РАСТО́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Русі 13—15 ст. з цэнтрам у Растове. Вылучылася ў 1207 з Уладзіміра-Суздальскага княства. У яго ўваходзілі Яраслаўль, Угліч, Малога, Белавозера і Усцюг. Першы князь Р.к. — Канстанцін Усеваладавіч (у 1216 стаў вял. кн. уладзімірскім) падзяліў Р.к. паміж сынамі. У выніку з яго вылучыліся Яраслаўскае, Угліцкае, Белаазёрскае княствы. у 1277 кн. Глеб Васількавіч на кароткі час далучыў да Р.к. Белаазёрскае княства, у 1285 — і Угліч. З сярэдзіны 14 ст. Р.к. трапіла пад уплыў маскоўскіх князёў. Іван Каліта выкупіў г. Угліч. Пры Дзмітрыю Данскім князі Р.к. сталі фактычна «службовымі» князямі Масквы. З 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,

1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г. Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.

2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял. кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл. Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.​Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.

С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял. феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смаленскае княства 1/269; 2/268, 617; 3/150, 261; 4/246; 5/561; 6/73, 501; 9/102, 599—600, 603

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г. Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князь — Яраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял. кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.​І.​Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.

Літ.:

Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тураўскае княства 2/214, 427; 3/235, 542; 4/246, 292; 8/438, 439, 605; 10/333, 334, 335; 12/9, 85, 87, 88

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст. — г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Цвярское княства

т. 17, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.

1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г. Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.

2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял. кн. ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял. кн. ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.

У 1440 вял. кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял. кн. ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл. Заслаўскія), які атрымаў у вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.​І.​Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.​І.​Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

гл. Варшаўскае герцагства.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)