КАНДРАЦЮ́К (Мікалай Кандратавіч) (н. 5.5.1931, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1958), з 1948 выкладае ў ёй (з 1979 праф., у 1974—83 рэктар). З 1957 саліст Укр. нар. хору імя Р.​Вяроўкі, з 1959 — Нац. т-ра оперы і балета Украіны (Кіеў), з 1966 — Кіеўскай філармоніі. Валодае роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага аксамітавага тэмбру. Сярод партый: Астап («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), граф ды Луна, Жэрмон («Трубадур», «Травіята» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Вядомы і як камерны спявак. Дзярж. прэмія Украіны 1972.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР НЕ́ЎСКІ (каля 1200 — 14.11.1263),

князь наўгародскі [1236—51], вял. князь уладзімірскі (з 1252). Праводзіў палітыку абароны паўн.-зах. зямель Русі ад шведаў, якіх разбіў у Неўскай бітве 1240, пасля чаго стаў звацца Неўскім. Выйграў бітву супраць крыжаносцаў у Лядовым пабоішчы 1242. Імкнуўся ўстанавіць мірныя адносіны з Залатой Ардой. Маючы на мэце аб’яднанне сіл у барацьбе са шведска-ням. экспансіяй, падтрымліваў цесныя сувязі з Полацкам. У 1239 ажаніўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча. На адной з пячатак князя была выява конніка, якая нагадвала герб «Пагоня». Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой. У Расіі з 1725 і ў СССР з 1942 быў уведзены ваенны ордэн Аляксандра Неўскага.

Аляксандр Неўскі. Цэнтральная частка трыпціха П.​Дз.​Корына. 1942.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЗА ((Cuza) Александру Іаан) (20.3.1820, г. Бырлад, Румынія — 15.5.1873),

гаспадар (правіцель, князь) Злучаных княстваў Малдовы і Валахіі [1859—62], першы князь Румыніі [1862—66]. За ўдзел у рэв. руху 1848 змушаны малд. ўладамі эмігрыраваць (Вена, 1848—50). У 1858 як прыхільнік аб’яднання абодвух Дунайскіх княстваў выбраны дэп. сходу Малдовы і прызначаны нач. міліцыі. Пасля выбрання князем Малдовы (17.1.1859) і Валахіі (5.2.1859) абвясціў 24.1.1862 аб’яднанне гэтых княстваў у адзіную дзяржаву пад назвай Румынія. Пераўтварэнні К. і ўрада на чале з М.​Кагэлнічану (секулярызацыя царк. зямель 1863, агр. рэформа 1864) выклікалі супраціўленне баяр і кансерватараў. Скінуты ў выніку ваен. перавароту 23.2.1866.

Літ.:

Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 193—205.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),

князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЧЫСЛА́Ў,

князь полацкі ў 1230-я г. Жыў у Віцебску, выдаў сваю дачку замуж за наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага). Вяселлі адбыліся ў 1239 у Таропцы і Ноўгарадзе. Гісторыкі лічаць Брачыслава апошнім прадстаўніком дынастыі полацкіх Ізяславічаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (1190 ? — 31.5.1223),

князь дубровіцкі. Верагодна, сын кн. Глеба Юр’евіча з тураўскай дынастыі Ізяславічаў, зяць кіеўскага кн. Мсціслава Раманавіча. Упамінаецца ў летапісах з нагоды яго гібелі ў бітве рус. і палавецкіх князёў супраць мангола-татараў на р. Калка.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ-ЗІ́ГМАРЫНГЕНЫ (Hohenzollern-Sigmaringen),

каралеўская дынастыя ў Румыніі ў 1866—1947. Заснавальнік Караль I (Карл; 1866—1914; да 1881 князь, потым кароль) — нашчадак пабочнай лініі прускай каралеўскай дынастыі Гогенцолернаў. Яго пераемнікі: Фердынанд I [1914—27], Караль II [1930-40] і Міхай I [1927—30, 1940—47].

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі

(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),

вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д СВЯТАСЛА́ВІЧ,

князь Полацкай зямлі ў 12 ст. Сын кн. Святаслава Усяславіча. Названы ў «Жыціі Ефрасінні» (да 1187), дзе расказана пра паломніцтва Ефрасінні Полацкай у Палесціну з братам Давыдам. У Полацкай зямлі Давыд Святаславіч валодаў адным з удзелаў, магчыма, Віцебскім.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА,

слонімскі князь 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281. У саюзе з валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам і інш. князямі памагаў мазавецкаму кн. Кандрату (Конраду) у міжусобнай барацьбе з Баляславам Мазавецкім. Гэта адзінае сведчанне пра існаванне Слонімскага княства і яго князя.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)