КІНАТЭ́ХНІКА,

тэхніка, звязаная са стварэннем, размнажэннем і дэманстраваннем кінафільмаў; тэхн. база кінамастацтва. Грунтуецца на дасягненнях фотатэхнікі, оптыкі, механікі, святлотэхнікі, электронікі, электраакустыкі і інш.

Асн. сродкі К.: кіназдымачныя апараты, гуказапісвальныя (гл. Гуказапіс) і кінакапіравальныя апараты, праявачныя машыны (для хіміка-фатагр. апрацоўкі кінаплёнкі), асвятляльная апаратура (напр., пражэктары) і кінапраекцыйныя апараты. Дапаможныя сродкі: аператарскія краны, цялежкі, штатывы, тэлевізійныя ўстройствы і інш. абсталяванне кінастудый. Для дэманстравання фільмаў выкарыстоўваюцца кінаўстаноўкі (у т. л. кінаперасоўкі), кінапраекцыйныя экраны і інш. абсталяванне кінатэатраў.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУН (Леанард Іванавіч) (4.7.1932, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.4.1995),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1988). Скончыў БПІ (1956), дзе і працаваў (з 1977 прарэктар). З 1980 рэктар Брэсцкага політэхн. ін-та. Навук. працы па матэм. мадэлях, метадах і алгарытмах аптымізацыі стрыжнёвых канструкцый ва ўмовах рэальнага праектавання і вывучэнні заканамернасцей іх напружана-дэфармаванага стану пры сілавых уздзеяннях.

Тв.:

Строительная механика Мн., 1986 (разам з Я.​П.​Доўнарам).

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНЕ́ЎСКІ (Леанід Рыгоравіч) (н. 27.8.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў БПІ (1960). З 1974 у Ін-це праблем надзейнасці машын, з 1993 нам. дырэктара Навук. цэнтра праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. даследаванні і распрацоўкі па тэорыі і тэхніцы аўтам. кіравання мабільнымі машынамі.

Тв.:

Расчет двухкоординатных систем автоматического управления гидромеханическими коробками передач // Автомобильная промышленность. 1977. № 8;

Управление гидромеханическими многоступенчатыми передачами мобильных машин. Мн., 1990.

т. 8, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ПУНКТ,

цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАЖЫ́ЛАЎ (Валянцін Валянцінавіч) (18.5.1910, г. Люблін, Польшча — 14.6.1987),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі фіз.-мех. ін-т (1931). Працаваў у розных НДІ, з 1945 у Ленінградскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па тэорыі пругкасці і пластычнасці, разліку абалонак і трываласці карабельных канструкцый. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны статыстычныя і дынамічныя метады разліку суднаў, вызначаны нормы іх трываласці. Ленінская прэмія 1984.

В.В.Наважылаў.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГІН (Яўген Аркадзевіч) (н. 16.1.1921, г. Бор Ніжагародскай вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. Рас. АН (1979), чл.-кар. з 1974). Ген.-лейт.-інжынер (1978). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Ваенна-паветр. інж. акадэмію (1944). У 1949—91 на навук.-доследнай, канструктарскай і кіруючай рабоце ў НДІ эксперым. фізікі. Навук. працы па прыкладной газадынаміцы і фізіцы выбуху. Стварыў унікальныя ўзоры новай тэхнікі. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1953.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́Ў (Уладзімір Сямёнавіч) (25.3.1911, г. Разань, Расія — 25.3.1998),

расійскі вучоны ў галіне механікі, праблем кіравання і матэматыкі. Акад. Рас. АН (1981). Скончыў Ваенна-паветр. інж. акадэмію (1931), дзе і працаваў. З 1956 у Ін-це праблем інфарматыкі Рас. АН, адначасова з 1972 у Маскоўскім авіяц. ін-це. Навук. працы па статыстычнай тэорыі працэсаў кіравання, дынаміцы палёту, тэорыі імавернасцей, дастасавальнай матэматыцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Ленінская прэмія 1990. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1976.

У.С.Пугачоў.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МА (ад ням. Rahmen) у будаўніцтве, стрыжнёвая сістэма, элементы якой злучаны паміж сабой жорсткімі сувязямі ці шарнірамі. Асн. элементы Р. — стойкі (верт. стрыжні) і рыгелі (гарыз. стрыжні). Бываюць плоскія і прасторавыя, адна- і шмат’ярусныя, сіметрычныя, замкнёныя і інш. Большасць Р. — статычна нявызначаныя сістэмы; разлік іх праводзіцца метадамі буд. механікі. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі прамысл. і грамадскіх будынкаў, мастоў, пуцеправодаў, эстакад і інш. інж. збудаванняў.

Рамы: а — плоскія (бесшарнірная і трохшарнірная); б — прасторавая.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХА́НІКА СУЦЭ́ЛЬНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

раздзел механікі, які вывучае паводзіны кантынуумаў матэрыяльных пунктаў, што неперарыўна запаўняюць аб’ёмы геам. прасторы. Падзяляецца на гідрааэрамеханіку, газавую дынаміку, механіку сыпкіх асяроддзяў, пругкасці тэорыю, пластычнасці тэорыю і інш.

У М.с.а. рэчыва разглядаецца як неперарыўнае суцэльнае асяроддзе без уліку атамна-малекулярнай будовы; для яго ўводзяцца паняцці шчыльнасці, перамяшчэння, скорасці, т-ры, унутр. энергіі, энтрапіі, патоку цяпла і інш. як неперарыўна дыферэнцавальных функцый. Адначасова лічыцца неперарыўным размеркаванне ўсіх характарыстык асяроддзя, што дае магчымасць выкарыстоўваць апарат вышэйшай матэматыкі для неперарыўных функцый. У М.с.а. зыходнымі для вывучэння любых асяроддзяў (напр., газаў, вадкасцей, плазмы, дэфармаваных цвёрдых цел) з’яўляюцца ўраўненні руху (ці раўнавагі) асяроддзя, атрыманыя на аснове законаў механікі: ураўненні неразрыўнасці (суцэльнасці) асяроддзя як вынік закону захавання масы; закон захавання энергіі. Асаблівасці кожнага канкрэтнага асяроддзя ўлічваюцца ўраўненнем стану або рэалагічным ураўненнем, дзе ўстанаўліваецца залежнасць паміж напружаннямі і дэфармацыямі (ці скарасцямі дэфармацый). Пры рашэнні кожнай задачы задаюцца пачатковыя і гранічныя ўмовы, выгляд якіх залежыць ад асаблівасцей асяроддзя.

На Беларусі даследаванні па праблемах М.с.а. праводзяцца ў Нац. АН, БДУ, БПА і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. 2 изд. М., 1954;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

А.​У.​Чыгараў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)