РЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. reformatio пераўтварэнне),

шырокі сац.-паліт. і ідэалаг. рух у Еўропе ў 16 ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў паліт. сістэме грамадства; прывёў да ўзнікнення розных форм пратэстантызму. Ідэйнымі крыніцамі Р. былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтоўвалі прынцыпы бурж. індывідуалізму. Гал. месца ў ідэалогіі Р. займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне — Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царк. саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі Р. патрабавалі адмены царк. дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царк. маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самаст. дэмакр. самакіравальных танных нац. цэркваў. Пачаткам Р. лічыцца выступленне 31.10.1517 праф. тэалогіі Вітэнбергскага ун-та ў Германіі М.Лютэра, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. У ліку вядучых тэарэтыкаў Р. былі тэолагі У.Цвінглі і Ж.Кальвін (бюргерска-бурж. кірунак) і святар Т.Мюнцэр (сялянска-плебейскі кірунак).

На Беларусі Р. была абумоўлена глыбокімі сац.-гіст. прычынамі і паўплывала на ўсе бакі нар. жыцця. Гараджане імкнуліся вызваліцца ад феад. залежнасці, магнаты і шляхта разлічвалі захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы, гар. нізы і сялянства змагаліся супраць уціску свецкіх і царк. феадалаў, хоць сял. масы не прынялі шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе. На фарміраванне Р. на Беларусі паўплывалі зах.-еўрап. гуманізм, гусіцкая ідэалогія, вучэнні правадыроў еўрап. Р. (асабліва кальвінізму), ідэі рус. вальнадумства. Першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны 16 ст. У 1535 слуцкі кн. Ю Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Але лютэранства не атрымала тут вял. пашырэння. У 1550-я г. ў духу кальвінізму рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Глыбокім, Івянцы, Оршы, Смаргоні і інш. Р. падтрымалі буйныя феадалы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. У 1557 у Вільні адбыўся ўстаноўчы сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Да 1560 рэфармацыйны рух на Беларусі набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю, якая адрознівалася ад зах.-еўрап. кальвінізму большай цярпімасцю. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. У 1560-я г. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак — антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыніяне. Своеасаблівасцю Беларусі было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзельнічалі і выхадцы з правасл. царквы. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 на Беларусі пачалося наступленне Контррэфармацыі, большасць магнатаў перайшла ў каталіцтва, што прадвызначыла згасанне Р. У 17 ст. большасць пратэстантаў была вымушана вярнуцца ў каталіцызм; тыя, што заставаліся пратэстантамі, абмяжоўваліся ў правах. У 1658 прынята пастанова соймавага суда аб выгнанні антытрынітарыяў з Рэчы Паспалітай. Р. актыўна ўздзейнічала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фарміраванне бел. народнасці і станаўленне нац. самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё л-ры, асветніцкай дзейнасці. Р. падарвала аўтарытэт афіц. тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў.

Літ.:

Смирин М.М. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. 2 изд. М., 1955;

Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970;

Дмитриев М.В. Православие и реформация: Реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990;

Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księsiwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.

Г.​У.​Грушавы, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),

нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн. чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс. чал.), Літве (258 тыс. чал.), Украіне (219,2 тыс. чал.), Расіі (94,6 тыс. чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс. чал.), ЗША (5,6 млн. чал.), Германіі (1,5 млн. чал.), Францыі (1 млн. чал.), Канадзе (400 тыс. чал.), Бразіліі (200 тыс. чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс. чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн. чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.

Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.

Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв. буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст. паланізацыя бел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.​Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс. чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс. чал. П. У 1921 ЦВК БССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз. Бел. дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ. «Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял. Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс. чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ. «Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час. «Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.

А.​І.​Валахановіч, І.​В.​Карашчанка.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)