняцце дна Атлантычнага ак. паміж Грэнландыяй, Ісландыяй, Фарэрскімі і Шэтлендскімі а-вамі. Глыб. над Атлантычным парогам каля 600 м. Перашкаджае глыбіннаму водаабмену паміж Атлантычным і Паўн. Ледавітым акіянамі. На глыб. 700—800 м на паўд. схіле парога т-ра атлантычнай глыбіннай вады 3—5 °C, на паўн. схіле — ніжэй за 0 °C.
т. 2, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДО́РА-ЛА-ВЕ́ЛА
(Andorra la Vella),
Андора, горад, сталіца Андоры. 20 тыс. ж. (1990). У Пірэнеях, самая высакагорная сталіца ў Еўропе (1055 м над узр. м.), размешчана ў даліне р. Валіра. Вытв-сць тытунёвых вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспартны пункт на аўтамагістралі, якая злучае Іспанію і Францыю. Помнік архітэктуры «Дом Далін» (1580) — рэзідэнцыя ўрада.
т. 1, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПАСА́ТЫ
(ад анты... + пасаты),
заходні перанос паветра ў трапасферы трапічных шырот над слоем усх. вятроў — пасатаў. Развіты на выш. 2—3 км каля тропікаў, да 10 км і больш (бліжэй да экватара). З’яўляюцца перыферыйнай часткай зах. пераносу паветра, які пануе ў верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы Паўн. і Паўд. паўшар’яў зямнога шара.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)